Знайсці
31.07.2018 / 17:5615РусŁacБел

Рэцэнзія на Бэла: Чаму Беларусь — не Кітай

Адной з найлепшых кніг пра сучасны Кітай з'яўляецца праца Дэніэла Бэла «Кітайская мадэль. Палітычныя мерытакратыя і межы дэмакратыі», якая выйшла ў выдавецтве Прынстанскага ўніверсітэта. У кнізе няма ніводнай згадкі пра Беларусь, але кніга выдатна паказвае, чаму спробы Беларусі пераймаць кітайскі досвед у эканоміцы проста смешныя, і чаму пры сучаснай уладзе ў Беларусі не адбудзецца ніякай «аўтарытарнай мадэрнізацыі» (як у Кітаі ці Сінгапуры).

Не сакрэт, што беларускія ўлады імкнуцца наладзіць супрацоўніцтва з Кітаем не толькі для таго, каб зменшыць залежнасць ад іншых краін. Для беларускіх улад Кітай — узорная мадэль аўтарытарнай краіны, якая імкліва развіваецца. Беларускія ўлады паказваюць на поспехі Кітая і тым самым гавораць: «Глядзіце, вось Кітай аўтарытарная краіна, але як яна развіваецца! Не абавязкова мець дэмакратычны лад, каб развівалася эканоміка і людзі былі шчаслівымі».

Кітай, безумоўна, недэмакратычная краіна (у заходнім разуменні), але не аўтарытарызм робіць яго такім паспяховым.

Бэл у сваёй кнізе спрабуе знайсці крыніцы поспеху Кітая і сфармаваць прынцыпы, паводле якіх працуе знакамітая «кітайская мадэль». На думку аўтара, прычына поспеху Кітая — у адмове ад усеагульнага выбарчага права.

Аўтар крытыкуе электаральную дэмакратыю заходняга тыпу, то бок сістэму ўсеагульнага выбарчага права па сістэме «адзін чалавек — адзін голас», таму што такая сістэма, як піша Бэл, мае шмат заганаў: мала людзей добра арыентуецца ў палітыцы і дзяржаўных справах, палітыкі маніпулююць выбарцамі і займаюцца папулізмам, урады часта змяняюцца і краіна ў выніку не можа распрацоўваць доўгатэрміновыя стратэгіі развіцця.

Такая сістэма вядзе да таго, што да ўлады прыходзяць не кваліфікаваныя кіраўнікі, а красамоўныя палітыкі-пустасловы. У выніку ўзнікае то «тыранія большасці» (улада неадукаванага і эмацыйнага натоўпу), то «тыранія меншасці» (выбарцы, якія не арыентуюцца ў палітычных пытаннях, аддаюць уладу тым, хто можа дазволіць сабе палітычныя гульні).

У Кітаі, як вядома, няма ўсеагульнага выбарчага права, і там замест электаральнай дэмакратыі дзейнічае мерытакратыя

(прынцып кіравання, паводле якога кіруючыя пасады займаюць найбольш вартыя і здольныя людзі). У дэмакратыі ж іншая сітуацыя, там кіруе той, за каго прагаласавалі выбарцы, і здольнасці чалавека могуць не ўлічвацца. І вось у сваёй кнізе Бэл апісвае гэтую мерытакратыю ў Кітаі.

Мерытакратыя ў Кітаі — не проста прынцып кіравання, гэта складаны шматступенчаты механізм адбору палітычнай эліты, які пачынаецца са школьнай парты. Усе кітайскія кіраўнікі — ад вясковага старасты да найвышэйшых кіраўнікоў камуністычнай партыі — праходзяць жорсткія і складаныя экзамены.

У выніку на галоўныя пасады ў краіне праходзяць самыя адукаваныя і адэкватныя кіраўнікі. Такая сістэма гэта не проста нейкая сучасная распрацоўка Кітая — яна абапіраецца на традыцыйныя канфуцыянскія ўяўленні пра чынавенства, якім больш за 2 тысячы гадоў. Прыкладна столькі ж гадоў і самой сістэме адбору чыноўнікаў з дапамогай экзаменаў.

Такую сістэму ў свеце крытыкуюць за недэмакратычнасць (і шмат у чым справядліва крытыкуюць), але вынік яна дае — Кітай становіцца лідарам не толькі ў эканоміцы, але і ў некаторых іншых сферах (як медыцына ці экалогія), таму што кіраўнікі гэтай краіны абаронены ад неадукаваных выбарцаў, якія вераць у шкоднасць ГМА, гараскопы ці іншую бздуру.

Каб атрымаць пасаду кіраўніка на ўзроўні вышэй за раённага, кітайцу трэба прад'явіць дыплом каледжа і досвед працы на дзвюх розных пасадах ніжэйшага ўзроўню. Шлях да крэсла намесніка міністра займае прыкладна 20 гадоў, прычым даводзіцца пабываць і ў партыйных органах, і на дзяржпрадпрыемствах, і ў грамадскіх арганізацыях або ўніверсітэтах.

Канкурэнцыя за права ўступіць у КПК пачынаецца яшчэ са студэнцкіх гадоў, і партыя звычайна адбірае студэнтаў з высокімі паказчыкамі паспяховасці і лідарскімі якасцямі пераважна з элітных універсітэтаў. Толькі адзін са 140 тысяч кіраўнікоў падымаецца на ўзровень правінцыі або міністэрства.

Як піша Бэл, такога палітыка, як Барака Абаму, не ўзялі б нават менеджарам маленькага раёна ў кітайскай сістэме.

Але ў мерытакратыі ёсць адна істотная загана — брак легітымнасці. Таму ў Кітаі дзейнічае не чыстая мерытакратыя, а хутчэй мерытакратыя на высокім узроўні ўлады з элементамі дэмакратыі на ніжніх узроўнях.

Хаця грамадзяне Кітая і пазбаўлены права абіраць найвышэйшае кіраўніцтва краіны, мясцовыя выбары ў Кітаі ёсць. Лічыцца, што мясцовую ўладу кітайцы абіраць здольныя (а вось беларусы гэтага права фактычна пазбаўлены).

Такую сістэму варта было б назваць дэмакратычнай мерытакратыяй. Акрамя вертыкальнай кітайскай мадэлі «мерытакратыя — наверсе, дэмакратыя — унізе», Бэл апісвае яшчэ дзве магчымыя мадэлі дэмакратычнай мерытакратыі.

1. Мадэль, якая аб'ядноўвае мерытакратыю і дэмакратыю на ўзроўні выбарца. Пры такой сістэме звычайныя грамадзяне змогуць галасаваць як звычайна, па сістэме «адзін чалавек — адзін голас», добрым і адукаваным выбарцам можна даваць некалькі галасоў. Загана такой сістэмы ў тым, што палітыкі ў сваіх праграмах будуць арыентавацца толькі на выбарцаў з некалькімі галасамі, і ігнараваць звычайных выбарцаў. Ну і самі выбарцы, якія маюць толькі адзін голас, проста могуць страціць матывацыю хадзіць на выбары.

2. Гарызантальная мадэль, калі будуць паралельна існаваць на ўсіх узроўнях дэмакратычныя і мерытакратычныя інстытуты. Праблема такой сістэмы ў тым, што легітымнасць мерытакратычных інстытутаў у вачах грамадзян будзе меншай, чым дэмакратычных, і грамадзяне будуць проста ігнараваць такія органы кіравання.

У канцы кнігі Бэл прыходзіць да высновы, што мерытакратыя (альбо спалучэнне мерытакратыі і дэмакратыі) магчымая толькі ў Кітаі (і, можа быць, у В'етнаме) — гэта і менталітэт, і гістарычныя традыцыі, і ўплыў Кампартыі, якая, насамрэч, не з'яўляецца ўжо даўно камуністычнай, і якую Бэл прапануе перайменаваць у «канфуцыянскую».

Пасля чытання кнігі Бэла можна зрабіць відавочную выснову — кітайская мерытакратыя не мае ніякага дачынення да беларускага калгаснага неафеадалізму. І спробы беларускай улады пасябраваць з Кітаем — звычайны карга-культ.

Так, Кітай аўтарытарны, але там існуе культ разумнага і адукаванага чыноўніка, а таксама добрыя механізмы адбору такіх чыноўнікаў. А вось беларуская аўтарытарная сістэма — звычайны феадалізм, які перашкаджае разумным людзям ісці ва ўладу.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930