Знайсці
09.08.2018 / 10:5314РусŁacБел

Следчы камітэт патлумачыў, чаму ізалявалі журналістаў у «справе БелТА»

Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч патлумачыў Свабодзе, чаму ў «справе БелТА» журналістаў затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар; якая рэакцыя СК на міжнародныя пратэсты гэтай нагоды і каму з рэдакцый СМІ трэба чакаць прыходу сьледчых.

Сяргей Кабаковіч у размове са Свабодай перш за ўсё патлумачыў, што журналісты, якіх дапыталі ў «справе БелТА» і зьмясьцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна, маюць статус затрыманых, а не арыштаваных.

— Сяргей Васілевіч, скажыце, чаму ў «справе БелТА» выбрана такое жорсткае рашэньне аб ізаляцыі журналістаў, якія фактычна праходзяць па «мяккім артыкуле» КК, што не прадугледжвае пакараньня, большага за 2 гады зьняволеньня? У такім выпадку арышт на час сьледзтва не прадугледжаны.

— Нейкага цэнтралізаванага рашэньня тут няма. Рашэньне аб ізаляцыі прымаюць сьледчыя, якія вядуць справы, гэта ў іхнай кампэтэнцыі. Кожны сьледчы ў сваёй крымінальнай справе прымае рашэньні наконт правядзеньня далейшых сьледчых дзеяньняў. Ён бачыць, як яны разьвіваюцца і што патрэбна далей для расьсьледаваньня. Ні пра які арышт зараз не ідзе гаворка.

— Якая ваша рэакцыя на заявы міжнародных арганізацый, патрабаваньні праваабаронцаў, асобных СМІ аб вызваленьні затрыманых журналістаў?

— Магу адказаць, што сьледзтва аб’ектыўна разьбіраецца наконт правапарушэньняў або супрацьпраўных дзеяньняў, мы стараемся гэта рабіць усебакова, стараемся не спыняць працы суб'ектаў гаспадараньня, не паралізаваць іхнай дзейнасьці.

Мы намагаемся таксама быць адкрытымі, і далей пры правядзеньні сьледчых дзеяньняў да СМІ будзе даводзіцца інфармацыя аб іх ходзе з улікам інтарэсаў сьледзтва. Неабходна разумець, што, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, сьледчы вырашае, якія матэрыялы сьледзтва можна абнародаваць.

— Чаму сваякі доўга ня ведалі, у якім статусе іх родныя — журналісты, затрыманыя ў «справе БелТА»?

— Магу сказаць, што пазаўчора да канца дня ўсе сваякі былі паінфармаваныя аб тым, дзе знаходзяцца затрыманыя журналісты, г. зн. апавяшчэньне было зроблена ў вызначаны законам тэрмін.

— Ці можаце сказаць, якія рэдакцыі будуць наступнымі?

— Я не магу прагназаваць, папярэдняе расьсьледаваньне працягваецца. Дадам, што ня трэба сюды ўплятаць рэдакцыі. Супрацьпраўныя дзеяньні ўчыняліся фізычнымі асобамі.

— Затрыманых журналістаў павінны адпусьціць праз тры дні затрыманьня або прымяніць іншую меру стрыманьня?

— Думаю, што ў найбліжэйшыя дні сьледчымі будзе прынятае рашэньне наконт гэтага.

Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера