Знайсці
10.08.2018 / 16:279РусŁacБел

«Жыў у трохпавярховым асабняку ля возера». 19-гадовы гулец, абраны на драфце НХЛ, — пра Канаду і Беларусь

У чэрвені 19-гадовы абаронца Уладзіслаў Яроменка быў выбраны «Нэшвілам» на драфце НХЛ. «У Паўночнай Амерыцы зразумеў: усё магчыма. Працаваць трэба будзе яшчэ шмат, але ведаю, дзеля чаго», — дзеліцца эмоцыямі малады беларус. SPORT.TUT.BY пагаварыў з ім пра два гады ў Канадзе, бясконцыя пераезды і самастойнае жыццё ў 15 гадоў.

Фота з асабістага архіва Улада Яроменкі

Шэсць школ, Яраслаўль, шахматы

Хакей прысутнічаў у жыцці Улада Яроменкі з дзяцінства. Дома, у Віцебску, тата часта глядзеў матчы па тэлевізары, а маленькі Улад прасіў яго пераключыць канал.

— Не адразу спадабаўся гэты від спорту. Калі мне споўнілася шэсць, бацька прапанаваў заняцца хакеем. Не памятаю чаму, але я пагадзіўся.

Яроменка займаўся з хлопцамі старэйшымі за яго на год-два. Двойчы ў дзень ездзіў на трэніроўкі. Прызнаецца, што праз пару гадоў такі графік пачаў стамляць.

— Блізкія пыталіся: «Ты што, стаміўся ад хакея?» З аднаго боку, разумеў, што хачу займацца і далей, а з іншага — энтузіязму бракавала, — кажа абаронца.

— У хакеістаў вельмі складаны шлях. Каб дасягнуць як мінімум таго, што ёсць у мяне сёння, трэба прайсці ўсе гэтыя перадсезонкі, трэніроўкі «на зямлі», бег па лёдзе… Яшчэ раз я б дакладна не стаў на гэта падпісвацца. Хакей — фізічнае і маральнае выпрабаванне. Напэўна, цяпер на месцы сябе 6-гадовага я б выбраў іншы спорт, шахматы якія-небудзь ці проста сканцэнтраваўся б на вучобе.

Але ў той перыяд Улад усё ж працягнуў займацца хакеем. Шэсць разоў за 11 гадоў мяняў школы ў пошуках той, якая дазволіць сумяшчаць вучобу з трэніроўкамі.

— Былі пераезды ў іншыя гарады і за мяжу. Памятаю, у 14 гадоў адправіліся з бацькамі на прагляд у яраслаўскі «Лакаматыў». Мне і майму добраму сябру Янку Драздову прапанавалі застацца там на год. Нашы бацькі пазменна жылі з намі, чаргаваліся: то мае месяц у Расіі, то Ваневы. Па сутнасці, іх графікі былі цалкам падпарадкаваныя хакею, — успамінае Улад.

Малінаўка, «Юнацтва», пельмені

Калі Яроменка споўнілася 15, трэнер Дзмітрый Катаеў паклікаў яго ў школу «Юнацтва». Пераезд у сталіцу стаў пачаткам самастойнага жыцця.

— Я перабраўся ў Мінск яшчэ з двума хлопцамі. Бацькі знялі нам кватэру ў Малінаўцы. «Юнацтва» тады яшчэ трэніравалася ў парку Горкага, таму амаль кожны дзень пасля школы ездзілі туды на трэніроўкі.

На пытанне, як выглядаў побыт 15-гадовых хакеістаў, Улад адказвае:

— Размяркоўвалі абавязкi памiж сабой. Часам пасля трэніроўкі вельмі стамляліся і ленаваліся наводзіць парадак. Але калі ў госці прыязджалі бацькі, мы рыхтаваліся. Да іх візіту кватэра выглядала шыкоўна, — смяецца абаронца. — На самай справе самастойнае жыццё ў падлеткавым узросце шмат чаму навучыла: сачыць за чысцінёй, не закідваць школу, быць адказным.

Ежу хлопцы таксама гатавалі самі. Улад распавядае, што самымі папулярнымі стравамі ў той перыяд прадказальна былі макароны з сасіскамі і пельмені.

— На кухні ў нас усё было чотка. Тэлефанавалі мамам, пыталіся рэцэпты страў, ставілі таймер. Вядома, часта нешта ішло не па плане: ежа прыгарала, вада выкіпала. Мог паставіць каструлю на газ і забыцца пра гэта. Цяпер, у параўнанні з тым часам, я ўжо шэф-кухар, — усміхаецца 19-гадовы беларус.

Трохпавярховы асабняк, Гаваі, Канада

Пасля «Юнацтва» здарыўся пераход у «Дынама-Раўбічы». А ў 17 гадоў пасля хатняга чэмпіянату свету U-18 Яроменка выбралі на CHL Import Draft. Новым клубам беларуса стаў канадскі «Калгары Хітмэн».

— Калі шчыра, без роздумаў пагадзіўся выступаць у Заходняй хакейнай лізе. Разумеў, што Калгары — гэта хакейны горад, дзе ёсць выдатная арэна. Бацькі да юніёрскага ўзросту ўжо прывыклі, што мяне ўвесь час дома няма, трэніроўкі, зборы, гульні. Трохі перажывалі з-за таго, у якую прымаючую сям'ю траплю, але агент іх хутка пераканаў.

Фота з асабістага архіва Улада Яроменкі

Першы год за акіянам абаронца пражыў у сям'і сябра свайго агента. Улад апісвае канадскіх «бацькоў» як «вельмі і вельмі багатых людзей».

— Мы жылі ў трохпавярховым асабняку на беразе возера. Калі хлопцы з каманды праязджалі міма, дзівіліся: «Нічога сабе домік!» — усміхаецца хакеіст.

— А ў калядную паўзу сям'я нават паклікала мяне з сабой на Гаваі. Там у іх уласная віла. «Бацькі» і іх дарослыя сыны вельмі стараліся, каб мне было камфортна. Да гэтага яны ні разу не прымалі ў сябе хакеістаў, таму залішне апекавалі мяне.

На другі год беларусу прыйшлося змяніць сям'ю — папярэдняя раз'ехалася па розных гарадах.

— Сыны паступілі ва ўніверсітэты, галава сям'і пастаянна падарожнічаў у розныя краіны па бізнэсе, а яго жонка шмат часу праводзіла на працы. Мне б давялося самому займацца бытавымі пытаннямі. Увогуле, найлепшым варыянтам для ўсіх быў мой пераезд. Хоць камфортныя ўмовы нікуды не зніклі, — адзначае Улад.

— Зараз жыву ў доме свайго агента — па сутнасці, змянілася толькі возера, на беразе якога знаходзіцца новы дом.

Макароны з кетчупам, пячоры, дрэс-код

Кіраўніцтва клубаў Заходняй хакейнай лігі ў пачатку кожнага сезону арганізуе цім-білдынг. Гэта дапамагае новенькім адаптавацца яшчэ хутчэй.

— Напрыклад, у мінулым годзе ўсе: ад генеральных менеджараў і трэнераў да хакеістаў і прэс-сакратароў «Калгары Хітмен» — ездзілі на выходныя ў горад Кэнмары. Мы падымаліся ў горы і хадзілі па пячорах, паралельна спаборнічалі паміж сабой.

19-гадовы абаронца цалкам зручна адчувае сябе ў Канадзе, нягледзячы на іншае моўнае асяроддзе і бытавыя адрозненні.

— Спачатку хлопцы падколвалі мяне з-за таго, што я не заўсёды разумеў англамоўныя жарты. Але цяпер ужо поўны парадак. Калі і дапускаю памылкі, то толькі граматычныя. Па сваім досведзе магу сказаць: англійская мова нашмат прасцейшая за расейскую.

Уладу імпануе прыветлівасць і прыязнасць мясцовых жыхароў. Прызнаецца, што, жартуючы, часам кажа сябрам і сваякам з Беларусі: «А вось у нас, у Канадзе …»

— Але ўсё гэта не больш чым жарты.

А вось усходнееўрапейцы здаюцца канадцам крыху вар'ятамі, працягвае аповед 19-гадовы гулец.

— У асноўным, канадцы, абагульняючы, называюць нас рускімі. Я і сам часам кажу: «I'm Russian». Так часта прасцей. Некаторыя ведаюць Беларусь, хоць нярэдка прыходзіцца тлумачыць: «Мы падобныя, але ўсё-такі Беларусь геаграфічна іншая краіна».

Спартсмен прызнаецца, што часам адчувае адрозненні канадскіх і беларускіх поглядаў. І сумуе па доме.

— У Канадзе любяць спецыфічныя прадукты. Мясцовыя дзівяцца таму, што лічыцца нормай у нас. Напрыклад, я паліваю макароны кетчупам, а канадцы дзівяцца: «Як ты можаш гэта есці?» Затое ў мяне ўсё ўсярэдзіне гарыць, калі спрабую жудасна вострыя соусы, якія любяць паўночнаамерыканцы.

А яшчэ канадцаў здзіўляе наша адзенне, — пералічвае «дзівацтвы» Улад. — Мы любім яркія рэчы, а яны ў асноўным ходзяць у цёмным, строгім і наогул мала заганяюцца па тэме моды. Я і сам часткова пераняў гэтую звычку: калі зімой рана еду на раскатку, накідваю наверх пухавік, абуваю чаравікі — і наперад! Дрэс-код — гэта для гульняў і паходу на вячэру ў рэстаран.

Драфт, «Нэшвіл», кайф

Пасля чэрвеньскага драфта Яроменка стаў на крок бліжэй да мары — НХЛ. Абаронца з Віцебска вельмі спадзяваўся, што яго задрафтуюць яшчэ летась.

— Але не здарылася. Зразумела, была паніка. Як так? Хоць, магчыма, менавіта гэта і дапамагло правесці добры сезон у Калгары. Увесь год маніторыў скаўцкія спісы, лічыў дні да кірмашу талентаў.

На сам драфт у Далас Улад не паляцеў — нервова сачыў за тым, што адбываецца па тэлевізары. І, прызнаецца, вельмі здзівіўся, што яго абраў менавіта «Нэшвіл».

Фота з асабістага архіва Улада Яроменкі

— Падчас сезона на мяне выходзілі прадстаўнікі іншых клубаў, а вось з «Нэшвілам» ні разу не размаўлялі. І тут раптам — мара стала рэальнасцю! Я цяжка пераношу халады — у Калгары увесь час змагаўся з марознымі зімамі. Таму асабліва рады, што мяне задрафтавала каманда са штата, дзе амаль не бывае мінусавой тэмпературы, — жартуе гулец.

— Паўночная Амерыка паказала мне: усё магчыма. Калісьці я пачынаў гуляць у невялікім Віцебску, а зараз знаходжуся ў Канадзе і блізкі да лігі, на якую раней глядзеў толькі па нарэзках у інтэрнэце.

У канцы жніўня ва Уладзіслава Ярэменка стартуе кэмп «Калгары Хітмэн», пасля — перадсезонны лагер пачаткоўцаў «Нэшвіла», а затым і асноўны кэмп клуба ў кампаніі з энхаэлаўцамі.

— У наступным годзе мне споўніцца 20. З гэтага ўзросту змагу ўжо зайграць у НХЛ. Усё будзе залежаць ад мяне. За спінай складаны шлях. А самы кайф, які можна адчуць ад хакея, пачынаецца, напэўна, менавіта цяпер: калі цябе драфтуе клуб НХЛ, калі ты граеш у шыкоўнай лізе і выдатнай камандзе, калі ў Паўночнай Амерыцы адчуваеш сябе як дома. Уяўляю, колькі працы яшчэ наперадзе. Але дакладна разумею, дзеля чаго гэта ўсё.

SPORT.TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930