Знайсці
12.08.2018 / 21:1132РусŁacБел

Карлюкевіч: Мне асабіста хацелася б, каб часцей гучала беларуская мова

Аб праграме Дня беларускага пісьменства ў 2018 годзе, беларускай мове ў літаратуры і СМІ, самых папулярных выданнях тэлеканалу СТБ распавёў міністр інфармацыі, пісьменнік Алесь Карлюкевіч.

— Аляксандр Мікалаевіч, набліжаецца верасень, пачатак навучальнага года і наша любімае свята — Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ў Іванаве. Скажыце, чым парадуеце?

— Вельмі хвалюючае свята. Спадзяюся, не толькі для тых, хто працуе ў Міністэрстве інфармацыі, галіне айчыннага кнігадрукавання, але ўвогуле для ўсіх жыхароў нашай краіны, для ўсіх грамадзян. Па традыцыі напярэдадні Дня беларускага пісьменства пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу, які ажыццяўляецца Міністэрствам адукацыі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Міністэрствам інфармацыі і Сталічным тэлебачаннем, дарэчы. Гэта конкурс найлепшых чытальнікаў «Жывая класіка».

— На Дні беларускага пісьменства далёка не заўсёды масава чуеш беларускую мову. Скажыце, вас гэта не бянтэжыць?

— Ніколькі. У кожнага ёсць свой выбар. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і кожны прымае сам рашэнне. Мне асабіста хацелася б, каб часцей гучала беларуская мова. Я спадзяюся, што ў сувязі з запатрабаванасцю грамадства, у сувязі з новымі пэўнымі адметнасцямі ў школьнай адукацыі, магчыма, мова будзе гучаць і часцей.

Але калі гаварыць пра кнігавыданне айчыннае, калі гаварыць пра беларускі перыядычны друк, то дзяржава прыкладае вельмі шмат намаганняў, каб беларуская мова гучала ўсё шырэй і шырэй.

Сёння пры тых 10—11 тысячах назваў кніг штогод прыблізна выпускаецца да 30% кніг на беларускай мове. Перыядычныя выданні, літаратурна-мастацкія часопісы, культуралагічныя выданні ў большай ступені выходзяць якраз на беларускай мове. Калі ўзяць адукацыйныя выданні, яны таксама звязаны з беларускай мовай як з носьбітам нашай нацыянальнай культуры і нашай нацыянальнай свядомасці.

— А наколькі яны запатрабаваныя?

— Я лічу, што гэта залежыць ад зацікаўленасці кожнага грамадзяніна, ад яго свядомасці, ад яго пэўных прыярытэтаў — грамадскіх, культуралагічных, нацыянальных.

Я ведаю, што ў «Белкнізе» складаюцца пэўныя рэйтынгі. Хачу прывесці такі прыклад, што сярод лідараў кніг на беларускай мове выданне, адрасаванае школьнікам, дзецям — «Дзіцячы атлас Беларусі». За першае паўгоддзе больш за 500 асобнікаў гэтай кнігі, літаральна выпушчанай летась, было прададзена ў сістэме толькі «Белкнігі».

А калі гаварыць пра класіку, то попытам карыстаюцца па-ранейшаму кнігі Уладзіміра Караткевіча.

— Нацыянальная літаратурная прэмія пройдзе ў рамках Дня беларускага пісьменства.

— Дакладней будзе падсумоўванне вынікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Гэтая прэмія стала больш важкай па свайму насычэнню, пісьменнікі атрымаюць больш высокіх узнагарод у матэрыяльным плане, чым летась. У Нацыянальнай літаратурнай прэміі свой удзел засведчылі недзе больш 70 аўтараў. Іх кнігі разглядаюцца ў розных намінацыях. Я спадзяюся, у верасні і ў кастрычніку і чытачы, і крытыкі будуць шмат гаварыць пра тыя творы, якія адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Мне здаецца, што гэта важкі дзяржаўны праект.

— Папраўкі ў закон аб СМІ ўступяць у сілу з 1 снежня. Апошняя версія дакумента, напэўна, як мага лепш паказала, што ўдасца дасягнуць згоды?

— Мне здаецца, што тыя крокі, якія былі зроблены ўвогуле журналісцкай супольнасцю, яны спрыяюць кансалідацыі і самой супольнасці, і самога грамадства. Хаця, безумоўна, калі гаварыць пра тыя заканадаўчыя папраўкі, якія пачнуць працаваць з 1 снежня, то мне здаецца, што ёсць нам яшчэ над чым працаваць. І, безумоўна, хацелася, каб грамадскія журналісцкія арганізацыі ўносілі ініцыятывы, каб мы рухаліся далей.

— А што далей? Над чым цяпер працуеце ў плане заканадаўства?

— Калі гаварыць пра міністэрства, то, безумоўна, мы лічым, што ёсць цэлы шэраг момантаў, якія звязаны з тымі ж фэйкамі, з той жа тэрміналогіяй у адносінах да ўдзельнікаў медыйнай прасторы. Мне здаецца, трэба вярнуцца да разгляду самога тэрміна фрылансер і больш грунтоўна пагаварыць пра гэта і прыўнесці пэўныя ініцыятывы. Мы будзем вельмі шырока прыслухоўвацца да журналісцкай грамадскасці ў вызначэнні ўсіх гэтых пазіцый.

— Для нас як для тэлебачання асабліва важнае паняцце нацыянальнага тэлевізійнага кантэнту.

— Закон, які будзе дзейнічаць з 1 снежня, дастатковы, каб вызначыцца з разуменнем нацыянальнага тэлевізійнага прадукту, нацыянальнага тэлевізійнага кантэнту. Зараз будзе распрацаваны ў дадатак да закона яшчэ шэраг нарматыўных дзяржаўных актаў. І адзін з іх — гэта пастанова Савета Міністраў — будзе прысвечана выключна нацыянальнаму тэлевізійнаму кантэнту. Над ім зараз працуюць супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, і над ім зараз працуе журналісцкая тэлевізійная супольнасць.

Літаральна ў найбліжэйшы час праект гэтай пастановы будзе ўнесены як праект. І папярэдне, я яшчэ раз паўтаруся, мы яго шырока будзем амбяркоўваць.

Паводле ctv.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера