Сталяр Віктар Карняенка: як хобі лідара апазіцыі ператварылася ў невялікі бізнэс
«Я зусім яшчэ малады пенсіянер, не атрымаў пакуль ніводнай пенсіі, бо мне толькі ў канцы ліпеня споўніўся 61 год, — смяецца адзін са стваральнікаў Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка, — таму сталярства стала добрай дапамогай».
Віктар Карняенка. Фота Радыё Свабода
З дрэвам, расказвае Віктар Карняенка, ён сябруе даўно.
«Першы свой выраб з дрэва памятаю добра. Не, гэта не была якая-небудзь табурэтка. Сваімі рукамі я зрабіў балконныя рамы ў кватэры, якую я, ажаніўшыся, атрымаў у 1985 годзе. Узяў фуганак, нейкія дошкі. І на падлозе на кухні зрабіў рамы. Нават прыстойныя атрымаліся. Стаялі да таго часу, пакуль мы тую кватэру не прадалі».
Пасля на лецішчы Віктар рабіў агароджы, вазоны для кветак, лавы і арэлі. Цягнула да прыгожага, кажа Віктар. А чатыры гады таму ён зарэгістраваў сваё хобі як рамесніцтва.
«З узростам з’явілася больш вольнага часу. Стаў працаваць з дрэвам па 7—8 гадзін у суткі. Нешта майстраваў, прыдумляў. Сталі звяртацца сябры, каб зрабіў ім нешта падобнае, потым сталі звяртацца сябры сяброў. І прасіць зрабіць ім тое ж, але за грошы. Тады і ўстала пытанне аб тым, што трэба афіцыйна зарэгістраваць сваю справу. А тады гэта каштавала адну базавую».
Справу Віктар зарэгістраваў, а вось рэкламаваць свае вырабы не стаў.
«Не было патрэбы. Я проста рабіў рэчы на замову. А сёлета вырашыў, што прыйшоў час заняцца рэкламай. І размясціў свае вырабы на «Куфары».
Віктар Карняенка расказвае, што хітом гэтага сезона ў продажы з’яўляюцца драўляныя арэлі, лавы і мальберты.
«Штук пад 20 драўляных мальбертаў ужо прадаў», — хваліцца ён.
А найлепшым падарункам сабе, акрамя дадатковага заробку да пенсіі, Віктар лічыць наборы новых інструментаў.
«У мяне інструментаў, канечне, дастаткова ўжо, але мне цікава спрабаваць нешта новае. А вось рабіць дзве аднолькавыя рэчы — сумна».
На што наракае Віктар, дык на цяжкасці пры пошуку добрага матэрыялу:
«Знайсці цвёрдыя пароды дрэваў складана. Таму мае арэлі, лаўкі і іншыя вырабы, у асноўным, з сасны і елкі».
Што датычыцца пытання, ці не плануе бізнэсмен-пенсіянер перайсці на больш буйныя формы, тыя ж альтанкі, Віктар адказаў:
«Пакуль зрабіў толькі адну, сабе на лецішча. Але ўсё будзе залежыць ад попыту».
Віктар Карняенка (справа) — паплечнік Аляксандра Мілінкевіча.