Знайсці
31.03.2020 / 11:561РусŁacБел

Казка са шчаслівым канцом пра двух плюшавых медзведзянят

У Віцебску існуе музей старых цацак. Кожны наведнік музея абавязкова сярод экспанатаў пазнае тую самаю машынку ці ляльку, з якой гуляў 20, 30 гадоў таму. Ёсць цацкі, з каторымі гуляла і пакаленне дзяцей 50-60-х гадоў.

Заснавальнік музея, Уладзімір Гардзееў, расказвае, што вельмі часта даводзіцца чуць ад наведнікаў фразу: «Ну сынок, ну пачакай, ну давай яшчэ тут пабудзем». Гэта таты, якіх з музея, бывае, не выцягнеш за вушы.

Канструктары, салдацікі, педальныя машыны, лялькі, бразготкі, ёлачныя цацкі — прасцей пералічыць, чаго ў музеі няма. І вось сярод гэтай разнастайнасці на машынках сядзяць два аднолькавыя плюшавыя медзведзяняты. І гісторыя ў іх наступная…

«Калісьці, даўным-даўно, а канкрэтна ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, адна з цацачных фабрык у Маскве выпускала дзіцячую цацку — плюшавага, набітага пілавіннем, мядзведзя. У гэтага мядзведзя рухаліся ўсе чатыры лапы, і гэты мішка мог нават рыкаць. Ён крахтаў, калі яго нахілялі.

З таго часу прайшло сорак гадоў, медзведзяняты даўно знайшлі сваіх гаспадароў, а многіх ужо проста выкінулі, як зайчыка з вядомага верша Агніі Барто.

Аднойчы я праходзіў праз адзін стары маскоўскі дворык і ўбачыў сумныя вочкі-гузікі такога мядзведзя. Ён адзін, кінуты і нікому не патрэбны, сядзеў каля смеццевага кантэйнера. Церушыў дождж, і здавалася, што мішка плача. Я забраў яго дадому. І назваў яго Арыстархам.

Прайшло яшчэ 18 год. Мой Арыстарх крыху пасталеў, але ў яго з’явіўся дом і стабільная праца. Арыстарх працуе экспанатам майго музея цацак. І як аказалася, ён адзін з самых старых яго «жыхароў», сапраўдны талісман музея.

Жыццё ідзе сваім парадкам. У пошуках новых экспанатаў я разглядаю ўкраінскую дошку аб'яў і бачу… майго Арыстарха.

У Харкаве. Няўжо збег? Прыгледзеўшыся, разумею, што мядзведзі практычна аднолькавыя, у харкаўскага толькі рэстаўраваны вушкі, усё астатняе ідэнтычнае. Пішу прадаўцу. Жанчына Алена распавядае, Што Патапыча прывезлі ў падарунак яе маме з Масквы ў Харкаў ў сярэдзіне 70-х. Я распавёў ёй пра музей. Алена вельмі рада, што цацка не знікне, і абяцае адправіць Патапыча да брата. Праходзіць некаторы час, і складаным шляхам: Харкаў — Адэса — Мінск — Віцебск, — Патапыч прыязджае ў музей. З сабой ён прывёз цэлую машыну іншых цацак.

Так здараецца ў музеі, што прыходзяць ужо сталыя людзі, глядзяць на старыя цацкі, пляскаюць сябе па ілбе і ўспамінаюць, што недзе на антрэсолях захоўваецца стары мішка ці любімая ў дзяцінстве машынка. І прыносяць іх да мяне, каб не прапалі. І каб не паўтарылі лёс Арыстарха, калі ён аднойчы ў дождж аказаўся адзін, нікому не патрэбны, на маскоўскай сметніцы».

P.S. У Арыстарха і Патапыча ёсць яшчэ адзін «брацік». Гэты фотаздымак Уладзіміру Гардзееву прынёс жыхар Віцебска. Але хто на ім, не расказаў.

 

Наталля Тур, фота Уладзіміра Гардзеева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930