Знайсці
12.08.2018 / 14:0649РусŁacБел

Як «Мазгабойня» з хобі ператварылася ў самую папулярную беларускую франшызу ў Расіі — інтэрв'ю

У 2018 годзе сярод самых папулярных франшыз на расійскім рынку зноў з’явіўся беларускі брэнд. На гэты раз не тавар, а інтэлектуальная гульня «Мазгабойня», якую прыдумалі двое маладых мінчукоў: Аляксандр Ханін і Кацярына Максімава. Сёлета іх франшыза абышла нават «Мілавіцу».

«Мазгабойня» — гэта паб-квіз, віктарына, ў якую гуляюць кампаніяй у барах. У гульні 7 тураў, агулам 49 пытанняў. На адказ камандзе даецца 100 секундаў. Апошні тур — бліц. Гульня ў першую чаргу забаўляльная, таму пытанні прасцейшыя, чым, напрыклад, у «Што, дзе, калі». Прыз — вялікая бутэлька шампанскага.

Выглядае проста. Але гэта ўжо не проста забаўка для сяброў, а вялікі бізнэс. Сёння ў «Мазгабойню» гуляюць у 180 гарадах 14 краін. За правядзенне гульні ў сваім горадзе трэба плаціць — набываць франшызу. Кошт яе ад 1000 еўра да 10 000 еўра (у залежнасці ад насельніцтва горада). Таксама купец франшызы абавязваецца штомесяц адлічваць кампаніі ад 30 да 200 еўра (таксама ў залежнасці ад памеру насельніцтва населенага пункта) і 10% роялці — плату з выручкі.

Аляксандр Ханін і Кацярына Максімава, «бацькі» гульні, пагутарылі з Уладзем Швядовічам, «Наша Ніва», пра свой бізнэс, Беларусь і падыход да працы.

Пачыналася ўсё з ідэі, якую два егэушнікі падгледзелі ў літоўцаў.

«Наша Ніва»: Што такое «Мазгабойня» сёння? Як выглядае кампанія, якія пасады вы займаеце?

Кацярына Максімава: Мы аперацыйнай дзейнасцю не займаемся ўжо недзе з год. Я ў кампаніі як ментар у аддзеле стварэння прадукту. Але каб мы з Аляксандрам штодня хадзілі на працу — такога няма.

Можна сказаць, што мы займаемся сваімі справамі і дапамагаем праекту.

Аляксандр Ханін: І дзякуй богу, што мы не займаем ніякія пасады. Я аперацыйнай дзейнасцю не займаюся даўжэй за Кацю. У пэўны момант проста разумееш, што гэта шкодзіць кампаніі. Бо калі ты як стваральнік займаешся ўсім сам і хочаш кантраляваць кожны момант, то не даеш развівацца іншым людзям.

КМ: І да таго ж, тады робіш адно і тое ж па коле, не можаш убачыць сітуацыю збоку, больш аб’ектыўна. І робіш тыя ж памылкі.

«НН»: Кацярына, а чым займаецца ментар?

КМ: У нас ідэі кожнага чалавека каштоўныя. Але некаторыя трэба накіраваць трохі ў іншы бок. Штосьці падказаць. Банальна, парэкамендаваць трохі перафармуляваць пытанне для квіза, каб яно загучала «па-мазгабойнаму».

АХ: Наша задача — даць зваротную сувязь, кансультацыю, калі ўзнікаюць пытанні. А кіраўніцтва кампаніяй як бізнэсам ажыццяўляюць іншыя людзі.

Офісы кампаніі ёсць у Мінску, Пецярбургу, Екацярынбургу, Пермі…

КМ: Нават у Маямі!

АХ: Гэтыя офісы — і мінскі таксама — займаюцца толькі правядзеннем гульняў. А ўпраўляючая кампанія падзелена паміж Пецярбургам і Екацярынбургам.

КМ: Сёння «Мазгабойня» — гэта расійскае таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое прадае франшызу на гульні. Яно ажыццяўляе ўсю камерцыйную дзейнасць. Там нашы расейскія сябры, Юля Радзівонава і Сямён Чарнаножкін, а таксама чатыры хлопцы з Екацярынбургу.

«НН»: Вы зусім не ўдзельнічаеце ў бізнэсе?

АХ: Мы ставім перад кампаніяй задачы, паказчыкі, якія хацелі б убачыць. Вектар развіцця, генеральную лінію.

КМ: Але мы не ставім канкрэтных задач, мы думаем больш касмічна. Напрыклад, бачым, што гульні праходзяць выдатна, усё як след. Добра, а давайце паспрабуем перакласці «Мазгабойню» на англійскую мову і праводзіць гульні для экспатаў, якія жывуць у Расіі.

Паспрабавалі, затэсцілі. Добра.

А яшчэ нярэдка паступаюць заяўкі, што дзецям хацелася б таксама гуляць. Ок, робім «Мазгабойню» для дзяцей розных узростаў.

«Наша Ніва»: І што, англійская версія карыстаецца попытам?

АХ: Увесь час праходзіць у Екацярынбургу і Піцеры. Час ад часу — у іншых гарадах. Але мы думалі, будуць удзельнічаць замежнікі, якія жывуць у Расіі. Гіпотэза не спраўдзілася. Збольшага прыходзяць тыя ж рускія гульцы, якія проста добра валодаюць англійскай.

Наступны крок — англійская версія ў Амерыцы. Ну і не толькі там, французская — у Францыі, ну і гэтак далей. Сёння на рускай мове ў Амерыцы шмат народу гуляе, але гэта, адпаведна, былыя мігранты.

«НН»: То бок вы займаецеся генерацыяй ідэй, а расійскія партнёры — продажам іх.

АХ: Ну так.

«НН»: І бывае, калі вы ў захапленні расказваеце свае новыя прыдумкі, а вам адказваюць: гэтага не будзе, бо мы ніколі не прададзім тое, што вы прыдумалі?

КМ: Вядома. Так нам і адказваюць. Аргументуюць чаму, тлумачаць, што можа варта зусім адмовіцца ад чагосьці, штосьці можа перанесці на іншы час.

АХ: У гэтым і быў сэнс зліцця: у бізнэсе лепш разбіраюцца яны, у прадукце — мы.

КМ: Мы з Аляксандрам не бізнэсоўцы. Усе дасягненні «Мазгабойні» як бізнэс-праекта, па вялікім рахунку, дасягненні іншых людзей. Але яны любяць гэтую справу, жывуць ёю гэтак жа, як і мы.

«НН»: Як прымаюцца рашэнні ў кампаніі? За кім апошняе слова?

АХ: Галасуюць заснавальнікі. Рашэнне мусіць быць адзінагалосным. Калі хтосьці супраць — абмяркоўваем.

«НН»: А колькі чалавек працуе ў кампаніі?

КМ: Каля 70. Ёсць некалькі аддзелаў: маркетынг, падтрымка. Аддзел прадукту, HR, юрыдычны, фінансавы… Плюс кіраўніцтва філіямі.

«НН»: Што дае ваша кампанія, калі ў яе набываюць франшызу? Як і што кантралюе?

КМ: Мы даём інструкцыі і рэкамендацыі, як арганізаваць гульню, як падабраць вядучага, расказваем што і калі мусіць здымаць фатограф. Даём пакрокавы мануал: у такі час трэба рассадзіць людзей, у такі — пачаць гульню…

АХ: Мы ж некалькі гадоў праводзілі гульні ўласнаручна. І пасля зрабілі падрабязныя інструкцыі, як гульня мусіць выглядаць.

КМ: Першыя тры гульні з партнёрам, які набыў франшызу, шчыльна працуе служба падтрымкі, якая дапамагае вырашыць усе пытанні, каб усё прайшло спакойна.

«НН»: А наколькі кантралююцца гульні? У вас жа ёсць рэкамендацыі нават па дакладнай працягласці гульняў.

АХ: Калі бачым, што чалавек добра працуе, асноўныя стандарты, візуальны стыль гульні ён не парушае, то пэўныя вольнасці партнёр можа сабе дазволіць.

Калі штосьці ў яго ідзе не так, то размаўляем, высвятляем. Калі ён хоча быць партнёрам, то і ён мусіць да нас прыслухоўвацца, і мы да яго.

«НН»: Самыя праблемныя партнёры?

КМ: Ёсць некаторыя, якія штодня звяртаюцца ў падтрымку. Але гэта ў іх такі лад жыцця.

АХ: Гэта частковае перакладванне адказнасці. Маўляў, мы вам грошы плацім — дайце мне ўсё і так, як я хачу! Але так гэта не працуе. Дзеля гэтага і існуе франшыза, калі кіруючая кампанія ведае трохі больш за партнёра. Гэта бізнэс канкрэтнага чалавека, і калі ён не хоча працаваць — з ім будзем развітвацца.

«НН»: Былі гісторыі, калі прыйшлося разысціся?

АХ: Скажам так, у партнёраў у маленькіх правінцыйных гарадах сваё ўяўленне пра лад жыцця, інтэлектуальнае развіццё… І яны маюць права, бо ведаюць свой рэгіён і людзей лепш. Бо мы тут нібыта ўсе такіе еўрапейскія бізнэсмены, а там у людзей адзін завод на горад і няма чым заняцца. І для іх добра, калі гульню праводзяць ну хоць як.

Ну і ўзнікае непаразуменне часам. У Мінску мы на нейкае першага красавіка паклікалі стрыптызёрак. Кожны перапынак паміж турамі гульні яны выходзілі, і кожны раз на іх было ўсё менш вопраткі. А калі ўсе чакалі, што дзяўчаты на апошні перапынак выйдуць зусім аголенымі, то замест іх выйшлі мужыкі.

На наш погляд, гэта было весела, цікава, усё прайшло не пахабна. Мы ўжо ведалі гульцоў, людзі ўжо ведалі адзін аднаго, нас… Усе пасмяяліся, усё ок.

А ў нейкім горадзе, калі гульню толькі запускалі, партнёр паглядзеў на нас, і амаль адразу выпусціў проста жанчын топлес.

КМ: І гэтае задае абсалютна іншы тон і настрой. Нейкі кабацкі.

АХ: Мы не патлумачылі яму, чаму і як мы зрабілі тое ў Мінску. Партнёр не меў рацыі, але гэта можна назваць і нашай аперацыйнай праблемай.

Часам усе нюансы трэба падрабязна распісваць, прагаворваць, каб гульцы атрымалі задавальненне ад гульні і каб захаваўся дух і стыль «Мазгабойні».

«НН»: А якія санкцыі для партнёраў, з якімі праблемы?

КМ: Калі партнёр не плаціць грошы, то ставім блакаванне, не высылаем яму гульні. Такіх, дарэчы, 2 было ў апошнім месяцы.

АХ: Каб мы разрывалі дамову за нейкую правіну, то не было такога. Ва ўсіх ёсць прыроднае жаданне дамовіцца. Часам самі людзі сыходзяць, бывае, і квізы робяць свае. Юрыдычна ад гэтага няма абароны.

«НН»: Пытанні для гульні таксама ўсе партнёры атрымліваюць ад кампаніі?

КМ: Так. Існуе вялікая база. Але на розныя гульні адпраўляюць розныя пытанні. Трэба, каб у суседніх гарадах пытанні не былі аднолькавымі, сёй-той ездзіць на гульні да суседзяў.

«НН»: А хто прыдумвае пытанні?

КМ: Існуе аўтарская група. Некалькі чалавек сядзяць у Екацярынбургу ў офісе, ёсць фрылансеры. Перыядычна набіраем новых. Над аўтарамі — рэдактар, які размяркоўвае пытанні па турах.

АХ: Я аўтарам працягваю быць. Пакуль у стол пішу, у мяне там вялікая колькасць пытанняў.

КМ: Твой стол хутка трэсне [смяецца].

«НН»: І як аплачваецца такая праца?

КМ: Там не ўсё так проста, там вялікі аб’ём працы. Некаторыя пытанні не падыходзяць для асобных рэгіёнаў. Асобна трэба пісаць пытанні для карпаратываў. Плюс трэба правяраць, каб пытанне не сустракалася ў гульнях «Што, дзе, калі», бо шмат народу гуляе і там, і ў нас, напісаць пытанні для дзіцячых гульняў…

АХ: Пытанне каштуе ад 100 расійскіх рублёў да 600 [ад 3 да 18 беларускіх рублёў]. Залежыць ад таго, у які тур трапіць пытанне. Але 600, здаецца, нікому яшчэ не плацілі.

«НН»: Банальнае пытанне: як пазнаёміліся, як прыйшлі да ідэі заняцца гульнёй?

КМ: Я вучылася ў ЕГУ [Еўрапейскім гуманітарным універсітэце], Саша выкладаў.

АХ: Пазнаёміліся ў моўным лагеры.

 «НН»: Кажуць, вы сустракаліся, пасля разышліся, але працягнулі працаваць разам.

КМ: Так. Гэта былі сур’ёзныя адносіны, пяць гадоў. Не проста адносіны, а асобнае жыццё. Мы жылі праектам, «Мазгабойня» была як вялікае супольнае дзіця, якому аддавалі ўсю энергію і эмоцыі.

«НН»: Пасля не было думкі кінуць праект і разысціся зусім у розныя бакі?

АХ: Ну быў няпросты пераходны перыяд.

КМ: Мы тады проста размеркавалі дзейнасць і амаль не перасякаліся. Але цяпер усё нармальна.

Як калегі, як партнёры, маем выдатныя зносіны паміж сабой.

АХ: Кінуць праект хацелася, але тое было не звязана з нашымі адносінамі. Наадварот, калі ўсё паміж намі развальвалася, «Мазгабойня», як супольная справа, яшчэ трымала нас разам.

Пасля проста наступіў крызіс разумення, для чаго мы гэта робім, эмацыйнае выгаранне… 5 гадоў займаліся ж адным і тым жа.

«НН»: Недзе пісалі, што гульню вы прыдумвалі з літоўцамі.

КМ: Мы жылі ў Вільні, там была хваля паб-квізаў на літоўскай. Пару разоў мы схадзілі, а пасля нам знаёмыя кажуць: давайце мы вам перакладзем пытанні, а вы гульню ў Мінску праведзяце, там жа такога няма. А грошы падзелім.

Мы першы час не вельмі хацелі, але пасля ўсё ж пагадзіліся. Правялі, сабралося 45 чалавек.

НН: Тады ўжо была назва «Мазгабойня»?

КМ: Так.

«НН»: А хто яе прыдумаў?

АХ: Каця. Яна намагалася літаральна перакласці літоўскую назву.

КМ: Гэта неяк я жартаўліва сказала, але атрымалася добра і ярка. Запамінаецца добра, таму адразу спыніліся на ёй.

«НН»: А лагатып?

КМ: Прыдумаў мой сябар з ЕГУ. Намаляваў за пару дзён. Дарэчы, хутка ўжо не будзе ані лагатыпа, ані назвы. Будзе называцца MZGB, чатыры літары і будуць новым лога.

АХ: Але стары лагатып быў вельмі добрым. І хлопец той зрабіў яго бясплатна. І года паўтара таму мы з Кацяй падумалі трохі і даслалі таму хлопцу грошай у знак падзякі. Дакладна не памятаю колькі… 300—400 еўра, здаецца.

КМ: Нее, больш!

АХ: Ды не.

КМ: Саша, я дасылала. Дакладна больш.

«НН»: Добра, вернемся да пачатку «Мазгабойні».

КМ: Ну вось, першыя пару гульняў мы правялі ў Мінску, прычым яшчэ і дапрацоўвалі пытанні. Бо некаторыя былі зразумелымі і цікавымі толькі для літоўскай аўдыторыі.

А пасля нам літоўскія сябры кажуць: слухайце, вы ж нічога не робіце. Давайце вам 30% грошай, нам — 70%.

АХ: Ого, было такое?

КМ: Было. Таму мы адказалі ім — не, дзякуй. Давайце разыдземся.

«НН»: Можна сказаць, што ідэя была літоўцаў, а, пачаўшы тое ж у Беларусі, вы іх фактычна «кінулі».

КМ: Усё залежыць ад гледзішча.

АХ: Інтэрпрэтацыя можа быць і такой, я дапускаю.

КМ: Умовы былі нявыгадныя. Мы тады ездзілі ў Мінск адмыслова рабіць гульні, жылі яшчэ ў Вільні. І 30% не пакрывалі нават дарогу і выдаткі. Літоўскі хлопец пакрыўдзіўся, а сёння і сапраўды, можа выглядае, нібыта мы яго «кінулі».

АХ: Напэўна, ён так і кажа ўсім сёння.

КМ: Я часам сустракаю яго былую дзяўчыну, яна не вітаецца са мной.

Але што здарылася, тое здарылася. А як хто падае гэта — прыватная справа кожнага.

АХ: Але, калі мы скончылі з ім супрацу, ніякіх праблем з грашыма не было. Мы цалкам разлічыліся.

«НН»: Калі зразумелі, што «Мазгабойня» становіцца працай?

КМ: Прыкладна за 2—3 гады. Тады мы пазвальняліся і заняліся шчыльна ёй.

АХ: Мы выбралі тое, што прыносіць больш задавальнення. На той момант, па грошах я прайграў. Але я лічу, што калі ты атрымліваеш асалоду ад сваёй працы, то ўсё будзе добра. І быў упэўнены, што так будзе і з «Мазгабойняй».

Першая прапанова аб партнёрстве да нас прыйшла з Віцебска. Але тады мы не думалі, што гэта можа быць франшызай, мы і слова такога не ведалі.

Пра нас напісала прэса. Пачалі звяртацца новыя партнёры, новыя гарады.

Сёння ў Беларусі гуляюць амаль усе гарады: усе абласныя цэнтры, Барысаў, Баранавічы, Ліда, Пінск, Бабруйск, Маладзечна, Полацк і Наваполацк… Не граюць хіба толькі ў Віцебску, але тое часова.

«НН»: Сёння вы адгаворваеце людзей з малых гарадоў удзельнічаць?

КМ: Калі горад да 50 тысяч насельніцтва, могуць не надта хадзіць на гульню. Але ўсё індывідуальна. Адно з самых маленькіх мястэчак, дзе гуляюць у «Мазгабойню» — Рэж у Расіі [37 тысяч чалавек — НН].

І там была гісторыя, на пару гульняў людзі прыйшлі ў рэстаран, усё добра. А пасля прыйшлі — і нічога не замаўляюць. Гэта для адміністрацыі рэстарана вельмі непрыемна, вядома. Але ж высветлілася, што гульню зладзілі за пару дзён да зарплаты — і ў народа проста скончыліся грошы. На гульню хапіла, і ўсё. Вось, напрыклад, асаблівасць маленькага горада.

«НН»: Як знайшлі партнёраў з Расіі?

АХ: Я быў трэнерам па бізнэс-камунікацыях, там і пазнаёміліся з Сямёнам і ягонай жонкай — цяпер ужо былой — Юліяй. Угаварылі іх правесці гульню ў Пецярбургу. Пайшло добра, і пасля яны прапанавалі нам далей рухацца разам як партнёры. Мы з Кацяй суткі падумалі — і пагадзіліся.

І гэта быў той момант, калі мы ўжо мусілі выбіраць: стаяць на месцы, самім шукаць кагосьці, ці «Мазгабойня» будзе паціху паміраць. І пашчасціла, што Сямён і Юлія якраз сустрэліся нам.

«НН»: «Мазгабойня» для вас гэта сёння што? Хобі?

КМ: Не, даўно не. Але гэта, канечне, вялікі кавалак душы.

АХ: Спачатку было хобі, канечне. Пасля прыйшлося кінуць асноўныя працы, мы займаліся «Мазгабойняй» 15—16 гадзін штодня. Але тое было «ў кайф».

Сёння для нас гэта не хобі, але, фактычна, і не праца.

КМ: Я не магу слова падабраць.

АХ: Справа. Справа жыцця.

КМ: Так, можа так і ёсць.

«НН»: Вы зарэгістравалі гандлёвы знак па ўсім свеце. Дорага гэта?

АХ: Ад 10 да 20 тысяч еўра. 10 тысяч — гэта толькі Еўропа.

КМ: Канкрэтна у Беларусі сама рэгістрацыя бясплатная — плата за экспертызу, што гэты знак нідзе не выкарыстоўваецца. Вось за яе і плаціш.

«НН»: Цяжка знаходзіць персанал?

АХ: Цяпер мы намагаемся набіраць прафесіяналаў, у нас для гэтага працуе HR [кадравы — НН] аддзел. Але шмат народу вырасла са звычайных супрацоўнікаў, якія спачатку збіралі паперкі з адказамі са сталоў.

«НН»: Звальнялі каго?

АХ: Так, даводзілася. Я спрабаваў стварыць аддзел прадукту, але не даў рады. Я не ўпраўленец усё ж. Давялося распусціць людзей.

Было цяжка, першы раз у жыцці, усё ж. Перажываў тыдзень, напэўна.

«НН»: А ёсць адрозненні ў падыходзе да працы паміж беларусамі і расейцамі?

КМ: Думаю, беларусы больш адказныя.

АХ: Больш пісьменныя. Лепш ведаюць расейскую мову, гэта дакладна. Не было яшчэ чалавека з Расіі, які б у перапісцы не рабіў памылак. Гэта катастрофа [усміхаецца].

«НН»: Форбс пісаў, што прыбытак у вашай кампаніі каля 150 мільёнаў рублёў. Гэта амаль 2,5 мільёны даляраў.

КМ: Дзе яны? Дайце мне! [смяецца].

Калі сур’ёзна, то лічыцца, што гадавы абарот каля 100 мільёнаў рублёў [каля 1,5 мільёна даляраў — НН].

АХ: І вельмі важна сабе справаздачу здаваць, што гэта не прыбытак, а касавая выручка, увесь гадавы абарот кампаніі з усімі франшызамі-партнёрамі.

«НН»: Дык а колькі кампанія зарабіла за 2017 год, напрыклад?

 АХ: Не будзем гаварыць.

«НН»: А колькі вы самі зарабляеце?

КМ: Напэўна, таксама не скажам.

«НН»: Добра. З месячнага заробку можаце пайсці набыць недарагі новы аўтамабіль у салоне?

КМ: Не, канечне.

Дарэчы, маёй машыне 10 гадоў.

АХ: Маёй 16.

«НН»: Але некалькі тысяч даляраў у месяц атрымліваецца.

КМ: Ну, так.

АХ: Мы атрымліваем дывідэнды. Чым больш зарабляе кампанія, тым больш і мы. Менш кампанія — і мы менш.

«НН»: Вы казалі, што не працуеце пастаянна. А чым тады займаецеся штодня?

АХ: У мяне ёсць некалькі ідэй для бізнэсу, якія я рыхтую. Адзін звязаны з ежай, другі — з прыгажосцю. І трэці — з інфабізнэсам, анлайн-курсы, думаю, выклічуць цікавасць.

КМ: Я гэты год так добра правяла… Толькі пачынаю жыць, бо раней была працаголікам. Вярнулася да свайго старога захаплення — фатаграфіі.

Плюс я жыву на два гарады — Мінск і Вільня.

АХ: Я падарожнічаю шмат. Апублікавалі расклад матчаў іспанскай футбольнай лігі, я адразу купіў квіткі на самалёт — палячу на абодва Эль Класіка.

«НН»: Вы можаце дазволіць сабе жыць у любой краіне. Але сёння знаходзіцеся ў Беларусі. Гэта часова ці хочаце пражыць усё жыццё тут?

КМ: Я пераеду ў Вільню, па сямейных прычынах. Пакуль рыхтуюцца дакументы.

АХ: Я жыву паміж Польшай, Літвой і Беларуссю. Маю польскі дазвол на жыхарства.

Але я не замарочваюся, у Мінску мне камфортна пакуль. Але краіна мары — Іспанія.

Я ў Барселоне сябе фізічна адчуваю больш дома, чым у Мінску.

«НН»: А вы самі мінчукі?

АХ: Я — так. Мне блізкае да сэрца слова — літвін.

КМ: Я родам з Крыма. І калі пераязджалі — у мяне маці адсюль — вельмі не хацела жыць у Беларусі. Але вось больш за 10 гадоў тут пражыла, пабудавала бізнэс…

Пашпарт у мяне беларускі, але самавызначэнне для мяне — пытанне. Я называю сябе проста славянкай.

«НН»: А што ў Беларусі самае крутое? І што — не?

КМ: Людзі — крутыя. Чыстыя, разумныя.

АХ: А самае непрыемнае — «савок».

«НН»: На вуліцах ці ў галавах?

АХ: І там, і там. Калі ён у галавах, то і на вуліцах непазбежна з’яўляецца.

КМ: Я не заўважаю нейкага «саўка».

АХ: Ну, гэта гледзячы з чым параўноўваць. Адна справа — прыязджаць у Мінск пасля Екацярынбургу. Іншая — пасля Барселоны.

КМ: Шчыра скажу, я калі ў пасля доўгай камандзіроўкі ў Расіі саджуся ў самалёт «Белавія», то пачынаю проста плакаць. Чую хоць і ламаную беларускую мову ад сцюардэс, але думаю: «Ох, дзякуй! Нарэшце, дадому паляцім!»

Я вярнулася неяк з Екацярынбургу ў Беларусь, і адразу машынай трэба было ехаць у Літву. Праязджалі праз Ашмяны. Быў май. І ў Екацярынбургу — холад, бруд. А ў нас — усё квітнее, добрае надвор’е, бардзюры пафарбаваныя… І я еду, і разумею, што Ашмяны — гэта найпрыгажэйшае месца ў свеце! [смяецца].

«НН»: А хто ў Беларусі самы круты бізнэсмен?

АХ: Лукашэнка, канечне. Прадае свае ідэі добра.

Бізнэс гэта не толькі грошы, але і прасоўванне ідэй.

«НН»: Прадае ці прымушае купляць?

КМ: Чалавека немагчыма прымусіць купіць штосьці, калі ён не хоча.

«НН»: І што будзе пасля яго сыходу?

АХ: Будзе ў любым выпадку горш спачатку. Бо як бы ні было сёння, але ўсе прыстасаваліся, усе ведаюць правілы гульні. Усё прадказальна.

А пасля пачнецца часовы хаос. А гэта заўсёды вельмі кепска, асабліва для бізнэсу.

«НН»: Ёсць можа іншыя добрыя бізнэсмены?

АХ: Ну, можна ўзгадаць Кіслага, Добкіна…

Але я б узгадаў Іллю Аксёнава, заснавальніка брэнда беларускай вопраткі LSTR. Мы з ім супрацоўнічалі не адзін раз. Такога адказнага і па-добраму хворага да працы чалавека трэба пашукаць. Я ўвесь літаральна з ног да галавы апрануты часам у ягоную вытворчасць. Усё, ад выбару тканін да гатовай прадукцыі, — сіламі пяці—шасці чалавек. Але асабліва добра ён ловіць хайп: чаго вартыя хаця б прынты на цішотках з Герасімцом ці Копацем.

Таксама варта назваць Яна Бусела, які заснаваў «Графіці», а пасля адкрыў «Бітлджус». Ён класны. Светлы чалавек, робіць добрую справу, асабліва не высоўваецца нікуды, у яго ў кавярні вельмі ўтульна, і джаз.

«НН»: Гэта, у прынцыпе, і ёсць ваша ролевая мадэль — зарабляць, можа, і не надта шмат, але дастаткова грошай і атрымліваць асалоду ад жыцця?

АХ: Так. І рабіць свет трохі лепшым.

Увогуле, мне бліжэйшы тэрмін «прадпрымальнік», чым «бізнэсмен». Бо прадпрымальнік не стаіць на месцы, робіць штосьці і вакол сябе. А бізнэсмен — гэта хтосьці, хто ідзе па галавах, зарабляе грошы, сыходзіць ад падаткаў…

КМ: Для бізнэсмена мэта — мільён даляраў, няважна як. Пасля — два, ну і гэтак далей.

«НН»: А з сусветна вядомых імёнаў хтосьці натхняе? Джобс, Гейтс, іншыя?

АХ: Хутчэй, Рычард Брэнсан. Ён, мне здаецца, працавік. І інаватар. А Ілан Маск — піжон, як мне здаецца.

КМ: А мне падабаецца Маск.

«НН»: Цікава, а як вы ставіцеся да культу айцішнікаў, які пануе ў Беларусі?

КМ: Культ гэта класна. І жаданне быць айцішнікам — класна. Але пасля таго, як гэты культ з’явіўся, усе пайшлі туды, пачалася гонка, людзі выгараюць. Гэта не такая простая праца. Шмат айцішнікаў звяртаецца да псіхатэрапеўтаў.

АХ: Добрыя эйчары IT-кампаній робяць усё, каб чалавек не выгараў і застаўся.

«НН»: Ці так гэта цяжка? Хіба людзі не выгараюць на іншых працах? Рабочы на заводзе не выгарае?

КМ: Рабочы кайфуе пабольш, чым праграміст.

АХ: Рабочыя бухаюць, прабачце мне мой стэрэатыпізм. Яны атрымліваюць асалоду ад жыцця. Ён жа бухае не таму, што сто тысяч дэталяў вытачыў, стаміўся. Не. Рабочыя бухаюць проста таму, што ім так хочацца, няма чым яшчэ заняцца.

КМ: А калі п’юць праграмісты, то гэта спосаб зняць стрэс.

«НН»: У нейкім інтэрв’ю вы казалі, што чалавек сам вінаваты калі ў яго малы заробак ці малая пенсія. І, маўляў, не варта вінаваціць дзяржаву, прэзідэнта і чакаць штосьці ад іх.

КМ: Менавіта так. Справа ў табе. Што адбываецца вакол цябе — тваіх рук справа.

АХ: З якога часу мне свет штосьці павінен, увогуле?

«НН»: Але ж краіна не можа жыць без настаўнікаў і нянек у дзіцячых садках, бібліятэкараў. А там заробак малы. І пенсія — капейкі.

АХ: А што ім перашкаджае адкладваць па 10% з кожнай зарплаты?

«НН»: Часам заробкі невысокія зусім. І 20—30 рублёў — грошы, якія маюць значэнне. І бывае, што і іх немагчыма адкласці.

КМ: Ну, бібліятэкарамі ж не нараджаюцца. Свядома становяцца.

«НН»: Але ж хтосьці мусіць выконваць гэтую працу. Можна адмовіцца ад бібліятэкараў. Але ж настаўнікі?

АХ: Пакуль людзі будуць ісці на гэтыя пасады, за малыя грошы, нічога не зменіцца. Як толькі людзі перастануць ісці ў настаўнікі, адразу настаўнікам падымуць заробкі і гэта стане элітнай прафесіяй. А калі перастануць ісці ў бібліятэкары — то з’явяцца аўтаматызаваныя кніжныя архівы.

КМ: Усё зменіцца, калі людзі перастануць пагаджацца на гэтыя заробкі. А пакуль так атрымліваецца, што чалавек сам уладкоўваецца і пачынае чакаць падачак зверху.

Хочаш змяніць жыццё — мяняй.

Гутарыў Улад Швядовіч, фоты Вольгі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера