Знайсці
31.07.2018 / 17:3534РусŁacБел

Дзікі сабака на пустцы. Расейска-беларуская развязка набліжаецца?

Сваім меркаваннем дзеліцца Алесь Чайчыц.

Віктар Марціновіч тонка адчуў цяперашні момант у расейска-беларускіх стасунках.

Паміж афіцыйнымі Беларусьсю і Расеяй на фоне пампэзнага фальшывага фасаду «Саюзнай дзяржавы» накапілася зашмат нявырашаных і нават публічна не агучаных палітыкамі складаных пытаньняў з сфэраў эканомікі і ідэалёгіі, якія рана ці позна могуць быць пастаўленыя рубам — з боку Расеі, вядома. Пытаньне толькі ў тым, каб для гэтага склаліся адпаведныя абставіны.

Прызначэньне амбасадарам у Беларусі Міхаіла Бабіча, які ніколі перад гэтым не працаваў дыпляматам, але затое працаваў крамлёўскім прадстаўніком у нестабільных рэгіёнах Расеі, можа сапраўды азначаць, што гэты час хутка надыйдзе.

Далучэньне Беларусі як рэванш за СССР

Трэба ясна ўсьведамляць: доўгатэрміновая стратэгічная мэта міжнароднай палітыкі цяперашняга расейскага рэжыму — рэванш за распад СССР. Гэта азначае вяртаньне «страчаных» тэрыторыяў, а значыцца ў тым ліку і фармальную, урачыстую анэксію Беларусі — рана ці позна, у той ці іншай форме (уваход у склад РФ адным ці некалькімі рэгіёнамі, ператварэньне «Саюзнай дзяржавы» ў рэальную адзіную дзяржаву і гэтак далей).

Тое, што пра Беларусь піша «Незыгарь», агучваюць удзельнікі прапагандысцкіх расейскіх talk show і публічна кажа патрыярх РПЦ Кірыл — гэта сапраўды тое, як пра Беларусь думае расейская палітычная эліта. І гэта азначае вялікую рэальную небясьпеку для Беларусі.

Беларусь сёньня мала чым адрозьніваецца ад усходняй Украіны 2013 году: небагатае насельніцтва з слаба выражанай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, з расейскімі каналамі ў тэлевізары і настальгіяй па СССР.

І таму Беларусь — самая лёгкая патэнцыйная здабыча і, магчыма, найбольш імаверны наступны кірунак для чарговага «выратаваньня ад бандэраўскай пагрозы».

Традыцыйная прорасейскасьць Лукашэнкі, дзеля якой Расея падтрымлівала ягоны рэжым усе гэтыя гады — гэта, з аднаго боку, пэўная «індульгенцыя» ад магчымай агрэсіі. Бо дэ-факта падобная агрэсія ўжо мякка зьдзейсьнілася ў час дзяржаўнага перавароту 1995-1996 гадоў, і рэжым Лукашэнкі, які прывязаў Беларусь да Расеі, — яе вынік.

Але, з другога боку, прарасейскасьць і ёсьць самая надзейная пастка для Лукашэнкі, бо сярод ягоных сілавых службаў і чынавецтва вернасьць Расеі і Пуціну можа быць большай, чым да Беларусі. А дзявацца беларускаму кіраўніку, пры ўсім жаданьні захаваць сваю неабмежаваную ўладу над краінай, няма куды: іншых хаўрусьнікаў ягоны расейскамоўны нэасавецкі рэжым сабе за 24 гады не здабыў.

Складаныя гульні Менска

Беларуская ўлада цяпер гуляе ў складаную і супярэчлівую гульню, спрабуючы адначасова дэманстраваць звычайную ляяльнасьць Маскве і страх (у тым ліку перабольшаны) перад расейскай агрэсіяй — Захаду, Украіне і палітычна актыўнай грамадзкасьці ўнутры Беларусі.

Галоўная мэта гэтых гульняў — захаваньне ўнутрыпалітычнага статус-кво і захаваньне расейскай матэрыяльнай падтрымкі разам з памяншэньнем палітычнай залежнасьці ад Масквы, якая ў сваім рэваншы за распад СССР канчаткова перайшла ад «мяккай сілы» да ў тым ліку ваенных інструмэнтаў.

На заходнім кірунку посьпехі відавочныя, аб чым сьведчыць і беспрэцэдэнтны візыт прэзыдэнтаў Нямеччыны і Аўстрыі, і канфэрэнцыя з удзелам кіраўніцтва АБСЭ ў Менску, і той факт, што заходнія дыпляматы, паводле сьведчаньняў, цяпер старанна пазьбягаюць кантактаў з той часткай беларускае апазыцыі, якая не адмаўляецца ад жорсткай рыторыкі ў дачыненьні да рэжыма Лукашэнкі. Эўропа да пэўнага часу відавочна адсоўвае правы чалавека і дэмакратыю на пэрыфэрыю сваіх стасункаў зь Беларусьсю.

Крэмль на фоне гэтай гульні дзейнічае ў публічным полі пакуль збольшага пасіўна. Асабістыя стасункі між А. Лукашэнкам і Ў. Пуцінам відавочна напружаныя, але не пераходзяць у стадыю канфлікту. У расейскіх СМІ пэрыядычна зьяўляюцца аднатыпныя артыкулы, якія распавядаюць пра «пагрозу Майдану» і «рост нацыяналістычных настроеў» у «Белоруссіі» нібыта з санкцыі беларускіх уладаў. Але як ні дзіўна, пакуль што гэткая прапаганда ідзе толькі на карысьць афіцыйнаму Менску (а, можа, і ініцыюецца ім). Антыбеларускія публікацыі канцэнтруюцца пераважна ў маргінальных расейскіх СМІ і ня маюць істотнага ўплыву на расейскую грамадзкую думку, якая надалей сымпатызуе лукашэнкаўскай Беларусі. Пры гэтым такія публікацыі хутка распаўсюджваюцца па беларускай інфармацыйнай прасторы (і, верагодна, дэманструюцца заходнім палітыкам), ствараючы ілюзію антыбеларускай прапагандысцкай «артпадрыхтоўкі» — якая на самой справе пакуль яшчэ не пачалася.

З набліжэньнем чарговых фармальных «выбараў» у Беларусі і па меры таго, як унутры Расеі горшае дабрабыт насельніцтва і расьце патрэба новых замежнапалітычных перамог, фантомы, створаныя, магчыма, беларускай прапагандай, могуць зрабіцца рэальнасьцю.

Што рабіць?

2014 год у чарговы раз прадэманстраваў памылковасьць эканамічнага і палітычнага курсу рэжыму, што ўсталяваўся ў Беларусі ў 1995—1996 гадах.

Арыентацыя на Расею і Цэнтральную Азію замест эўрапейскай інтэграцыі, штучнае падтрыманьне існаваньня стратных савецкіх прадпрыемстваў, убудаваных у мілітарызаваныя савецкія вытворчыя ланцугі, замест іхнай прыватызацыі і радыкальных рэформаў у эканоміцы — менавіта гэта стварыла сытуацыю наўпроставай пагрозы нацыянальнай незалежнасьці Беларусі. 

Беларусь ніколі ня будзе ўзятая пад рэальную палітычную абарону з боку Захаду, пакуль у ёй застаюцца савецкі КДБ, палітычныя вязьні і несвабодныя выбары.

Пакуль беларускі рэжым ня будзе рэфармаваны на ўзроўні сваёй савецкай ДНК, пагроза незалежнасьці нікуды ня зьнікне.

Таму задача для Беларусі — адчыняцца, паступова, але няўхільна трансфармуючы аўтарытарны рэжым у бок дэмакратыі, даючы адпор прапагандзе і пачынаючы рэальную працу па папулярызацыі нацыянальных каштоўнасьцяў.

Канечне, любы рэзкі рывок у бок дэмакратызацыі ці беларусізацыі можа справакаваць агрэсіўныя дзеяньні з боку Крамля. Але рэч у тым, што ў цяперашняй сытуацыі гэтую агрэсію бадай можна толькі адтэрмінаваць ці зьмякчыць. Тут як зь дзікім злым сабакам, сустрэтым на пустыры. Рэзкія рухі справакуюць атаку, пасіўнае стаяньне адтэрмінуе атаку, але ня выратуе. Таму і дзеяньні беларускіх уладаў, беларускай грамадзянскай супольнасьці павінны быць тонкія, асьцярожныя і прадуманыя. І, магчыма, скаардынаваныя. Наперадзе складаныя часы.

Алесь Чайчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930