Знайсці
21.07.2018 / 17:0729РусŁacБел

У Бушыках на Глыбоччыне прайшоў вясковы царкоўны фэст, як і дзясяткі гадоў таму ФОТАРЭПАРТАЖ

У вёсцы Бушыкі на Глыбоччыне адбываецца галоўная падзея году — фэст Казанскай Божай Маці у царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Царква ў Бушыках — даўней яна афіцыйна называлася Залескай — адзін з найстарэйшых праваслаўных храмаў Глыбоччыны. У 1552 годзе тут была драўляная праваслаўная царква, заснаваная старым полацкім родам Корсакаў, якім належала Залессе. У 1783 годзе тут была ўзведзеная мураваная ўніяцкая царква, якая, трохі перабудаваная, стаіць па сёння.

Царква ў Бушыках — маляўнічая і адна з найстарэйшых на Глыбоччыне.

«Колькі сябе памятаю, гэта быў сакральны дзень для ўсёй вёскі, — распавядае журналіст Генадзь Шарыпкін, які адсюль родам. — Гэта быў адзіны дзень, калі кароў не выганялі ў поле — навязвалі каля хат, у садах. Бо ў свята ўсе павінны адпачываць, у тым ліку і тыя, у каго ў гэты дзень можа прыпасці радоўка (чарга пасвіць вясковы статак — «НН»)». Нават на работу ў калгас людзі ў гэты дзень не ішлі, а начальства вымушана было заплюшчваць вочы, кажа Шарыпкін.

Як і даўней, на фэст прыходзяць і старыя і малыя.

На фэст сабралася сотні дзве людзей з усіх вакольных вёсак. Папрыязджалі і з гарадоў тыя, хто мае тут карані. Але, кажа Генадзь Шарыпкін, сённяшняя колькасць людзей не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, колькі на фэст прыязджалі даўней. «У 80-я гады ўся вёска была застаўленая машынамі. А яшчэ на фэст з'язджаліся жабракі і калекі, мусіць, з усёй БССР — гэта за Саветамі адзінае месца, дзе можна было сапраўдных жабракоў пад царквой пабачыць», — успамінае Шарыпкін.

Людзі выйшлі на падворак загадзя, каб сустрэць і прывітаць Уладыку.

На фэст прыехаў архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Хвілін дваццаць усе стаяць у напружаным і маўклівым чаканні. Нарэшце пад'язджае бус, з яго выходзіць Феадосій. — Каго чакаеце? — Вас, Уладыка, — адказваюць верніцы, што стаяць бліжэй. — Службы Божай! — папраўляе іх архіяпіскап і заклікае ўсіх, каб ішлі ў храм. «Мужчыны, ідзіце! Мужчыны ж у нас менш ахвочыя да малітвы. «Ты ідзі маліся, а я на вуліцы пабуду», — гэтак жа кажаце?», — задае ён рытарычнае пытанне.

 

Архіяпіскап Феадосій вітае людзей і заклікае ісці ў храм маліцца.

Вернікі выслалі япіскапу сцежку аерам ад вуліцы да царкоўных дзвярэй. «Прыгожа як у Валадарстве Нябесным! Аж шкада ступаць па ёй», — кажа Феадосій — падымаецца па прыступках, благаслаўляе людзей і віншуе са святам. Каля царкоўных дзвярэй яго сустракаюць жанчыны, уручаюць каравай і з моцным хваляваннем кажуць прывітальную прамову. Япіскап дзякуе ім, а потым вітае дзетак, уручае ім па плітцы шакаладу.

А каля царквы прадаюць, па старой традыцыі, самаробныя цукеркі — лізуны-«петушкі» і доўгія, закручаныя ў гафраваную паперу, «махры». «У нас усё на мёдзе, ніякага цукру, — кажа жанчына, якая гандлюе цукеркамі. — Яшчэ мае дзяды гэтым займаліся, некалькі пакаленняў. У 60-я трэба было з-пад палы прадаваць, хаваліся. А цяпер можам адкрыта».

 

Славутыя «пеўнікі» — атрыбут усіх царкоўных і касцельных фэстаў на Паазер'і.

Пасля набажэнства і Святой Літургіі па традыцыі адбываецца хрэсны ход. Святары з вернікамі і з архіяпіскапам абыходзяць храм з харугвамі ды абразом Маці Божай і чытаюць чатыры ўрыўкі з Евангелля. Святар бласлаўляе людзей крыжам і кропіць свянцонай вадой, гучна кажучы: «Са святам!» Потым вяртаюцца ў царкву і працягваюць маліцца, пералічваючы імёны жывых і памерлых з запісак. Свята цягнецца некалькі гадзін, і людзі моляцца гэтаксама, як маліліся іх дзяды і прадзеды ў гэтай царкве.

 

Пакуль людзі моляцца ў царкве, дзеці частуюцца цукеркамі на возе. Для многіх фэст — ужо не рэлігійная падзея, а даніна мясцовай традыцыі.

Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930