Знайсці
10.08.2018 / 16:4816РусŁacБел

«Як гэта вы дазволілі?» Навуковец пра «справу БелТА»

Піша ў сябе ў фэйсбуку Ягор Лебядок.

Скажу і я пару слоў пра «справу БелТА».

Правяду аналогію. Практычна кожны сучасны навуковец ведае такі інтэрнэт-рэсурс, як Sci-Hub. Сутнасць рэсурсу — даваць бясплатны доступ карыстальнікам да артыкулаў з навуковых часопісаў, якія даступныя толькі па падпісцы бібліятэк (шляхам уваходу пад лагінам або з пэўных проксі-сервераў) або за аплату. Прынцып працы просты і не новы. Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х кітайскія студэнты скідалі на адзіныя інтэрнэт-рэсурсы (напрыклад, abcdfree) паролі ад заходніх студэнцкіх і акадэмічных бібліятэк, і любы кітаец (і не толькі) заходзячы на такі рэсурс мог скарыстацца падпіскай бібліятэкі і бясплатна спампаваць артыкул. Нешта падобнае, толькі больш арганізаванае, зрабіла заснавальніца Sci-Hub Аляксандра Элбакян. Для параўнання: БелТА скардзіліся на 15 тысяч несанкцыянаваных доступаў за два гады, Sci-Hub мае больш за 200 тысяч доступаў у дзень (гэта значыць несанкцыянаваных запамповак з бібліятэк і выдавецтваў), на ім захоўваюцца больш за 60 мільёнаў спампаваных артыкулаў. Кожны артыкул у добрым часопісе каштуе ад 20 еўра. Вось і ацаніце маштаб шкоды выдавецтвам. Юрыдычна — гэта пірацтва і парушэнне аўтарскіх праў, што прынесла не абы-якую якую шкоду. І як вы думаеце — колькі краін распачалі супраць Элбакян крымінальную справу? Ніводнай. Пытанне вырашалася ў межах грамадзянска-прававой адказнасці, г.зн. буйныя выдавецтвы Elsevier, ACS падалі ў суд пазоў з патрабаваннем кампенсацыі шматмільённай шкоды, але ніякага крымінальнага пераследу. Адну толькі цікавую санкцыю на Элбакян наклаў амерыканскі суд: «суд пастанавіў, што дае пацярпелым ад дзеянняў Элбакян заходнім арганізацыям права цэнзураваць яе ў кітайскім стылі». Вось так вырашаюцца пытанні, падобныя да справы «БелТА», у цывілізаваных краінах. Гэта значыць, БелТА варта было б падаць грамадзянскі пазоў і (ведаючы наша цудоўнае правасуддзе) запатрабаваць аналагічных санкцый у частцы інтэрнэт-цэнзуры (вось гэта ў нас умеюць).

Я лічу, што «справа БелТА» — гэта перафарматаванне інфармацыйнага поля, якое пачалося са студзеня 2017 года. Спачатку «зачысцілі» найбольш рэзкія СМІ накшталт Хартыі і Белпартызана, да канца 2017 — пачатку 2018 у шэрагу рэдакцый папулярных СМІ стала назірацца самацэнзура (якія меры з боку ўлады былі задзейнічаны — сказаць складана) і цяпер адбываецца чарговы этап, на якім не варта забываць і прэсінг блогераў (напрыклад, Кабанава, справа якога адышла ў цень на фоне журналістаў).

Мэта перафарматавання, на мой погляд, такая — змена кірунку крытыкі ўлады і асвятлення міжнароднай палітыкі Беларусі. Вынік: сур'ёзная крытыка Лукашэнкі паступова знікае з парадку дня, але дазваляецца крытыка дзеянняў Расіі, а таксама ўздымаецца або не забараняецца асвятленне нацыянальна-гістарычных тэм. Большая частка «крытыкі» Лукашэнкі зараз робіцца піярам на яго карысць (пра Коленьку, пра інсульт, пра вопратку і г.д., гэта тое, што любы палітык заўсёды выкарыстоўвае сабе ў плюс, нягледзячы на візуальны негатыў падобнай «крытыкі»). Чаму так? Таксама зразумела — рэйтынг унутры краіны падае нават на фоне не самых дрэнных за апошні перыяд эканамічных паказчыкаў (ключавы пасыл нават сярод адэптаў цяпер чутны: «ён вельмі доўга ва ўладзе, трэба маладым дарогу даваць»), плюс да таго ўзмацняецца пагроза (як мінімум эканамічная) з боку Расіі. А выбары ўжо не за гарамі…

Зараз асноўная крытыка Лукашэнкі і яго сістэмы ўсё больш сыходзіць ад масавых і папулярных СМІ на менш папулярныя рэсурсы, у тым ліку сайты асобных людзей і сацсеткі. Як тут будуць дзейнічаць — няцяжка сказаць (успомніўшы таго ж Кабанава і шэраг блогераў, якія асвятлялі мітынгі дармаедаў).

У сувязі са справай БелТА частка грамадзян узгадвала параўнанне з 37-годам. І неяк па збегу абставін сёння мне трапілася на вочы гісторыя пра А. Адамовіча. У 1966 годзе фармавалася справа «літаратараў-здраднікаў» Сіняўскага і Даніэля, і ў МДУ (дзе на той час працаваў Адамовіч) спусцілі распараджэнне аб напісанні асуджальнага ліста. Адамовіч быў супраць і яму прапаноўвалі часова «знікнуць» або прыкінуцца хворым. Але ён не стаў і выказаў сваю пазіцыю наступным чынам: «Пагадзіцца, што мяне «не знайшлі», як потым будзеш пачувацца? Вось мы ўсе папракалі «старых», што яны дазволілі сталінскай бандзе асядлаць краіну, загнаць усіх у Страх, у Пакорнасць. Але ж не адразу гэта здарылася, з нечага пачыналася, і тады яшчэ можна было нешта выправіць, змяніць сваю нашу будучыню. А ці не такі момант зноў падступае?… Потым ужо ў нас будуць пытацца, катаваць наша сумленне: як гэта вы дазволілі?».

Не будзем забывацца на словы класіка…

Ягор Лебядок, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930