Знайсці
11.08.2018 / 09:562РусŁacБел

У Бухарэсце — шматтысячная акцыя пратэсту, пацярпелі 440 чалавек

440 ўдзельнікам антыўрадавай маніфестацыі ў Бухарэсце, у тым ліку 24 жандарам, была аказана медыцынская дапамога, 65 чалавек трапілі ў бальніцу, паведамляюць інфармагенцтвы.

Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс асудзіў разгон акцыі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы напісаў у пятніцу ў сваім Фэйсбуку.

«У сапраўднай дэмакратыі кожны чалавек мае права пратэставаць, а гвалт недапушчальны, незалежна ад палітычных пазіцый, — падкрэсліў ён. — Я цвёрда асуджаю жорсткае, зусім непрапарцыйнае ў адносінах да паводзін большасці людзей на плошчы Вікторыі ўмяшанне жандармерыі. Спроба здушыць волю людзей гвалтоўнай рэакцыяй сіл правапарадку — гэта рашэнне, вартае асуджэння. Міністр унутраных спраў павінен тэрмінова даць тлумачэнні ў сувязі з тым, як яна [жандармерыя] каардынавала падзеі гэтым вечарам».

10 жніўня ўвечары жандармерыя з дапамогай гранат са слезацечным газам і вадамётаў разагнала антыўрадавую маніфэстацыю, у якой бралі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек.

Ініцыятарамі антыўрадавай акцыі пратэсту пад лозунгам «Дыяспара дома!» былі румыны, якія жывуць і працуюць за мяжой. Яны патрабуюць адстаўкі левацэнтрысцкага ўрада і датэрміновых выбараў (гэта значыць, ліквідацыі цяперашняй парламенцкай большасці).

Ад 3 да 5 млн румын выехалі на заробкі за мяжу, галоўным чынам у заходнееўрапейскія краіны. Многія з іх сцвярджаюць, што пакінулі Румынію з-за карупцыі, нізкіх заробкаў і адсутнасці перспектыў.

Тут лічыцца, што тыя, хто жыве і працуе за мяжой, — гэта ў асноўным электарат правай апазіцыі. Так, на прэзідэнцкіх выбарах 2014 года Клаўс Ёханіс нечакана перамог, дзякуючы галасам дыяспары. Многія эксперты, аднак, адзначаюць, што вялікую частку ўдзельнікаў акцыі пратэсту складалі мясцовыя жыхары.

У Румыніі правацэнтрысцкі прэзідэнт Ёханіс суіснуе з левацэнтрысцкімі парламенцкай большасцю і ўрадам.

Гэта палітычнае супрацьстаянне прыняло, галоўным чынам, форму барацьбы з карупцыяй. За апошнія некалькі гадоў румынскія пракуроры адправілі за краты шматлікіх чыноўнікаў і бізнесменаў, у большасці сваёй сацыял-дэмакратаў. У сваю чаргу, левыя абвінавачваюць прэзідэнта ў перавышэнні ўладных паўнамоцтваў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера