Знайсці
23.08.2018 / 13:13РусŁacБел

Як знайсці кватэру ў Мінску?

Знайсці кватэру ў Мінску — праблема, з якой штодня сутыкаюцца дзясяткі, а то і сотні людзей, вымушаных арандаваць жыллё ў сталіцы. Тое, наколькі хутка будзе вырашана праблема і наколькі паспяховым акажацца вынік, залежыць ад шэрагу чыннікаў. У тым ліку ад умення правільна напісаць аб'яву і выразнага ўсведамлення, якія рэсурсы найбольш прыдатныя для прагляду чужых абвестак і размяшчэння ўласнай. Прапануем шэраг рэкамендацый, якія дапамогуць аблегчыць пошук жылля ў Мінску і зробяць намаганні ў гэтай справе максімальна выніковымі.

Стварэнне абвесткі

Пры стварэнні ўласнай абвесткі варта ўлічваць наступныя моманты:

  • Важна, каб абвестка была нешматслоўная і перадавала ўсю сутнасна важную інфармацыю (від жылля, пажаданая колькасць пакояў, цана, месцазнаходжанне, сямейнае становішча, гарантаванасць аплаты і г. д.).
  • Была напісана граматна. Верагоднасць таго, што непісьменны тэкст адштурхне патэнцыйнага арэндадаўцу, дастаткова высокая.
  • У некаторых выпадках не лішнім будзе падумаць пра крэатыўнасць падачы інфармацыі. Асабліва, калі аб’ява будзе размешчана ў тэматычным раздзеле па пошуку жылля. Гэта дапаможа не толькі вылучыць яе з шэрагу аднатыпнай інфармацыі, але таксама стане доказам таго, што абвестка была створана не агенцыяй, а чалавекам, які шукае жыллё для сябе.

Для стварэння крэатыўнай абвесткі неабавязкова спадзявацца выключна на ўласную фантазію і навыкі ў карыстанні графічных рэдактараў. Прыклады творчых абвестак пра пошук жылля можна падглядзець у аглядных матэрыялах, прысвечаных гэтай тэме (напрыклад, на onliner.by, citydog.by, infogra.ru і інш.)

Можна таксама стварыць абвестку, карыстаючыся адмысловымі электроннымі сервісамі: 

sosedi.flatfy.ru

canva.com

smore.com

simplebooklet.com

  • Мэтазгодна ад самага пачатку арыентавацца на некалькі пляцовак, а таму адразу ствараць некалькі абвестак, розных па змесце і форме падачы матэрыялу. Так, напрыклад, абвестка, разлічаная на сяброў у сацыяльных сетках, можа быць напісана больш эмацыйна, шчыра і падрабязна за тую, што напісана для сайтаў альбо на дошку аб’яў.

 Дзе шукаць абвесткі

1) Суполкі ў сацыяльных сетках. Найбольш такіх тэматычных груп можна знайсці ў Укантакце:

Здам/Здыму*Кватэру/Пакой Надоўга 

Зняць кватэру ў Мінску

Кватэры і пакоі ў Мінску БЕЗ Агентаў!арэнда 

Здаю, здыму кватэру ў Мінску без пасрэднікаў 

Зняць кватэру, пакой у Мінску 

 Відавочныя плюсы дадзенага спосабу:

  • магчымасць аператыўнай камунікацыі з тымі, чые абвесткі вас зацікавілі;
  • магчымасць адсочваць актуальнасць інфармацыі, попыт на прапанову (часта адлюстроўваецца ў каментарах).
  • наяўнасць візуальнай інфармацыі — большасць абвестак суправаджаецца адпаведнымі фотаздымкамі жылля, таму можна адразу ацаніць, наколькі прапанаваны варыянт будзе зручны для вас;
  • магчымасць азнаёміцца з персанальнымі старонкамі асоб, чые абвесткі вас зацікавілі, пазнаёміцца з іх густамі, ладам жыцця, поглядамі. Гэта дапаможа ацаніць, наколькі камфортна было б мець справу з канкрэтным чалавекам і ці ёсць верагоднасць не зжыцца разам.

2) Сайты прыватных абвестак:

kufar.by — рэсурс зручны тым, што ёсць магчымасць захаваць выбраны пошук, усе абнаўленні па запыце адразу бачныя. Не менш важна і тое, што можна азнаёміцца з профілем аўтара аб’явы. Калі, напрыклад, бачна, што нейкая асоба падала 10 абвестак і ўсе яны па арэндзе жылля, становіцца зразумелым, што гэта агент па нерухомасці.

onliner.by — дастаткова папулярны сайт, абвестка за гадзіну набірае да 500 праглядаў, адпаведна канкурэнцыя паміж тымі, хто шукае жыллё, дастаткова вялікая. Аднак несумленных агентаў, якія пад выглядам уласнікаў выстаўляюць абвесткі, хутка выкрываюць самі карыстальнікі, таму большая частка абвестак рэальная.

krama.nn.by — база прыватных абвестак «Нашай Нівы». Паколькі база пачала сваю дзейнасць адносна нядаўна, шанцы заўважыць абвестку і аператыўна адрэдагаваць на яе большыя ў параўнанні з іншымі, больш вядомымі, рэсурсамі.

Дзе змясціць уласную абвестку

  • На прыватных старонках сацыяльных сетак і ў тэматычных групах. Дадзены крок дазволіць аператыўна апавясціць пра праблему ўласных падпісчыкаў, сярод якіх могуць быць патэнцыйныя арэндадаўцы і «сябры па няшчасці», а таксама, шляхам перапостаў, аператыўна пашырыць інфармацыю на вялікую аўдыторыю.
  • На дошках аб’яваў ля ўваходу ў пад’езд. Дадзены метад хоць і стары, але ўсё яшчэ дзейсны. Асабліва прыдатны ён будзе для тых, хто мэтанакіравана шукае жыллё ў пэўным раёне (недалёка ад месца вучобы, працы, раёне, зручным па размяшчэнні да лініі метро і інш.).
  • Электронныя рэсурсы для прыватных абвестак. Напрыклад, пералічаныя вышэй kufar.by, onliner.by, krama.nn.by. Тут можна не толькі сачыць за чужымі абвесткамі, але таксама размясціць сваю.

 Пошук жылля — справа амаль заўсёды нялёгкая, і варта ад пачатку ўсведамляць, што, магчыма, давядзецца патраціць на яе значную колькасць часу, сіл і ўвагі. Таму, каб у выніку ўсё ж такі атрымаць жаданы спакой і камфорт, лепш за ўсё адразу задзейнічаць максімальную колькасць варыянтаў пошуку і не шкадаваць на гэта часу і высілкаў.

Ганна Валодзіна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930