Знайсці
10.08.2018 / 14:46148РусŁacБел

СМІ: Расія прыпыняе бязмытную пастаўку нафтапрадуктаў Беларусі і крэдыты

Расія прыпыніла прадастаўленне крэдытаў Беларусі і мае намер абмежаваць Мінску бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу з чацвёртага квартала 2018 года, спасылаючыся на страты свайго бюджэту, сведчаць пратакол змяненняў да двухбаковай міжурадавай дамовы і тлумачальная запіска «Белнафтахіма», копіі якіх мае агенцтва Ройтэрз.

«Расійскі бок ініцыяваў спыненне практыкі бесперашкоднага вывазу з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў, матывуючы гэта стратамі расійскага бюджэту ва ўмовах павелічэння аб'ёму іх вывазу», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратакола змяненняў міжурадавай дамовы, падпісанай намеснікам кіраўніка «Белнафтахіма» Андрэя Рыбакова.

З гэтай прычыны «часова заблакаваны перавод Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, у ліпені 2018 прыпыненая выплата па так званым механізме «перамытнення», а таксама прыпыненая праца па прадастаўленні у 2019 годзе Беларусі дзяржкрэдыту да $ 1 мільярда».

У дакуменце адзначаецца, што Расія чакае кампенсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты. «Аднаўленне далейшага супрацоўніцтва … расійскі бок увязвае з вырашэннем пытання па ўвядзенні забароны на вываз нафтапрадуктаў з РФ у Рэспубліку Беларусь і кампенсацыі страт расейскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты», — адзначаецца ў запісцы Рыбакова.

Крыніца ва ўрадзе Расіі пацвердзіла Ройтэрзу, што Масква заклапочана ростам паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, ад якога церпіць расійскі бюджэт. «Выраслі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь … Паколькі гэта бязмытныя пастаўкі — для Расеі гэта выпадаючыя прыбыткі. Цяпер ідзе дыскусія, каб унесці нейкія абмежавальныя меры для таго, каб гэтую сітуацыю выключыць», — адзначыла яна.

Міністэрства фінансаў Беларусі адмовілася ад каментароў, міністэрствы фінансаў і энергетыкі РФ таксама не сталі каментаваць сітуацыю.

Еўразійскі фонд ухваліў крэдыт Беларусі на $ 2,0 мільярды ў 2016 годзе. На гэты момант Менск атрымаў пяць траншаў на $ 1,6 мільярда і разлічваў атрымаць шосты на $ 200 мільёнаў у канцы мінулага года, і сёмы, на тую ж суму, у першым квартале гэтага. Аднак фонд адклаў выдачу шостага траншу з-за таго, што, на яго думку, Беларусь не выканала ўмовы яго прадастаўлення.

У 2017 годзе РФ і Беларусь дамовіліся пра пастаўку ў адрас Белнафтахіма 24 мільёнаў тон нафты ў год у рамках індыкатыўнага балансу, з якіх фактычна пастаўляецца 18 мільёнаў тон нафты, а за недапастаўленых 6 мільёнаў тон Масква абавязалася кампенсаваць Мінску выпадаючыя прыбыткі ад экспартнага мыта, згодна з разліковым механізмам, які мае назву «перамытненне».

Асноўнай умовай кампенсацыйных выплат было вяртанне пазык Маскве за пастаўкі газу, якія неаднаразова затрымліваліся, піша Ройтэрз.

Новая версія міжурадавай дамовы прадугледжвае ўвядзенне забароны на экспарт нафты, нафтапрадуктаў і іншых тавараў, якія перавышаюць аб'ёмы індыкатыўнага балансу.

Расея фактычна даціруе ўрад Аляксандра Лукашэнкі шляхам пастаўкі нафты і газу па зніжаных цэнах. Найбольшае фінансавае значэнне для Беларусі маюць пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў. Агульную суму датацый вылічыць не проста, бо сусветныя цэны на сыравіну вагаюцца, але эксперты сыходзяцца ў тым, што агулам «датацыя» складае некалькі мільярдаў даляраў за год».

Аналагічныя канфлікты паміж Беларуссю і Расіяй здараліся і раней. Напрыклад, шмат шуму было вакол паставак з Беларусі нафтапрадуктаў на экспарт пад выглядам растваральнікаў. Але канчатковым вынікам канфліктаў звычайна было нязначнае змяненне сум датацый, бо Расея мае патрэбу ў Беларусі як у палітычным і вайсковым саюзніку і мае свабодныя фінансавыя сродкі.

nn.by; фота kremlin.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера