Знайсці
21.10.2018 / 12:594РусŁacБел

Што трэба для атрымання пашпарта?

Дакументам, які сведчыць пра асобу і грамадзянства канкрэтнага чалавека і прызначаны як для ўнутранага карыстання, так і для паездак за мяжу, з’яўляецца пашпарт. Аформіць дакумент для дзіцяці можна і з першага дня яго з’яўлення на свет, аднак абавязковым з’яўляецца атрыманне пашпарта ў 14 гадоў.

Што неабходна для атрымання пашпарта, калі ўзрост дзіцяці не дасягнуў 14 гадоў?

  • заява і пашпарт аднаго з бацькоў;
  • пасведчанне аб нараджэнні непаўналетняга;
  • 4 каляровыя фота на адным аркушы («на пашпарт»), якія адпавядаюць узросту;
  • дакументы, неабходныя для рэгістрацыі па месцы жыхарства (тэхпашпарт на дом з БТІ).

Дакумент будзе выдадзены на 5 гадоў. Аднак не забывайце: па фота трохмесячнага дзіцяці немагчыма ідэнтыфікаваць дзіця трох гадоў — прыйдзецца замяніць пашпарт раней.

Афармленне пашпарта дзецям да 14 гадоў ажыццяўляецца бясплатна.

Асабісты подпіс уладальніка пашпарта не ставіцца. Сам дакумент атрымлівае адзін з бацькоў.

Што рабіць, калі дзіця нарадзілася не ў Беларусі?

Даволі часта сустракаецца сітуацыя, калі адзін з бацькоў — грамадзянін Беларусі, а другі — прадстаўнік іншай краіны. Пры нараджэнні дзіця атрымлівае два грамадзянствы. Можа быць і трэцяе — па краіне нараджэння. Усе яны захоўваюцца да моманту паўналецця дзіцяці (18 гадоў). Але для Беларусі мае значэнне толькі наша, беларускае.

Пасля нараджэння малога грамадзянін Беларусі павінен звярнуцца ў беларускае пасольства, каб атрымаць для дзіцяці пасведчанне на вяртанне ў Беларусь, а пры першым наведванні Беларусі трэба аформіць дзіцяці пашпарт.

Дакументы на афармленне беларускага пашпарта дзіцяці, якое нарадзілася і пражывае за мяжой, павінен падаваць асабіста той з бацькоў, хто з’яўляецца беларускім грамадзянінам. Ён жа атрымлівае пашпарт дзіцяці.

 

Якія дакументы неабходны для атрымання пашпарта ў 14 гадоў?

  • заява;
  • пасведчанне аб нараджэнні непаўналетняга;
  • пашпарты абаіх бацькоў;
  • 4 каляровыя фота на адным аркушы («на пашпарт»), якія адпавядаюць узросту;
  • дакументы, неабходныя для рэгістрацыі па месцы жыхарства (тэхпашпарт на дом з БТІ).;
  • квіток аб аплаце дзяржпошліны за афармленне пашпарта (1 базавая велічыня). Гэта прасцей зрабіць праз АРІП. Лайфхак: каб атрымаць пашпарт бясплатна, падайце дакументы крыху раней за месяц да 14-годдзя.

У выпадку, калі бацькі дзіцяці зарэгістраваны па розных адрасах, неабходна даць пісьмовую згоду аднаго з бацькоў на месца рэгістрацыі дзіцяці.

Пашпарт выдаецца на 10 гадоў з моманту яго выдачы, а не даты нараджэння.

Пражыванне падлеткаў, старэйшых за 14 гадоў, без пашпарта класіфікуецца як адміністратыўнае парушэнне і караецца штрафам у памеры ад 2 да 4 базавых велічынь. 

Тэрміны афармлення пашпарта

Стандартны час афармлення дакумента — 1 месяц. За тэрміновасць (пашпарт будзе выдадзены праз 15 дзён) неабходна будзе даплаціць 1 базавую велічыню. Жадаеце атрымаць пашпарт за тыдзень — прыйдзецца аддаць ужо 2 базавыя (без уліку абавязковай дзяржпошліны).

Дзе атрымаць пашпарт?

Выдача пашпарта ажыццяўляецца ў тэрытарыяльным аддзеле па грамадзянстве або пашпартным стале. Для атрымання пашпарта павінен прысутнічаць сам падлетак або яго бацькі (пры немагчымасці прысутнасці дзіцяці).

 

Акурат такая ж працэдура афармлення адбываецца пры замене пашпарта. З дакументаў спатрэбяцца ўсё тыя ж 4 каляровыя фота на адным аркушы («на пашпарт»), якія адпавядаюць узросту, пасведчанне аб нараджэнні, квіток аб аплаце дзяржпошліны і заява, узор якой знойдзецца на стэндах пашпартнага стала. Дадаткова захапіце (па сітуацыі) пасведчанне аб заключэнні/скасаванні шлюбу, пасведчанне аб смерці жонкі/мужа, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (дзяцей) — у выпадку наяўнасці непаўналетніх дзяцей. Для зверкі інфармацыі спатрэбіцца арыгінал, а пры падачы дакументаў — копія.

У якіх выпадках трэба замяніць пашпарт?

Да сітуацый, якія патрабуюць зварот у пашпартны стол для замены дакумента, адносяцца:

  • заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта;
  • заканчэнне аркушаў для штампаў;
  • змяненне палавой прыналежнасці;
  • выяўленне недакладнасцяў у запісах;
  • змена прозвішча пасля заключэння шлюбу;
  • сапсаваныя (размаляваныя, намочаныя) дакументы;
  • калі пашпарт скрадзены або згублены.

Калі пашпарт па нейкіх прычынах страчаны за межамі краіны, неабходна звярнуцца ў пасольства, дзе выдадуць пасведчанне, якое дае права вярнуцца ў Беларусь. Па вяртанні тэрмінова звяртайцеся па новы дакумент.

На што звярнуць увагу?

  • Пры змене прозвішча стары пашпарт дзейнічае 30 дзён. Калі ў пашпарце стаіць віза, тэрмін дзеяння якой не скончыўся, то пасля звароту ў пасольства віза павінна перанесціся ў новы дакумент. Калі вы плануеце адразу пасля вяселля адправіцца ў падарожжа, то неабходна будзе вярнуцца на радзіму ў 30-дзённы тэрмін, пакуль пашпарт яшчэ дзейнічае.
  • Калі пашпарт згублены ці скрадзены, не забудзьце звярнуцца з заявай у органы правапарадку і апісаць сітуацыю. Пажадана мець пры сабе дакумент, які пасведчыць вашу асобу (пасведчанне аб нараджэнні, шлюбе, правы кіроўцы). У міліцыі вы атрымаеце даведку, сапраўдную на працягу месяца, з якой неабходна звярнуцца ў пашпартны стол.
  • Пачынаючы з 2012 года пашпарт выдаюць тэрмінам на 10 гадоў. Пашпарты, атрыманыя да 2012 года тэрмінам дзеяння больш за 10 гадоў, з’яўляюцца сапраўднымі на тэрыторыі нашай дзяржавы. Для паездкі за мяжу яго неабходна будзе замяніць, паколькі па міжнародных стандартах пашпарт вандроўніка не павінен быць старэйшым за 10 год.
  • Аматары падарожжаў абавязкова павінны зрабіць копіі мінулых шэнгенскіх візаў, каб пасля гэтыя копіі прыкласці да дакументаў у пасольства.

Сачыце за тэрмінам дзеяння пашпарта, каб не губляць час і грошы!

Настасся Смірнова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера