Знайсці
13.08.2018 / 12:4116РусŁacБел

Віктар Марціновіч пра «справу БелТА»: Кожная гадзіна наяўнасці гэтай справы падрывае пазіцыі ў гандлі з Расіяй

Фота Станіслава Шаршукова

Самае шкоднае, што можна рабіць, папаўшы пад раздачу, — займацца самазаспакаеннем. Шаптаць, што сітуацыя — эксцэс выканаўцы, валіць усё на стараннасць умоўнага следчага, запэўніваць родных, што тут няма ніякай палітыкі, толькі невялічкае правапарушэнне і справядлівая рэакцыя сістэмы.

Калі ўсё сапраўды так, калі гэта проста опер нешта выпадкова пачуў і расшыфраваў, дык патлумачце: а чаго ён наогул слухаў? Крымінальнай справы яшчэ не было. Аўдыяфрагменты, прадэманстраваныя грамадскасці, — вынік фільтравальнай працы жывога чалавека, хутчэй за ўсё — каманды жывых людзей. Каб выхапіць іх, патрэбна было патраціць да халеры чалавека-гадзін. То тут не проста слухалі, як слухаюць і запісваюць усіх. Тут старанненька шукалі.

А шукаць пачынаюць тады, калі ўзнікае інтарэс.

Далей — дзве спекуляцыі.

Першая: інтарэс узнік таму, што наперадзе важныя палітычныя кампаніі, і грамадству трэба паказаць, што СК можа прыйсці нават у Тутбай і БелаПАН. Не гаворачы ўжо пра падворак блогера, які шчыруе для канала на YouTube.

Другая: інтарэс узнік і таму яшчэ, што за апошнія 10 гадоў пад бокам у тэлебачання, якое ніхто не глядзіць і дзяржаўных газет, якія чытаюць толькі тады, калі яны ўкусяць каго з вядомых у сеціве персанажаў, узнікла сіла, якая ўплывае на настроі паловы насельніцтва рэспублікі. Крымінальная справа скіраваная на тое, каб з гэтай сілай разабрацца. Не «прыпужаць», бо рэдактары і ўладальнікі і так людзі вельмі асцярожныя. А менавіта «разабрацца». Змяніць рэдактара — бо артыкул, па якім выстаўленыя абвінавачанні дапускае забарону на ўтрыманне пасадаў у медыях на пэўны час (схема Lenta.ru-2014). Ці змяніць уласнікаў (схема НТВ-2001).

Пішу гэта для таго, каб калегі і тыя ўплывовыя асобы, якім неабыякавы лёс партала і агенцтва навін, добра разумелі, да чаго ўсё ідзе, і выбудоўвалі стратэгію адпаведна.

Калі б задача была толькі «прыструніць», крымінальная справа была б ужо закрытая ці перакваліфікаваная ў адміністратыўную.

Бо кожная гадзіна наяўнасці гэтай справы падрывае пазіцыі Беларусі ў гандлі з Расіяй — гандлі, які робіцца галоўнай праблемай нацыянальнай бяспекі і асноўным фактарам выбудовы палітычнай будучыні краіны.

Справу не закрываюць. Болей за тое, цяпер у следчых ёсць шмат новых матэрыялаў для вывучэння, адна карпаратыўная пошта чаго вартая. У гэтых матэрыялах, як гэта часцяком бывае ў працэсуальнай практыцы апошніх гадоў, могуць паспрабаваць знайсці нешта зусім новае. І так — да пераможнага канца, да выканання мэтаў, якія пазначаныя ў папярэдніх абзацах.

Цяпер пра прагнозы. У мяне ёсць упэўненасць, што сённяшняя Беларусь на фоне навінаў пра пазбаўленне Расіяй крэдытнай падтрымкі і скасаванне нафтавай лафы не можа сабе дазволіць тое, што дазволіў сабе Крэмль ў 2001-м, калі НТВ перайшло ад групы МОСТ да Газпрама, ці тое, што адбылося ў 2014-м, калі Галіна Цімчанка была выціснутая з Lenta.ru. Пры наяўнасці дастатковай палітычнай стараннасці і Тутбай, і БелаПАН можна абараніць.

Галоўнае не рабіць выгляд, што вы самі паверылі, нібыта праблема — толькі ў тым, пра што гаворыцца афіцыйна. Важна — не здаваць сваіх. Бо інакш вас вось з такім жа сур’ёзнымі тварыкамі і асудзяць, дадаўшы пра прызнанне віны і згоду з высновамі следства.

Беларусь — краіна, у якой не працуюць логіка і навука. Ні добрая адукацыя, ні абазнанасць у Арэндт не дазволяць наблізіцца да прадбачання наступных крокаў улады. Адзіны шлях зразумець Беларусь — назіраць за нашым Gogol Bordello вельмі доўга. Вось чаму я звяртаю першасную ўвагу на допісы тых маіх сяброў, якія памятаюць, хто такая Тамара Віннікава. Што праўда, з кожным годам жаданне выказвацца робіцца ўсё меншым. Бо сумна ж глядзець, як краіна ходзіць па коле, выкладзеным граблямі. І зноў, і зноў знаходзяцца энтузіясты, гатовыя «не пабачыць у гэтым палітыку», абвінаваціць выканаўцаў, «не звязаць з выбарамі» і г. д.

Дык вось, з вопыту сядзення ля гэтага вогнішча: «праполка» поля заўсёды канчаецца за 6-7 месяцаў да дня галасавання. А напярэдадні згортвання яна дасягае найвялікшай лютасці.

Памятаеце, у 2010-м вобшукі па ўсёй краіне ў «Гавары праўду»? Яны былі ў траўні, выбары — у снежні. І вось ад траўня і ажно да самага 19-га чысла ў эфіры стаялі прыгажосць, братэрства і «лібералізацыя». Так будзе і тут. Гэтая справа не можа цягнуцца «месяцы і гады». Яна можа цягнуцца роўна да абвяшчэння наступнай кампаніі. Далей — чытайце эканамічныя раздзелы навін і калькулюйце самі.

На канец пакіну галоўнае.

Італьянскі пісьменнік Умбэрта Эка некалькі гадоў вёў калонку «La bustina di minerva» пра палітычную штодзённасць Еўропы ў часопісе L’Espresso. Менавіта Эка, (а не Браян Флемінг ці Скот Яспер) быў першым, хто наблізіўся да фармулявання паняцця «гібрыднай вайны». У сваіх выказваннях пра адрозненні «пра-пра-войнаў» і «новых войнаў» ён намацаў новы від канфліктаў, які не прадугледжваў класічнага ваеннага ўварвання, але выкарыстоўваў іншыя інструменты — такія, як падтрымка паўстанцаў, медыйны шум і г. д.

Дык вось, апошнім часам у свеце, прынамсі ў нашай яго частцы, я бачу паўставанне з’явы, якую можна было б назваць «гібрыдным правасуддзем». Калі сутнасць юрыдычных прэтэнзій старанна хавае матывы іх узнікнення. Калі няма класічнага пакарання няўгодных дысідэнтаў ці занадта смелых палітыкаў за тое, што яны склікалі мітынг ці напісалі ў Твітары.

Не, цяпер Пушкіна не высылалі б у Міхайлаўскае за «вазьмуціцельныя вершы»! Цяпер у ягоным мабільніку знайшлі б фотаздымкі аголенай сялянкі Вольгі Калашнікавай, узламалі б яму Фэйсбук, выклалі фоткі ў стужку і асудзілі на 3 гады хіміі ва Усурыйску за распаўсюд прадукцыі эратычнага зместу. Прычым на прысудзе настаяў бы духоўны Сінод, а Ягоная Вялікасць Аляксандр Першы быў бы ну зусім ні пры чым.

Калі трэба нейтралізаваць Аляксея Навальнага, узнікае справа «Кіраўлеса». Калі трэба напужаць занадта смелую расійскую моладзь, якая заладзіла бегаць па мітынгах Навальнага, узнікае страшны кейс «Новай велічы». І ўсе: насельніцтва, адвакаты, медыі, Захад — разумеюць, што фігуранты проста трапілі пад абстрэл. Але яны сядуць і будуць сядзець, бо такія цяпер тэхналогіі.

І можна перамагчы ў адной зарубе, можна вызваліцца ад адных кафкіянскіх абвінавачванняў, але пакуль жывы сам падыход, пакуль працуе «гібрыдная Феміда», ты ніколі не будзеш да канца невінаватым.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031