Знайсці
06.08.2018 / 09:1716РусŁacБел

6 жніўня — 501 год ад выхаду першай беларускай кнігі: невядомае пра Скарыну 

6 жніўня 1517 у Празе Францішак Скарына з Полацка выдаў першую беларускую друкаваную кнігу — Псалтыр.

2017 быў годам вялікага юбілею Скарынавай Бібліі. Але, аказваецца, пра самога Скарыну мы ведаем зусім мала, кажа доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка. Вакол імя Скарыны болей міфаў, створаных папулярызатарамі, чым правераных звестак. Некаторымі сваімі думкамі навуковец падзяліўся з чытачамі «Нашай Нівы».

Скарына і Антычнасць

Пэтр Войт, гісторык чэшска­га кнігадрукавання, выказаў ідэю, з якой бы я паспрачаўся. Што Скарына быў ідэолагам Ад­ра­джэн­ня, Рэнесансу ў за­ход­не­еў­ра­пейскім разуменні. Але Ад­ра­джэн­не — гэта культурная тра­ды­цыя, якая абапіраецца на анты­чныя традыцыі, а яны не пра­свеч­ваюцца ў дзейнасці Скары­ны. У той час, калі працаваў Ска­ры­на, тэрмін «Еўропа» не да­ты­чыў земляў Вялікага Княства Лі­тоў­скага, тым больш так званых «рускіх» земляў.

Ці мог быць каталіком

Імя Францыск — каталіцкае, але мяшчанскае полацкае асярод­дзе, з якога выйшаў Ска­ры­на, было пераважна праваслаўнае. Імёны яго сваякоў маюць пра­ва­слаў­нае гучанне — Іван, Лука. Фран­цыскаў няма. Хоць, між ін­шым, мяшчанства, аса­блі­ва ў буйных гарадах, было найбольш рухомым у сэнсе ўспрыняцця, та­ле­рант­насці. Яны ж гандлявалі з Захадам, з Поў­наччу, з Рыгай. Маглі і адразу даць яму такое імя, але ўсё адно гэта патрабавала б нейкага ім­пульсу.

Скарына мог вучыцца ў ката­ліц­кай школе. У той час у Полацку былі прыватныя каталіц­кія шко­лы, якія вучылі немцаў, што вы­бі­раліся з Лівоніі. Паколькі яны гандлявалі з Полацкам, яны хацелі ведаць мову. Таксама ў Полацку быў бернардзінскі кля­штар, заснаваны ў канцы XV ст., і ён праводзіў актыўную дзей­насць. Нават маскоўскі князь Іван IV скардзіўся, што праз бернардзінаў Полацк стаў рассаднікам ка­та­ліц­кіх тэндэнцый.

Стаўленне да народнай мовы

Скарына быў веруючы чалавек, ён думаў, што Біблія прадыктаваная Госпадам Богам. Проста трэба знайсці самыя ста­ра­жытныя ру­ка­пісы. У той час у ВКЛ не было практыкі выкарыстання народнай мовы ў духоўнай сферы. У канцылярскай — так, пра­су­ну­ліся, выдалі Статут.

Таму асноўны тэкст Скарына імкнуўся захаваць. Ужо прадмовы — так, ён піша больш жывой мовай, як і свае папраўкі на палях, тлумачэнні для «па­спа­лі­тага люду языка рускага». Тут на яго паў­плы­валі, на­пэўна, і гусіцкая традыцыя, і та­ле­рант­­ныя тра­дыцыі ў самой Празе. Але сам тэкст Бібліі ён імкнуўся перадаць найбольш дакладна. Толькі калі не знаходзіў тэрмінаў, якія ўліваліся абсалютна аўтаматычна ў тэкст, ён мог уключыць і слова белару­скае. Мовазнавец Аркадзь Жу­раў­скі быў спецыялістам класным: ён давёў, што асноўная слоў­ная структура Скарынавай Біб­ліі — царкоўнаславянская. 

Скарына і цэнзура

Калі Скарына пачаў друкаваць свае кніжкі ў ВКЛ, яны змяніліся нават па мове. Ужо менш адчування было, што выка­рыстоўваецца жывая гаворка. Бо Скарына трапіў у асяроддзе, якое больш кантралявалася. Віль­ня не была ў той час часткай рэгіёна Усходняй Еўропы, куды залічаюць і Украіну, і Беларусь. Таму да дзейнасці Скарыны, які друкаваў славянскія кнігі, там ставіліся як да старон­няй, дзіўнай, непатрэбнай. Га­лоў­ную ролю тут адыгрываў вілен­скі біскуп Ян, пазашлюбны сын караля Жыгімонта І. Ён хоць і апя­каў Скарыну, але карыстаўся ім у сваіх мэтах.

Ён і сам выдаваў малітоўныя кнігі на лаціне, але друкаваў іх выключна ў Кракаве, а не ў Вільні. 

Ці быў выдатным лекарам

Калі б гэта было так, не так про­ста яго адпусціў бы віленскі біскуп Ян у Кёнігсберг. Акрамя таго, давайце паглядзім на даты смерці ягоных мецэнатаў. Якуб Бабіч да 1530-га ўжо не жыў, у гэты ж перыяд памёр Багдан Он­каў, каля 1525 памёр і Юрый Адвернік, з жонкай якога пасля ажа­ніўся Скарына. І яна памерла каля 1529 года таксама. Або яны былі значна старэйшыя, або ў іх быў кепскі лекар.

Чаму Прага

У Чэхіі былі ўжо біблейскія выданні ў абрамленні, якія навукоўцы вызначаюць як «мяк­кі гусізм». То бок Гуса ўжо даўно няма, яго замаскіраваныя пры­хіль­ні­кі яшчэ былі. Выдалі Біблію чэшскія мя­шча­не, даволі заможныя, у Венецыі, 1506 год. Гэтай кнігай карыстаўся і Скарына. Гусізм быў родапачынальнікам пазнейшай Рэфармацыі.

Сваёй друкарні ў Празе ў яго не было, ён не мог яе заснаваць, бо ўпершыню сутыкнуўся з гэтай справай, яна яго зацікавіла. Былі кампаньёны з Вільні — Багдан Онкаў, Якуб Бабіч, якія, магчыма, фінансавалі. Багдан Онкаў быў сынам радцы магістрата ві­лен­скага. Ён гандляваў з Чэхіяй сукном. Ведаў, што там зарплаты добрыя, тавар разыходзіцца, магчыма, пойдзе і кніжка друкаваная. Скарына здорава па­тра­ціў­ся на сваё выданне — гэта не так проста, выдаваць кожны год па такой кнізе. Акрамя таго, трэба было аплачваць працу рамеснікаў.

Чаму выехаў з Прагі? Думаю, разлікі на тое, што кнігадрукаван­не будзе даваць прыбытак, бу­дзе кар’ерай, не спраўдзіліся. Ме­цэ­наты сталі менш яго пад­трым­ліваць. 

Біблію друкавалі яўрэі і немцы?

Памылка Войта і паплечнікаў — лічыць гравюры і шрыфты Скарыны яго ўласнай працай. На мой погляд, гэта памылковы падыход, і вось чаму. Вялікія ініцыялы драўляныя, яны патрабавалі апра­цоў­кі рамесніцкай, вельмі адрозніваюцца [у розных кнігах], не маюць адзінства. І гравюры не маюць адзінства. Сам Скарына не мог гэтага зрабіць, гэта рабілі рамеснікі, якіх ён най­маў. Некаторыя гравюры маюць дачыненне да Дзюрэра, некаторыя дошкі паступалі непасрэдна з Нюрн­берга.

Незразумела, хто ж працаваў у яго друкарні. Наняць памяшканне, аплаціць яго Скарына мог, калі прыехаў з грашмі ў Прагу. Ёсць версія, у Празе ў той час пачынала раз­ві­вацца іудзей­скае кнігадрукаванне, магчыма, некаторыя яго прадстаўнікі, не маючы работы, маглі працаваць у Скарыны.

А другая версія, якой пры­трым­лі­ваецца Войт, што гэта была друкарня Паўла Севярына, якая якраз у 1517—1519 не працавала. Але Скарына мог наняць толькі памяшканне ў Севярына, а ўзяць на працу мог каго заўгодна — і немцы маглі працаваць.

Іншае пытанне: хто фінансаваў яго вучобу? За свае грошы ў Кра­каў ён яшчэ мог выбрацца: яго брат Іван добра зарабляў на гандлі, бацька быў прадпрымальны чалавек. Але адкуль атрымаў гро­шы, каб паехаць у Падую, у Да­нію? Багдан Онкаў не пацягнуў бы, і ў яго зацікаўленасці ў такой інтэлектуальнай дзейнасці не было. Значыць, былі вышэйшыя апе­куны.

Здаваў на доктара экстэрнам?

Пра Падую дагэтуль не высвет­лена праблема: ці працаваў Па­ду­ан­скі ўніверсітэт у 1512 го­дзе. Невядома, вучыўся Скарына там ці не. У той час ішла паласа італьянскіх войнаў.

Экзамен ён вытрымаў у 1512 го­дзе. Або ён заплаціў, каб сабраць калегіі, прайсці некалькі гэтых этапаў і здаць «экстэрнам».

Медыцыне акадэмічнага ўзроў­ню Скарына вучыўся ў Кракаве. Там у той час ужо працавалі кафедры, але яны яшчэ не атрымалі папскага пацверджання, таму не маглі даваць такога статусу. Мог вывучаць і ў Капенгагене, але там пагарэў фонд універсітэта і захаваліся дакументы толькі з 1611 года. 

«Людзям языка рускага»

У пражскіх выданнях на палях ёсць скарынаўскія каментарыі, ён адзначае, што кніга прызначалася «паспалітаму люду языка рускага». Калі перакласці на сучасную мову, гэта значыць, усяму народу, беларусам.

Ён сапраўды патрыёт, калі вы­ка­рыстоўваць гэты сучасны тэрмін. Тое, што ён захаваў сваю этнічную свядомасць, тое, што ён заўсёды згадваў Полацк, хоць быў там даволі рэдка — пасля таго, як ад’ехаў з Прагі, звестак няма, што ён наведваў. Адчуваецца, што чалавек быў прывязаны да сваёй Радзімы, увогуле да свайго «рускага народа». Заўважце, што тэрмін «русіны» ў дачыненні да маскавітаў тады амаль не вы­ка­рыстоўваўся…

Стагоддзем пазней уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява, якому надакучылі рэнесансавыя прэтэнзіі і крытыка каталіцызму, пісаў, што ўсё гэта пачалося ад Скарыны, які навыдаваў кніг, якія куплялі рускія папы і русіны. А па­сля Скарыны, маўляў, пайшлі ерэ­ты­кі Будны, Цяпінскі, пайшлі аб’яднанні, брацтвы і г.д.

Ці былі ў Скарыны вусы

Перш, чым разбірацца з гэтай тэмай, вы знайдзіце сапраўдныя адбіткі той гравюры, а не тое, што пасля падраблялася і пу­блі­ка­ва­лася ў папулярных выданнях. Далёка не ва ўсіх кніжках гравюры сапраўдныя. Капііст мог зрабіць такую копію, якую мог прадаць як рэальную кнігу. Сярод тых 11 выданняў, якія былі ў Нацыянальнай бібліятэцы, адзін экзэмпляр яўна копія. Я паглядзеў яе і сказаў, што гэта нельга лічыць ары­гі­налам: там пырскі захаваліся ад таго, што пяром малявалі. Калі друкавалі, адліваўся шрыфт, які не даваў такіх пырскаў. 

Скарына і Лютэр

Спецыялісты, якія займаюцца вывучэннем творчасці Скарыны, часта збіваюцца ў фантазіі.

Гіпатэтычная версія ёсць, што Скарына сустракаўся з Лютэрам, што той так спужаўся, што ўцёк у Вітэнберг. Нічога не ўказвае на тое, што гэта быў Скарына. Першыя выданні ўспамінаюць нейкага яўрэя, які перахрысціўся і якога каталіцкія біскупы накіравалі ў Германію, каб ён змагаўся з ерэтыком Лютэрам.

Ёсць яшчэ легенда, што друкарня ў Вільні згарэла. Як згарэла, калі ініцыялы з яго віленскай друкарні выкарыстоўваліся ў бра­ц­кай свята-духаўскай дру­кар­ні да 1653 года? 

Дзе шукаць новыя звесткі

Што даказалі навукоўцы за апо­шні час? Удалося ўдаклад­ніць дату смерці. Ёсць прывілей караля чэшскага Сімяону, сыну Скарыны, які атрымаў спадчыну, якая засталася ад бацькі. Паколькі дакумент самага пачатку 1552-га, значыць, памёр Скарына, магчыма, у 1551-м. Ускосны доказ: прыехалі два крэдыторы з Вільні ў той час. Не сталі б чакаць з 1541-га (год смерці Скарыны паводле іншай версіі).

Зараз адшукалі, што ёсць згадкі пра Сімяона Скарыну ў чэшскіх дакументах. Там, у Празе, уся падшыўка дакументаў захавала­ся — гэта трэба год працаваць, каб усё вывучыць. Але тады можна знайсці нейкія папярэднія дакументы і выйсці на новыя звесткі пра Скарыну.

У Рыме трэба вывучаць. Раз ён быў сакратаром караля Даніі («Дакіі»), то выбіраўся туды, гэта мусіла фіксавацца.

У Кракаве трэба шукаць матэрыялы. Нядаўна выйшла кні­га «Ліцвіны ў Кракаве». Там не­за­доў­га да 1512-га згадваецца фі­нан­савая спрэчка Скарыны з мяс­цо­­вай мяшчанкай.

У Вільні, дзе Скарына працаваў, быў штатнай фігурай у біскупа, загінулі найбольш раннія біс­куп­скія архівы. Нешта фрагментарнае захавалася. Напрыклад, будавалі касцёл — сярод сведкаў згадваецца доктар Францыск, гэта яўна Скарына.

Многае будзе знойдзена яшчэ, бо фігура была сапраўды маштабная, рэнесансавая. Гэты чалавек, Францыск Скары­на, вырашыў вы­даць Святое пісьмо — без санк­цыі Царквы, але для патрэб і Царквы, і «паспалітага люду языка рускага».

* * *

Фота history.by.

Георгій Галенчанка

(нар. 1937) — доктар гістарычных навук, гісторык-медыевіст. Больш за 50 гадоў займаецца вывучэннем беларускага кнігадрукавання XVI—XVIII ст. і, у прыватнасці, спадчыны Францыска Скарыны. Гэта сп. Галенчанка развянчаў міф, што Скарыну звалі Георгіем, а не Францыскам.

Чытайце таксама:

Мікола Нікалаеў: Толькі Скарына друкаваў свае партрэты ў Бібліі

Як Скарына прасоўваў эротыку ў масы

Мецэнат Скарыны і пазашлюбны сын караля

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера