Знайсці
15.08.2018 / 13:282РусŁacБел

«У нас акцёры на пенсію не выходзяць, іх выносяць». 10 выказванняў Мікалая Кірычэнкі пра каханне, тэатр і самае галоўнае ў жыцці

Беларусь стала бяднейшай на аднаго таленавітага чалавека: пайшоў з жыцця народны артыст, купалавец Мікалай Кірычэнка. Калегі, вучні і гледачы, якія любілі яго і ў ролі Ягайлы, і ў ролі маёра МГБ, і ў ролі баярына Хадасевіча, згадваюць, якім ён быў цудоўным артыстам і чалавекам. У яго скарбонцы больш за 80 разнастайных роляў не толькі ў тэатры, але і ў кіно.

Цяпер нават не верыцца, што ён мог працаваць інжынерам: бацька-вайсковец не разумеў сэнсу ў прафесіі акцёра. А паступленне ў тэатральны давалася яму цяжка, бо не ўсе бачылі, як ён зможа трапіць у вобраз з яго змяшанай, «нетыповай» армянска-ўкраінскай знешнасцю.

У памяць пра артыста сабралі яго жыццёвыя выказванні з гутарак розных год.

Пра падабенства з Чэлентана

«Мне многія казалі, што я падобны да Чэлентана. Спачатку я адказваў: гэта ён да мяне падобны. Але калі першы раз убачыў яго ў фільме «Блеф», мне стала не па сабе. Не толькі фізічнае падабенства ёсць, але нават у манеры гаварыць, усміхацца. Праўда, старэлі мы па-рознаму».

Пра рэвалюцыйнасць

«У 60-я я быў сярод шасцідзясятнікаў. Гэта было неймаверна! Жылі нейкімі рэвалюцыйнымі ідэямі, думкамі. Развянчалі культ асобы, пайшла такая хваля: Вазнясенскі, Раждзественскі…»

Пра свой характар

«Я не магу махнуць рукой на нешта і забыць. Доўга калупаюся ў тым, што адбылося, думаю і перажываю па сто разоў. Раеўскі ў нейкім інтэрв'ю сказаў: «Кірычэнка — ды ён дзіця». Калі замест «Вітаю, Кіруша!» калега скажа мне нешта рэзкае, я ўвесь дзень буду думаць, чым жа я яго пакрыўдзіў?»

Пра хваляванне

«Зрабіць крок на сцэну кожны раз цяжка. Вы б бачылі, як хвалявалася перад выхадам легендарная Стэфанія Станюта! Аднойчы перад спектаклем «Гаральд і Мод» яна стаяла за кулісамі ў такіх збянтэжаных пачуццях, што мне нават прыйшлося нахабна раўнуць, каб яна выйшла са ступару. Гэта хваляванне азначае, што ты акцёр, а не рамеснік».

Васіль, «Вечар» А. Дударава. Фота: kupalauski.by.

Пра маладое пакаленне

«Я заўсёды баюся параўноўваць пакаленні. З таго, што звязана з сённяшняй моладдзю, шмат чаго не разумею. Але не бяруся казаць, што раз гэта не так, як у нас, то першапачаткова дрэнна. Часам на занятках у Акадэміі мастацтваў я бачыў нейкія праявы гэтай моладзі і думаў: я б так не зрабіў. А потым разумеў, што проста не дадумаўся б! У іх іншы спосаб мыслення, іншыя мазгі. Мяне насцярожвае некаторая «кліпавасць» іх існавання. Тое, як неглыбока яны падыходзяць да майстэрства. Здаецца, вучыцца на акцёра проста: ніякай табе матэматыкі. Але акцёр працуе 24 гадзіны ў суткі».

Пра выбар

«Паміж сям’ёй, сяброўствам і тэатрам я абіраю тэатр. Не таму, што я дрэнна стаўлюся да сям'і і сяброў. Я іх люблю — і ўсё. Але для мяне жыццё — гэта тэатр. Мой настаўнік сказаў геніяльную фразу: «Калі па дарозе ў тэатр вас саб'е машына, то перад тым, як памерці, трэба падысці да тэлефона-аўтамата, патэлефанаваць у тэатр і папрасіць прабачэння за сваю адсутнасць».

Мнішак, «Чорная панна Нясвіжа» А. Дударава. Фота: kupalauski.by.

Пра смерць тэатра

«Я памятаю такія трывожныя 90-я гады, калі глядач, быццам бы кудысьці… праблемы былі. Глядач менш стаў хадзіць у тэатр — клопату больш, яшчэ нейкія праблемы вырашаюцца. Але тэатр ніколі не памрэ, ніколі! Ён можа відазмяняцца, можа цікавасць да яго павышацца, могуць быць нейкія незразумелыя перыяды. Можа, эканамічныя нейкія сітуацыі. У тэатр сталі менш хадзіць, кажуць. А потым глядзі: квіткоў — не купіць, не дастаць. Квіткі за месяц прадаюцца. Таму да гэтага трэба ставіцца нармальна. Нармальна гэта. Але тэатр не памрэ».

Пра праблемы ў культуры

Падчас сваёй працы дырэктарам Купалаўскага тэатра, 2005—2009 гг.. «Трэба вырашаць і творчыя, і сацыяльныя праблемы акцёраў. Нізкія заробкі прымушаюць кідацца ў пошуках заробку, каб жыць годна. Маладым акцёрам няма дзе ствараць сям'ю, дзе гадаваць дзяцей, няма дзе працаваць над роллю, няма дзе адпачыць. Артыстам, не толькі купалаўскім, трэба нейкае сацыяльнае жыллё. З заробкамі нашых артыстаў нават ільготны крэдыт выплачваць праблематычна».

Пра формулу кахання

«Вось вы ўсё формулу (кахання) шукаеце: як трэба, што рабіць, дзе знайсці? А навошта? Проста жывіце і беражыце адзін аднаго. У нашай сям’і імкнёмся не рабіць адно аднаму балюча не толькі з-за сябе, але і з-за нашай дачкі, для якой любая сварка — кожны раз як удар па сэрцы».

Пра пенсію

У мяне адзін раз спыталі: «Вы ўжо пенсіянер, а што вы ўсё працуеце?» А я кажу: «У нас акцёры на пенсію не выходзяць, іх выносяць».

Развітанне з Мікалаем Міхайлавічам Кірычэнкам адбудзецца 16 жніўня на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. Пачатак развітання а 10-й гадзіне, грамадзянская паніхіда — а 12-й. Пахаванне адбудзецца на Маскоўскіх могілках.

nn.by, фота з серыі Максіма Карасцялёва 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930