Знайсці
07.08.2018 / 19:457РусŁacБел

Алексіевіч пра «справу БелТА»: Пошук ворагаў — спосаб існавання таталітарнай улады

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч распавяла ў інтэрвію Свабодзе, што яна думае пра ператрусы і затрыманьні супрацоўнікаў БелаПАНу і TUT. BY, пра тое, што чакае Беларусь у бліжэйшай будучыні, пра Расею і палітычную філязофію Лукашэнкі. 

— Што вы думаеце пра «справу Белта», пра абвінавачваньні супрацоўнікаў БелаПАНу і TUT. BY у крадзяжы інфармацыі ў Белта? У межах гэтай справы прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў БелаПАНу і TUT. BY, некалькі чалавек ужо затрыманыя.

— Першае, што прыходзіць у галаву — гэта спроба запалохаць нас усіх. Ідзе праверка — ці існуем мы як грамадзтва, якое здольнае зрабіць грамадзянскі супраціў, ці ня існуем. Відавочна, што ўлада бачыць перад сабой вялікія праблемы, якія закрануць шмат людзей і невядомая іх рэакцыя. Любая таталітарная ўлада баіцца супраціву. Паколькі яна ведае, што яна незаконная, то яна заўсёды шукае ворагаў, гэта яе спосаб існаваньня.

У нашым грамадзтве, якое як бы і існуе, і ня існуе, СМІ і мастацтва, літаратура засталіся адзінымі пляцоўкамі, якія яшчэ ня ўзятыя пад кантроль. І зараз гэтыя пляцоўкі пачалі «зачышчаць».

Я даўно хацела сказаць некалькі словаў пра Юрыя Зісера, які рэалізаваў неверагодна прыгожую ідэю і патраціў на яе ўсё жыцьцё. Зараз у яго няпростыя часы.

Мы ўсе, я ўжо не кажу пра народ — гэтай катэгорыі ў нас у згуртаваным сэнсе ня існуе, але варта, каб мы, прэса, выказалі салідарнасьць і супраціў. Інакш нас усіх потым па адным будуць нэўтралізоўваць, як гэтая ўлада ўмее, ці то зь нейкіх надуманых эканамічных прычынаў, ці зь якіх заўгодна.

Улада будзе расстаўляць сваіх людзей, будзе запалохваць. Ня ўсе гэта вытрымаюць. Як я даведалася, там быў нейкі данос, заўсёды знойдуцца людзі, здольныя да здрады.

Зараз справа кожнага з нас, менавіта зараз адказаць, сабрацца разам і сказаць, што мы ёсьць.

— А вы ня думаеце, што справа тут проста ў пэўных парушэньнях пэўных людзей, скарысталіся яны паролямі, якімі ня мелі права карыстацца? Можа проста ў гэтым справа?

- Калі б гэта было так, то гэта не паўтаралася б з такой рэгулярнасьцю. Нядаўна была справа Ліпая, раней памянялі ўсіх рэдактараў. Як вы ні стаўцеся да Якубовіча, але гэта была больш моцная фігура, чым тое, што ёсьць зараз. Я ня бачу тут выпадковасьці. Я бачу, што гэта найбольш рэальныя нагоды, якія могуць пераканаць народ, маўляў, яны нешта скралі. Гэта можа асабліва пераканаць тэхнічна непісьменную частку насельніцтва. Калі б пэўныя парушэньні і былі, яны не патрабуюць публічных арыштаў на тры дні, такога розгаласу.

— А якія, на ваш погляд, тут былі псыхалягічныя нагоды? Выбары няхутка…

— Я мяркую, што нас чакаюць эканамічныя ўзрушэньні. Гэта адчуваецца, пэўныя штуршкі. І да таго ж — ускладненьне стасункаў з Расеяй, якая ўсё часьцей кажа: мы ня будзем вас карміць, а калі і будзем, то вы павінныя жыць на нашых умовах. Гэта час ад часу і прарываецца ў Лукашэнкі, калі ён кажа, што мы можам увайсці ў склад іншай дзяржавы.

Няма беларуса, які б не адчуваў нарастаньне небясьпекі. Гэта адчуваюць і тыя, хто страціў працу, і тыя, хто замест 8 мільёнаў, калі лічыць па-ранейшаму, зараз атрымлівае 2-3 мільёна. Я нядаўна праехала па вёсках, там няма эканамічнага энтузіязму. Людзі разгубленыя і людзі баяцца.

— Вы ўжо сказалі пра Расею. Але здавалася б, тут лёгіка павінная была быць адваротнай. Калі Расея цісне, наступае, то ня варта нападаць на тыя беларускія інстытуты, на тыя СМІ, якія гэтаму ціску супрацьстаяць?

— Я думаю, што тая ўлада, якая зараз існуе, не давярае ўласнаму народу. Яна ня верыць, што ўласны народ можа аказаць падтрымку, што яна мае ў народа падтрымку, якая была яшчэ гадоў 10 таму. Тут псыхалёгія адзіночак. Ці адзіночкі, які адчувае сябе ў такім загнаным стане.

— Літаральна днямі быў зроблены крок у адваротным накірунку, я маю на ўвазе бязьвіз для замежнікаў на 30 дзён. Раней быў на 5 дзён, а зараз — на месяц. Як можна патлумачыць тое, што прымаюцца такія супрацьлеглыя рашэньні? Гэта вынік бітвы «ястрабаў» і «галубоў» ці нечага іншага?

— Гэта адсутнасьць дакладнага сьветапогляду. Гэта такое пачуцьцёвае ўспрыняцьцё ўлады. Гэта ня той выпадак, калі ёсьць сьветапогляд, калі ёсьць аднадумцы і паплечнікі, калі ёсьць кола ідэяў, якія будуць жыць і пасьля цябе.

Я нядаўна бачыла рэпартаж пра тое, як разьвітваліся з прэзыдэнткай Чылі. Божа мой, як зь ёй разьвітваўся народ! Як годна яна кіравала свой тэрмін і як годна яна сышла. Яна зьменшыла карупцыю, беспрацоўе і самае галоўнае — была чыстая перад сваім народам.

Усе ведалі, што ні цэнта не прыліпла да яе рук.

Вось так яно бывае, калі ёсьць, што застанецца пасьля цябе. Па-мойму, у нас з гэтым праблема.

Наконт бязьвізу для эўрапейцаў — гэта ад непасьлядоўнасьці. У Эўропы зараз шмат сваіх праблемаў, Эўропа зараз ня будзе даваць грошы, як Расея. Яна ніколі ня будзе даваць столькі грошай, колькі Расея. А нам трэба менавіта столькі, колькі давала Расея.

Улада дзеля ўлады — гэта не ідэя, якой можа трымацца дзяржава. Прынамсі, ня тая, на якой можа трымацца доўга.

І яшчэ раз пра непасьлядоўнасьць. Калі я прыяжджаю ва Ўкраіну, я адчуваю, што я чалавек, які з краіны, якая не ваюе. Я рада, што мая дзяржава здолела не ўвязацца ў канфлікты. Гэта ня значыць, што мы абароненыя ад гэтага назаўжды, але мне была прыемная размова зь немцам, зь якім я ляцела ў самалёце.

Ён сказаў: Пасьля Расеі Беларусь зрабіла на мяне ўражаньне, у Беларусі няма перасьледу сэксуальных меншасьцяў, праваслаўе не такое агрэсіўнае. І я была радая гэта чуць ад свайго папутчыка. Але ў той жа час — на наступны дзень што мы ўсе бачым?

Але ў нас няма пасьлядоўнасьці, гэта нашая бяда. Каб мець дзяржаву, гэтае збудаваньне трэба мець у сябе ў галаве спачатку.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера