Знайсці
26.07.2018 / 11:0530РусŁacБел

Брытанскі прафесар наведаў Мінск: «Гэта ўнікальна!»

Прафесар эканомікі з Лондану стварыў міні-гід па беларускай сталіцы.

Прафесар эканомікі ў міжнароднай бізнэс-школе ESCP Europe Энтані Джэй Эванс быў настолькі ўражаны побытам у беларускай сталіцы, што стварыў на сваім сайце невялікі гід па Мінску.

 «Я наведаў Мінск у чаканні пабачыць савецкую машыну часу, — піша ён. — Я думаў, ён будзе падобны да Масквы, якой яна была ў 1992 годзе. Але я памыляўся!»

Прафесар, як і многія іншыя заходнія вандроўнікі да яго, заўважае, што горад быў цалкам разбураны ў мінулую вайну і пабудаваны наноў. Ён паўсюдна назіраў людзей у вайсковай уніформе, быў здзіўлены трактарамі на гарадскіх вуліцах і «бездакорнай ахайнасцю» вопраткі сталічных школьнікаў.

Адсутнасць дэмакратычнай пераемнасці ўлады кідае на горад «інтрыгоўны цень», прызнаецца Энтані Джэй Эванс.

«Але горад вельмі жывы, заможны, і беззаганна чысты», — піша прафесар. Вандроўка ў Мінск нагадала яму, хутчэй, кароткія вакацыі ў прыбалтыйскім горадзе, а не «стэрэатыпную ўсходнееўрапейскую глухмень». Ён адзначыў добра зладжанаую сетку прыгараднай чыгункі і прыгажосць сталічных ваколіцаў.

У сваім міні-гідзе прафесар прыводзіць спіс карысных парадаў для вандроўнікаў. Набор досыць звыклы — прывакзальныя дамы «брама Мінску», Траецкае прадмесце, ГУМ. Таксама ён раіць наведаць «стылёвыя бістро» на вуліцы Карла Маркса, завітаць на Зыбіцкую з яе барамі ды Кастрычніцкую з яе мураламі ды «хіпстарскай кавай». А вось інфармацыю пра «бязвіз» на трыццаць дзён аўтар дадаць яшчэ не паспеў.

«Я моцна рэкамендую візіт у Беларусь», — піша прафесар.

«Мінск прапануе інтрыгоўную сумесь стандартнай еўрапейскай атмасферы з захапляльным гістарычным кантэкстам. Беларусь не зусім Польшча і не зусім Расія, яна нешта іншае. Нешта грунтоўнае і сталае. Але тое, што глядзіць у будучыню з аптымізмам. Гэта сапраўды ўнікальна», — падсумоўвае ён.

Руслан Гаёк паводле econ.anthonyjevans.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера