Знайсці
13.08.2018 / 16:5624РусŁacБел

Яго ссылаюць у Оршу. Хто такі міністр прамысловасці Віталь Воўк?

Падчас наведвання Оршы кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка вельмі рэзка выказаўся аб перспектывах міністра прымысловасці Віталя Воўка: «У яго адзін выбар — альбо ў турму, альбо ў Оршу».

У эфіры дзяржаўных тэлеканалаў прагучала яшчэ адна фраза, накіраваная міністру: «Ад заўтрашняга дня сюды. На якую пасаду, вызначым». Атрымліваецца, што ўжо цягам найбліжэйшых дзён міністр прамысловасці можа страціць сваё месца.

Віталь Воўк. Фота sb.by.

Хто ж такі Віталь Воўк? Гэта далёка не самы прыкметны і адметны лукашэнкаўскі міністр. Хай на сваёй пасадзе ён ужо болей за чатары гады, згадваюць Ваўка вельмі рэдка.

Віталь Воўк нарадзіўся ў 1962 годзе ў Калінкавічах. Гэты раённы цэнтр на Гомельшчыне адметны вялікай колькасцю чыноўнікаў. Адсюль віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Будучы міністр хадзіў у школу №3 горада Калінкавічы. Цяпер ён штогод наведвае яе падчас суботнікаў. Сёлета падарыў сваёй школе тэлевізар, а таксама саджаў на падворку туі.

«Так, сёння ёсць праблема малых гарадоў, і асабліва малых вёсак. І вельмі хочацца, каб гэтыя хлопцы і дзяўчаты мелі будучыню, перш за ўсё, на сваёй малой радзіме. Не толькі магчымасць атрымаць адукацыю і добрую прафесію, але і годную працу, пабудаваць дом або кватэру. І каб іх дзеці і ўнукі нарадзіліся і раслі на гэтай зямлі. І калі так складзецца, што яны апынуцца удалечыні ад малой радзімы, то ім было б да каго прыязджаць сюды», — казаў Воўк у Калінкавічах.

У інтэрв’ю «Советской Белоруссіі» міністр крыху расказваў пра свае дзіцячыя захапленні.

«Тэхніку любіў з дзяцінства. Асабліва аўтамабілі. Таму заўсёды марыў працаваць менавіта на аўтамабільным заводзе. Мяне па размеркаванні хацелі адправіць на «Гомсельмаш», бо я сам з Гомельскай вобласці. Але я ўсё ж такі размеркаваўся на МАЗ. Там я трапіў на спецвытворчасць у 1984 годзе, дзе была вельмі добрая школа, выдатная сістэма падрыхтоўкі кадраў, высокая адказнасць», — згадваў чыноўнік.

Воўк скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Аўтамабілі і трактары» (1984). Затым 17 гадоў адпрацаваў на МАЗе і Мінскім заводзе колавых цягачоў.

Папрацаваў крыху ў прыватнай сферы. Ад 2001 да 2006 быў генеральным дырэктарам «Юкола-Сэрвіс» і «Юкола-Мотарс». Пасля гэтага зноў вяртаецца на Мінскі завод колавых цягачоў. Гэтае прадпрыемства, дарэчы, цалкам належыць Вайскова-прамысловаму камітэту і мае стратэгічнае значэнне для краіны. У 2011 пры прызначэнні Ваўка дырэктарам завода яго прадстаўляў асабіста кіраўнік ВПК Сяргей Гурулёў.

Напрыканцы 2014 года Віталь Воўк стаў міністрам прамысловасці, змяніўшы на гэтай пасадзе Дзмітрыя Кацярыніча.

Сябе Віталь Воўк называе «не строгім, але справядлівым» кіраўніком. «Не падабаецца мне, калі чалавек не трымае слова. Асабліва калі гэта кіраўнік. У маім разуменні такая рыса не павінна быць ўласцівая кіраўніку. Калісьці купецкае слова было мацнейшым за любыя сучасныя дамовы. У савецкі час гэта было слова дырэктара. Не трэба было ніякіх загадаў, папер», — казаў Воўк.

Міністр расказваў, што працуе шэсць дзён у тыдзень ад 7 раніцы да 21 вечара. «І без адпачынку ўжо тры гады. На заводзе ў нас заўсёды наконт адпачынку жартавалі. Калі прыходзілі падпісваць адгулы, начальнік пытаўся, чаго ў адгул пойдзеш — лепш прыплюсуй да адпачынку. А потым — навошта табе адпачынак? Раней на пенсію выйдзеш», — смяяўся Воўк.

Расказваў, што ягоная жонка цярпліва ставіцца да такога напружанага графіку. Скардзіўся, што не заўсёды хапала часу на выхаванне дзяцей. Калі Воўк працаваў на заводзе цягачоў, то ў суботу ездзіў на базу адпачынку пад Асіповічамі на рыбу. А цяпер, маўляў, часу хапае толькі на тое, каб выгуляць сабаку вечарам.

«Люблю бываць на заводах. Часам проста саджуся ў машыну і еду глядзець, хто як працуе», — казаў міністр.

Віталь Воўк атрымліваў з рук Аляксандра Лукашэнкі Ордэн Пашаны. Падчас яго працы міністрам выйшлі з канвеера першыя аўтамабілі завода «Белджы» пад Барысавам. Зрэшты, Воўк анансаваў, што можа быць створаны і цалкам уласны беларускі легкавы аўтамабіль. Цалкам рэальна, што цяпер гэтую задачу паручаць ужо новаму кіраўніку ведамства.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930