Знайсці
01.05.2019 / 08:3525РусŁacБел

Голас беларускай калыханкі і наш сэкс-сімвал: Ядвіга Паплаўская святкуе юбілей

«Яна выбегла з пераходу ў шэрым заячым капялюшыку. І было ў гэтай дзяўчынцы столькі абаяння, чысціні і наіўнасці! Я зразумеў, што прапаў!» — згадваў у адным з інтэрв’ю пра сустрэчу з Ядвігай Паплаўскай яе муж Аляксандр Ціхановіч. Яе безумоўнымі прыхільнікамі таксама былі і застаюцца як дарослыя (для некаторых яна назаўсёды стала сімвалам сапраўднай жаноцкасці нашай эстрады), так i маленькія беларусы: менавіта голас Паплаўскай зрабіў айчынную калыханку любімай дзіцячай праграмай.

Уся гэтая народная любоў тлумачыцца цэлай сукупнасцю фактаў. Але галоўны — Ядвіга была і ёсць адданая музыцы, у імя якой яна гатовая на ўсё. І сваім дарам яна бескарысліва дзеліцца з людзьмі.

Ядвіга Паплаўская.

Гэтым матэрыялам разам з Samsung Galaxy S9|S9+ мы працягваем цыкл «Беларускія гераіні». Калі абмінулі ўвагай, абавязкова знайдзіце час на тое, каб пагрузіцца ў захапляльны серыял па біяграфіях беларускіх дзекабрыстак, Эміліі Плятэр, Веры Харужай, Ларысы Геніюш, Алаізы Пашкевіч, Алены Кіш, Жанны Капуснікавай, Марыны Лобач. Сёння ж прапануем вам з галавой акунуцца ў музычны сусвет народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай.

Ля вытокаў жаночага гёрлбэнду

Злавіць Ядвігу хаця б на 15-хвілінную гутарку амаль немагчыма. Яна пагаджаецца на гутаркі ў крайніх выпадках, бо свой асабісты час дзеліць сёння выключна на дзве сферы: сям’ю і музыку. Спявачка была і застаецца запатрабаванай: шмат гастралюе і праводзіць доўгія гадзіны ў студыі за аранжыроўкамі і стварэннем новых песень для сябе і іншых артыстаў.

Не ўсе ведаюць, але яе музычная дзейнасць выходзіць далёка за межы сцэны. Напрыклад, яна выступіла рэдактарам і падрыхтавала на слых фартэпіянны зборнік песень для нотнага альбома «Уладзімір Мулявін. Беларусь — мая песня». Акрамя эстраднай, працавала з музыкай да тэатра і кіно, была аўтаркай саўндтрэку да мастацкага фільма «Рыфмуецца з каханнем» рэжысёра Аляксандра Яфрэмава. Пісала сімфанічныя творы, цыкл прэлюдый, санаты, дзіцячыя п’есы для фартэпіяна, рамансы. Сёння яе часта можна сустрэць на дабрачынных канцэртах: артыстка актыўна бярэ ўдзел у зборах сродкаў для людзей з інваліднасцю.

«Славянскі базар», 2017 год

Так ці інакш, але Ядвігу Паплаўскую многія ўспрымаюць як адно цэлае з Аляксандрам Ціхановічам, яе партнёрам і мужам, з якім яны разам пражылі больш за 40 год. У 2017-м, пасля некалькіх гадоў барацьбы з хваробай лёгкіх, Аляксандра не стала. Але для Ядвігі ён усё адно прысутнічае побач і цяпер. У песнях, якія яна выконвае, у постаці дачкі, таксама артысткі Анастасii Цiхановiч, у вейках унука Iвана…

«Я адчуваю Сашу кожны дзень. Для кагосьці яго няма, але для мяне гэтая прысутнасць абсалютна рэальная. Уражанне, быццам ён проста з’ехаў і хутка вернецца», — паўтарае яна.

Іх пару называлі ідэальнай, узорнай, але на справе ўсё было як i ва ўсiх — жыццё з яго кантрастамі, якое яны падзялілі на дваіх.

Упершыню маладыя перасекліся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе абое працавалі: яна — у жаночым ВIА «Верасы», а ён граў у джаз-рокавым гурце «Мiнск», названым так па прыкладзе амерыканскай групы «Чыкага». Праўда, «Мiнск» хутка прыкрылі, бо музыка не адпавядала ідэям савецкага часу. «Верасы» ж павінны былі стаць папулярным савецкім гёрлбэндам: як «Песняры», толькі з дзяўчат.

Справа: Ядвіга і Аляксандр з унукам Іванам.

Ціхановічу Ядвіга спадабалася пры самай першай сустрэчы, але ён доўга не рашаўся зрабіць крок ёй насустрач: яна здавалася сур’ёзнай і непрыступнай. Паводзіны Паплаўскай тлумачыліся проста: дзяўчыну ў тыя часы цікавіла толькі музыка. Хлопцы і спатканні стаялі нават не на другім месцы, а яшчэ далей, таму падступіцца да яе было няпроста.

«Нягледзячы на надыходзячую папулярнасць i шматлікія гастролі, на жаль, некаторыя ўдзельніцы нашага жаночага калектыву пасля шлюбаў былі вымушаныя ўсю сваю ўвагу аддаваць не сцэне, а сям’і. I мы вырашылі зрабіць «Верасы» змяшаным калектывам, дзе будуць браць удзел не толькi дзяўчаты, але i хлопцы», — расказвае Ядвіга.

Аляксандр Цiхановiч не прамінуў скарыстацца новымі абставінамі. На той момант яму прапаноўвалі працаваць у куды больш перспектыўным ансамблі «Тоніка», кіраўніком якога быў народны артыст Беларусі Віктар Вуячыч. Але ў 1973 годзе Аляксандр абраў «Верасы», бо кахаў Ядвігу. У 1976-м годзе яны ажаніліся.

Вяселле «вусоў» і «акуляраў» ВІА «Верасы», 1976 год.

«Саша быў абаяльным, лёгкім, ён зрабіў добрае ўражанне на маіх бацькоў, якія, у сваю чаргу, пастаянна паўтаралі мне, што праца працай, але прыйшоў час ісці замуж, тым больш раз сустрэўся такі добры хлопец, выдатны музыка», — згадвае артыстка.

Але нават у ЗАГСе, перш чым сказаць будучаму мужу «так», Ядвіга памаўчала секунд 30, змусіўшы ўсіх нервавацца. А праз некалькі тыдняў пасля замужжа ўжо нават падумвала пра развод. Але пасля прыйшла ідылія: «Яна была яго, а ён яе», як гаворыцца ў «Гульні тронаў».

У адной з гутарак Ядвіга шчыра прызнавалася, што лічыць жаночым пакліканнем захаваць сям’ю, знайсці сілы перацярпець крызісныя моманты.

З цяжкасцямі ў сям’і яна працавала гэтак жа самааддана, як і з новымі выклікамі ў музыцы. І Аляксандр гэта цаніў. «У самыя складаныя моманты мяне заўсёды падтрымлівала Ядзя. Жонка разам з дачкой праявілі анёльскае цярпенне, асабліва калі я стаў злоўжываць алкаголем і не толькі… Я быў на краі бездані, ледзь не памёр. Бог выратаваў…» — пасля казаў ён.

Архіўныя кадры. Дачка Ціхановіча і Паплаўскай у дзяцінстве (справа) і сёння 

«Верасы — акуляры і вусы»

Для тых, хто ў тэме гісторыі савецкай эстраднай музыкі, не сакрэт, што Ядвіга з’яўляецца дачкой вядомага дырыжора, хормайстра, заслужанага дзеяча культуры БССР Канстанціна Паплаўскага. Менавіта ён разам з Генадзем Цітовічам стаяў ля вытокаў Беларускага дзяржаўнага народнага хору. У іх увогуле была музыкальная дынастыя. Напрыклад, у 1906 годзе прадзед Ядвігі Клямент Паплаўскi на прэстыжнай выставе атрымаў прэмію за арган, які сам вырабіў з гліны. А яго брат Пятро майстраваў музычныя інструменты.

З успамінаў:

«У нашай сям’і было трое дзяцей: старэйшая сястра Крысцiна, малодшы брат Чэслаў і я. У таты была мара зрабіць сямейнае трыа. Крысціна павінна была граць на фартэпіяна, я — на скрыпцы, а малодшы Чэслаў — на віяланчэлі. Шчыра кажучы, першы год я вельмі старалася, займалася добрасумленна. Але мне было так цяжка доўга стаяць і трымаць у руках скрыпачку, што на мяне махнулі рукой і пасадзілі за фартэпіяна. Тут я праявіла ўседлівасць, таму што мне было цікава падбіраць мелодыі, граць з сястрой у 4 рукі і бачыць, як гэта падабаецца маці і бацьку».

Пра маці Стэфанію Пятроўну Ядвіга расказвае асобна:

«У яе быў вельмі добры слых, яна спявала ў касцёле. Калі мы пачалі займацца музыкай, маці сядзела з намі на ўроках і настолькі хутка ўсё схоплівала, што пасля магла дома ўказаць нам на нейкія памылкі. Яна ўзяла на сябе ўвесь побыт, а калі дзеці з’явіліся ўжо і ў нас, дапамагала з імі. Толькі дзякуючы ёй мы маглі нармальна гастраляваць».

Усе нашчадкі сям’і Паплаўскіх з дзяцінства адкрылі для сябе не толькі творчасць Чайкоўскага, Моцарта, але і пазнаёміліся амаль з усім тагачасным рэпертуарам Опернага тэатра. Для некаторых дзяцей выбар хобі бацькамі — пакаранне і, як вынік, пратэст. Але тут зоркі сышліся: усе дзеці сталі музыкамі і ніколі не шкадавалі пра гэта.

«Менавіта музыка зрабіла мяне пазітыўным чалавекам. На гэтым і трымаюся», — сцвярджае Ядвіга.

Кадры з «Песні года», 2017 год

У 1970-я гады «Верасы» імкліва ўварваліся ў савецкую эстраду. Вусы Ціхановіча і акуляры Паплаўскай сталі адметнасцю, разынкай. З усімі хітамі ансамбля так ці інакш звязаныя пэўныя жыццёвыя гісторыі. Так, за песню «Я ў бабулі жыву» гурту нават прыйшла падзяка ад Міністэрства аховы здароўя. Лічыцца, што жаласлівыя радкі («У меня сестренки нет, у меня братишки нет. Говорят, с детьми хлопот невпроворот. Что же будет на земле через сто ближайших лет, если мода на детей совсем пройдет?») спрацавалі на падвышэнне нараджальнасці лепш, чым дзяржаўныя праграмы.

Кадры з кліпа «Маладая зорка».

Ідэі светлай савецкай будучыні пакрысе цярпелі крах: дэградацыя эканомікі, вялікая колькасць дэфіцытных тавараў і беспаспяховыя спробы ўсё гэта рэанімаваць. Для многіх кніжкі і музыка былі адзіным душэўным скарбам, а добрыя, пазітыўныя песні «Верасоў» стваралі адпаведны настрой.

На жаль, крызіс не абмінуў і музыкаў. У 1986 годзе Паплаўская i Цiхановiч былі вымушаныя сысці з калектыву, але гэтае выпрабаванне стала прыступкай у іх творчасці. Яны знайшлі новую форму сцэнічнага існавання — дуэт «Шчаслівы выпадак».

Ядвіга на сцэне з дачкой Настассяй.

Ядвіга і Аляксандр не толькі спявалі самі, але і сталі заснавальнікамі Тэатра песні з творчай студыяй пры ім. Праз яе прайшлі такія беларускія артысты, як Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Георгiй Воўчак і многія іншыя. З цягам часу тэатр вырас у прадзюсарскі цэнтр народных артыстаў Беларусi i неаднойчы станавіўся iнiцыятарам музычных тэлепраектаў (нацыянальны конкурс песнi «Хiт-момант», першая беларуская фабрыка зорак «Зорны дылiжанс»). Менавіта з гэтых праектаў выйшлі вядомыя цяпер артысты Герман, Аня Шаркунова, Дзмiтрый Калдун, Каця Iванчыкава з гурту «Аёва» i іншыя. Сёння пры цэнтры існуе вакальная школа «Белы парус», якая заўсёды адкрытая для тых, хто хоча паспрабаваць сябе на прафесійнай сцэне.

«У мяне часта запытваюцца пра тое, з чаго складаецца мае жыццё сёння… Дзякуючы маёй сям’і, маім родным, блізкім, сябрам, а таксама нашым прыхільнікам i гледачам, іх вялікай падтрымцы, шчырасці i каханню, я вынаходжу натхненне ствараць i жаданне па-ранейшаму дарыць людзям свае песні, усмешкі, добры настрой, а самае галоўнае — сваю любоў», — прызнаецца Ядвіга.

Тэкст быў апублікаваны ў жніўні 2018 года

Кацярына Карпіцкая, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930