Знайсці
01.08.2018 / 20:399РусŁacБел

Турысты месяц не могуць патрапіць на яўрэйскія могілкі ў Гродне. Горад звольніў ахоўнікаў і паставіў замок

Ужо месяц турысты не могуць патрапіць на яўрэйскія могілкі ў Гродне. У пачатку ліпеня горад скасаваў дамову з сям’ёй, якая жыве ля могілак і якая шмат гадоў адкрывала браму прыезджым. Камунальныя службы памянялі замок, а знайсці ключ звычайным турыстам проста нерэальна, піша Hrodna.life.

Паглядзець могілкі ў Гродне едуць пераважна людзі з далёкіх краін, чые сваякі тут пахаваныя. Прыязджаюць сюды мэтанакіравана і турыстычныя групы з Англіі, ЗША і Ізраіля — памаліцца на магілах праведнікаў.

Сёння, у пік турыстычнага сезону, людзі, якія прыехалі паглядзець старыя могілкі, становяцца закладнікамі звычайнай гарадской сітуацыі. Ніхто ў выходны дзень не можа прывезці турыстам ключы ад могілак, ды і даведацца, у каго яны знаходзяцца, замежнікі таксама не могуць. Ля брамы няма ніякай інфармацыі.

Галоўны ўваход на Занёманскія яўрэйскія могілкі ў Гродне.

У сінагозе засмучаныя сітуацыяй і адзначаюць, што не ўсе турысты наогул могуць зразумець, чаму не могуць патрапіць на могілкі.

«Усё жыццё мы накіроўвалі турыстаў да гэтай сям'і, якая адкрывала могілкі і паказвала патрэбную магілу. Яны там і прыбіралі. А зараз усё — пачаліся праблемы, — распавядае старшыня іўдзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі. — Вось нядаўна прыехаў чалавек паглядзець пахаванні - не атрымалася. Я яму сказаў, каб ён тэлефанаваў у гарвыканкам і дамагаўся, каб яму адчынілі браму. А насамрэч звяртацца проста няма да каго: на варотах там ні адраса, ні тэлефона».

Начальнік участка САГа Віктар Чумічаў, які адказвае за могілкі, распавёў, чаму з сям’ёй не працягнулі супрацоўніцтва і як быць далей турыстам.

«Так, сям’я раней працавала на могілках дворнікамі, але іх скарацілі. У горада няма грошай на іх утрыманне. Цяпер могілкі прыбірае раз у месяц спецыяльная брыгада. Пакідаць іх адкрытымі мы не можам з-за вандалаў і таму павесілі свой замак. Але хто захоча туды патрапіць, той і праз плот пералезе. Як быць з турыстамі, мы пакуль не ведаем. Будзем вырашаць гэтае пытанне. Магчыма, завязем ключ у сінагогу».

Барыс Квяткоўскі кажа: каб вырашыць сітуацыю з могілкамі, трэба ўсё вярнуць, як было. Тым часам яму ў сінагогу ўжо паспелі прывезці ключ. Але асабіста ён на могілкі нікога вазіць не будзе.

«А мне навошта ключ? Я не разумею. Сям’я там жыве і рэальна на працягу доўгага часу даглядала могілкі. Мы ім давяралі. Яны працавалі на паўстаўкі і горад плаціў ім усяго 250 рублёў. Гэта што, такія вялікія грошы? Дзякуючы гэтым людзям мы сёння можам прыводзіць могілкі ў прыклад усім у Прынёманскім краі. На могілках пахаваныя вядомыя яўрэі, цадыкі [праведнікі - рэд.] і на іх магілы з’язджаюцца людзі з усяго свету. Трэба вырашаць пытанне з могілкамі».

Руслан Кулевіч, Hrodna.life

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера