Знайсці
21.07.2018 / 08:449РусŁacБел

Яшчэ адзін Касцюшка!

Летась у выдавецтве «Тэхналогія» ў серыі «Нашы славутыя землякі» выйшла кніга А. Раманчук і В. Ярмоленкі «Архонт мёртвага горада. Кароль Касцюшка-Валюжыніч», прысвечаная вядомаму археолагу, заснавальніку і першаму дырэктару музея старажытнага ХерсанесаКаралю Касцюшку-Валюжынічу.

Кароль Касцюшка-Валюжыніч у працоўным кабінеце. Здымак пачатку ХХ стагоддзя.

Пачатак жыццёвага шляху

Каро́ль Касцюшка-Валюжыніч нарадзіўся 2 мая (20 красавіка ст. ст.) 1847 года ў родавым маёнтку Новае Сяло Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у беларускай шляхецкай сям’і.

Атрымаўшы добрую хатнюю адукацыю, у жніўні 1859 года, у 12 гадоў, Кароль Касцюшка-Валюжыніч паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Інстытута Корпуса горных інжынераў у Пецярбурзе. У той час гэта была прэстыжная закрытая вайсковая навучальная ўстанова, якая славілася высокім роўнем адукацыі.

Няма сумневу, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч з часам стаў бы выдатным горным інжынерам. Для гэтага ў яго было ўсё — і здольнасці, і імкненне. Але скончыць Горны інстытут яму не давялося. 20 верасня 1865 года ён быў звольнены з 5-га падрыхтоўчага класа — магчыма, праз свае «касцюшкаўскія» ідэалы, а паводле іншых сведчанняў — проста як сваяк (няхай сабе і далёкі) вядомага правадыра паўстання.

Праца на чыгунцы

Паводле аўтабіяграфіі, вярнуўшыся ў Новае Сяло, Кароль «працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоўскім фальварку». Ён добра ведаў нямецкую мову, і гэта дапамагло праз тры гады, у 1868 годзе, уладкавацца на працу ва ўправу Дынабург-Віцебскай чыгункі на пасаду памочніка галоўнага інжынера. Праца была звязаная з улікам матэрыяльных каштоўнасцяў. Касцюшку-Валюжынічу даводзілася наведваць Каўказ і Урал, Сярэднюю Азію і Сібір — грузы з таварных цягнікоў у Расеі, як і цяпер, часта прападалі, і ён выязджаў на неабсяжныя прасторы імперыі па судовых справах.

Гады вучобы ў сырым Пецярбургу, неспрыяльныя ўмовы працы, няспынныя пераезды цягнікамі драматычна адбіліся на ягоным здароўі. У 1879 годзе Кароль змушаны быў паехаць у Севастопаль лячыцца ад хваробы лёгкіх. Там пачаў працаваць ва ўправе Лазова-Севастопальскай чыгункі (спачатку на пасадзе канторшчыка, а пасля — старшага бухгалтара-рахункавода). Увосень 1881 года ён пакінуў службу з уласнага жадання, а налета перанёс цяжкую аперацыю: з прычыны абсцэсу яму было выдалена лёгкае. Лекары рэкамендавалі назаўжды пасяліцца ў Крыме, і ён набыў дом у Севастопалі, дзе і пражыў да канца жыцця.

Страбон памыляўся?

Мы не ведаем, калі дакладна ў нашага земляка ўзнікла цікавасць да Антычнасці, але ўжо ў 1882 годзе ён заснаваў Гурток аматараў гісторыі і старажытнасцяў Крыма з музеем і бібліятэкай.

У 1888 годзе, паводле рэкамендацыі віцэ-прэзідэнта Адэскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў У. Юргевіча, яго запрасілі да вядзення работ у Херсанесе. Касцюшка стаў памочнікам выдатнага расейскага візантыніста Н. Кандакова, кіраўніка раскопак да 1891 года.

Каб прадэманстраваць важнасць раскопак і прыцягнуць да іх увагу ўплывовых асобаў, а найперш — імператарскай сям’і, трэба было адразу сабраць як мага больш цікавых знаходак. Касцюшка гэта добра разумеў. Ужо ў першы год работ яму ўдалося выявіць сведчанні ранняга існавання Херсанеса на беразе Каранціннай бухты. І хоць гэта былі яшчэ не самыя старажытныя знаходкі, яны выклікалі сумнеў у сведчанні старажытнагрэцкага географа і гісторыка Страбона, які пісаў пра два Херсанесы — старажытны і новы.

Касцюшка-Валюжыніч адзначаў: «Невялікія раскопкі 1890 года і тапаграфія мясцовасці паказалі, што ранні Херсанес мог быць толькі на невялікім паўвостраве ў вышнявіне Казачай бухты. Ці доўга існаваў? Ці быў шматлюдным? Адказы адмоўныя. У III стагоддзі да нараджэння Хрыстова Херсанес знаходзіўся ўжо там, дзе мы яго бачым у цяперашні час». У ходзе дыскусіі, на вынік якой у значнай меры паўплывалі археалагічныя даследаванні 1888—1891 гадоў, было даведзена, што Херсанес ад самага пачатку існаваў на тым самым месцы, што і ў рымскім і візантыйскім перыядах.

Сенсацыйныя знаходкі

У 1889 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў даследаванні адкрытай ім «базілікі ў базіліцы», якая атрымала такі назоў ад таго, што пазнейшы храм (Х стагоддзя) пабудаваны тут на руінах даўнейшага (VІ стагоддзя).

Бадай, самая сенсацыйная эпіграфічная знаходка Караля Касцюшкі-Валюжыніча — мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нараджэння Хрыстова. Верхняя і ніжняя часткі былі знойдзеныя ім у 1890—1891 гадах, а невялікі фрагмент — у 1899 годзе. Даследнік гэтага ўнікальнага помніка В. Латышаў пісаў, што сваёй захаванасцю «клятва херсанесітаў перасягае афінскую», а паводле паўнаты зместу ёй няма роўных на ўсім абшары старажытнагрэцкай цывілізацыі.

Мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нар. Хр.

У 1893—1894 гадах Касцюшка-Валюжыніч адкрыў фрагмент старажытнага абарончага муру ў паўднёва-заходнім куце гарадзішча і пачаў яго планамернае вывучэнне. Фартыфікацыйную агароджу Херсанеса да апошніх дзён жыцця ён лічыў адным з самых важных аб’ектаў даследаванняў.

У 1897 годзе Касцюшка раскапаў вялікі крыжападобны храм, пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Гэтая старажытная пабудова атрымала назоў «храм з ківотам», бо ў ім быў знойдзены рэліквар з мошчамі.

Крыжападобны храм («храм з ківотам»), пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Сучасны аэрафотаздымак.

У 1898 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў першыя археалагічныя даследаванні так званай Вежы Зянона — аднаго з ключавых элементаў фартыфікацыі Херсанеса. Вежа атрымала назоў на імя візантыйскага імператара, які ў 488 годзе фундаваў умацаванне гарадскіх сцен, пра што сведчыць знойдзены на вежы надпіс. Гэта абарончае збудаванне вельмі добра захавалася, што робіць яе каштоўнай гістарычнай крыніцай і выдатным архітэктурна-гістарычным помнікам.

Вежа Зянона. Сучасны здымак

Канфлікты і перашкоды

Жыццё нашага героя было нялёгкім, а часам вельмі цяжкім. Яму даводзілася пераадольваць і супраціў манастырскага начальства, і абыякавасць Вайсковага ведамства, і нават неразуменне кіраўніцтва Археалагічнай камісіі.

Усё, што несла шкоду Херсанесу, ён успрымаў як асабістую драму — узвядзенне манастырскіх будынкаў, пабудова артылерыйскіх батарэй на гарадзішчы… Для манастырскага начальства ён, як каталік, быў чужым чалавекам. Яны трактавалі ўсю візантыйскую спадчыну як праваслаўную. Тым часам падзел хрысціянства на Усходнюю і Заходнюю цэрквы, як цярпліва тлумачыў ім Касцюшка, адбыўся толькі ў 1054 годзе. Але яго і слухаць не хацелі. Адзін з настаяцеляў манастыра пісаў даносы, вінавацячы яго, каталіка, у свядомай варожасці да праваслаўнага манастыра. А старшыня Археалагічнай камісіі граф А. Бобрынскі даводзіў яму, што інтарэсы Вайсковага ведамства (работнікі якога, дарэчы, нажываліся на продажы старажытных знаходак) стаяць вышэй за археалагічныя. Да таго ж некаторыя ганарыстыя навукоўцы, бываючы ў Херсанесе праездам, крытыкавалі ягоныя раскопкі, што, маўляў, вядуцца без пэўнага плана, і сістэму захоўвання экспанатаў у музеі.

Кароль Касцюшка-Валюжыніч суправаджае імператара Мікалая ІІ з імператрыцай на экскурсіі па руінах Херсанеса. 1902 год.

Мара ўсяго жыцця

Зразумела, у тых умовах стварыць у Херсанесе музей было вельмі складана. І ўсё ж у 1892 годзе ў збудаваным на беразе Каранціннай бухты будынку адкрыўся Склад мясцовых старажытнасцяў.

На пачатку ХХ стагоддзя нарэшце было прынятае рашэнне аб узвядзенні спецыяльнага будынка для музея, але набліжалася расейска-японская вайна. І К. Касцюшка-Валюжыніч разумеў, што ў гэты час цяжка спадзявацца на саліднае фінансаванне будаўніцтва. «Жудасна становіцца ад думкі, — пісаў навуковец, — што не дажыву да новага музея. А мне так хацелася б самому ўсё ўладкаваць і спарадкаваць у новым будынку. Калі праект стварэння Херсанескай археалагічнай станцыі не сустрэне спачування, то справе далейшага навуковага даследавання Херсанеса будзе нанесены смяротны ўдар. Выхаваўчае значэнне раскопак будзе страчанае, і за Херсанесам застанецца толькі адна роля — пастаўляць матэрыялы для археалагічных архіваў».

«Я не здраджу Херсанесу…»

Пры канцы верасня 1907 года каля Ялты, на мысе Ай-Тадор, пачаліся раскопкі рымскай фартэцыі Харакс. У часе наведвання гэтых раскопак К. Касцюшка-Валюжыніч трапіў пад доўгую залеву і прастудзіўся, што мела трагічныя наступствы. Больш за месяц хвароба працякала вяла, але пад канец лістапада абвастрылася. Як на тое, у пакоі, дзе знаходзіўся хворы, было вельмі сыра і халодна. Моцны запаленчы працэс закрануў адзінае лёгкае. Самаахвярны даследнік не дажыў да адкрыцця асобнага адмысловага будынка для музея. 27 снежня К. Касцюшка-Валюжыніч памёр ад вострай пнеўманіі і сепсісу ў лякарні Чырвонага Крыжа.

Незадоўга да смерці даследнік напісаў старшыні Маскоўскага археалагічнага таварыства графіні П. Уваравай: «Як архонт мёртвага горада, я пасяліўся на яго руінах, заўсёды знаходжуся там і хацеў бы нават быць пахаваным у Херсанесе». І з горкай іроніяй дадаў: «…але, як паганец (паводле меркавання тутэйшых святых айцоў), вядома, не заслужыў такога гонару». Аднак жа сталася іначай. Касцюшку-Валюжыніча пахавалі ў двары манастыра, непадалёк ад цэнтральнай плошчы старажытнага горада. Гэта было прызнаннем яго вялікіх заслуг перад навукай.

На магіле, на сціплым пастаменце з шэрага каменю, узвышаецца мармуровая калона з раскопак Херсанеса. Яна стаіць як сімвал 20-гадовай працы дзеля аднаўлення гісторыі старажытнага горада.

З даўніх часоў у студэнтаў, якія прыязджаюць на археалагічную практыку ў Херсанес, існуе традыцыя: прамаўляць словы вернасці Херсанесу ля магілы К. Касцюшкі-Валюжыніча, паўтараючы Прысягу херсанесцаў: «Я не здраджу Херсанесу…». Гэтыя словы адлюстроўваюць жыццёвае крэда нашага героя. У адным з пасланняў у Археалагічную камісію ён пісаў: «Я так адданы справе даследавання Херсанеса і, як фанатык, так далёка зайшоў, што вяртання няма! Для мяне развітацца з Херсанесам — усё роўна, што развітацца з жыццём».

Вынікі навуковай дзейнасці

Ад самага пачатку раскопак у Херсанесе і да канца зямных дзён Касцюшка-Валюжыніч самааддана служыў любімай справе. За ўсю гісторыю вывучэння гарадзішча ніхто не адкрыў гэтулькі помнікаў, не пакінуў пасля сябе такога велізарнага ліставання і дасканалай, з пазіцый таго часу, дакументацыі, як К. Касцюшка-Валюжыніч.

Вынікі ягонай дзейнасці ўражваюць. Ён ажыццявіў маштабныя раскопкі плошчы старажытнага горада: адкрыў жылыя кварталы і вуліцы, крамы і майстэрні, грамадскія будынкі і багата дэкараваныя цэрквы з мазаічнымі падлогамі, сістэму водазабеспячэння і капітальныя абарончыя збудаванні.

Навуковая спадчына К. Касцюшкі-Валюжыніча складае велізарны архіўны фонд (больш за 5 тысяч адзінак захоўвання) — гэта копіі рукапісных справаздач, накіраваных у Археалагічную камісію, фатаграфіі і чарцяжы, якія дакументуюць працэс раскопак, ліставанне з вядучымі навуковымі ўстановамі, гісторыкамі і прыватнымі асобамі.

Старонка справаздачы Караля Касцюшкі-Валюжыніча пра вынікі раскопак

Невычэрпная працаздольнасць Касцюшкі і бязмежная любоў да Херсанеса заклалі аснову вядомага цяпер на ўвесь свет запаведніка, які з’яўляецца ўнікальным гістарычным комплексам і нязменна вабіць да сябе шматлікіх гасцей з розных гарадоў. Гэта не толькі гарадзішча, унесенае ў 2013 годзе ў спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Херсанес стаў адным з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў, дзе працуюць гісторыкі з розных краін. Яшчэ не адно пакаленне гісторыкаў будзе звяртацца да навуковай і творчай спадчыны першага загадчыка гарадзішча, выкарыстоўваць сабраныя ім матэрыялы і даследаваць помнікі, адкрытыя нашым вялікім суайчыннікам.

Экспанаты ў Сховішчы старажытнасцяў.

Паляк ці ліцвін?

Нашы заходнія суседзі па сваёй даўняй звычцы ўсіх беларусаў-каталікоў запісваюць у палякі. Не мінула такая доля і Караля Касцюшку-Валюжыніча. Для іх ён «польскі археолаг», «з старажытнага польскага роду», «гадаваўся ў польскай сям’і». А каб ні ў каго не заставалася сумневаў у паходжанні нашага героя, яны парупіліся зрабіць і падаравалі Херсанескаму музею бюст навукоўца з польскім надпісам. Што на гэта можна сказаць? Адказ даў сам Касцюшка. У адным з нядаўна знойдзеных архіўных дакументаў ягонай рукою пазначана «…не хаваю сваёй ліцвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання».

Праблема ўшанавання памяці на радзіме

Дзіцячыя гады нашага героя прайшлі ў бацькоўскім маёнтку Новае Сяло, які размяшчаўся на правым беразе Дзвіны пры вусці рэчкі Росіца, паблізу сённяшняй беларуска-латвійскай мяжы, побач з мястэчкам Друя.

Цяпер гэтае некалі люднае паселішча дажывае свой век. Пад шатамі лісцёвага лесу — былога прысядзібнага парку — сёння можна пабачыць, але ў вельмі занядбаным стане, тое, што раней было панскай сядзібай, з сажалкай і невялікім азярцом сярод палявога раздолля. Дом у цэлым захаваў першапачатковы выгляд (размяшчэнне пакояў, аконныя і дзвярныя прахоны, ганак, варыстая печ — усё, як і раней), толькі даўнейшы гонтавы дах стаў шыферны. Аднак з фотаздымка, які пераслаў нам пасля выхаду кнігі «Архонт мёртвага горада» гісторык-краязнавец Антон Бубала, відаць, што стан гэтага дома сёння катастрафічны. Тэрмінова патрабуецца кансервацыя і наданне яму статусу ахоўнага аб’екта гістарычна-культурнай спадчыны.

Сядзіба Касцюшкаў-Валюжынічаў. Здымак 2006 г.

Адзін з аўтараў кнігі «Архонт мёртвага горада» Валер Ярмоленка, вялікі энтузіяст аднаўлення родавай сядзібы нашага героя, не дачакаўся выхаду яе ў свет. 22 верасня 2015 года яго не стала. І цяпер няма каму ўзяць на сябе клопат у гэтай важнай справе.

А што далей?

Для мяне як для вядучага рэдактара гэтай кнігі цалкам відавочна, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч — асоба, вартая ўшанавання. Таму я звярнулася ў Грамадскае аб’яднанне «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» да старшыні — Антона Астаповіча. Вельмі ўдзячная яму за хоць і песімістычны, але хуткі і шчыры адказ. Па ўсім відаць, што спадар Антон — чалавек слова, які стараецца не даваць пустых абяцанак. Ён аргументавана давёў, што перспектывы захаваць сядзібу вельмі змрочныя, што гэта амаль немагчыма. На яе аднаўленне патрэбны сродкі, а іх няма і не будзе. І нават калі здарыцца цуд і знойдзецца фундатар, ніхто не захоча даваць грошы, пакуль не вызначаны юрыдычны статус гэтага месца. Гаворка ідзе пра наданне статусу нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці месцу былой сядзібы Касцюшкі-Валюжыніча. У Таварыства займацца гэтай справай няма магчымасці ды матэрыяльных рэсурсаў, да таго ж ёсць план працы на год, а таксама некалькі праектаў, па якіх Таварыства мае абавязкі перад людзьмі і ўладамі.

Няўжо ўсё так змрочна і бесперспектыўна? Няўжо сярод амаль 10-мільённага народа не знойдуцца людзі — і сярод чыноўнікаў, і сярод бізнесоўцаў — якія возьмуць на сябе клопат і адказнасць разварушыць гэтую справу? Якая б занядбаная ні была сядзіба, але яна ёсць! Ад дома Тадэвуша Касцюшкі застаўся адзін падмурак, а яго ж адбудавалі. Лепей жа сёння хоць закансерваваць, чым заўтра ўзнаўляць на пустым месцы. Колькі на гэта трэба грошай? Мабыць жа, нямала, бо нічога не робіцца задарма. Але ж гэта не замак, не палац, а ўсяго толькі драўляны дом. Ці, можа, будзем чакаць, калі ініцыятыву праявяць палякі, якія і грошы знойдуць, і напішуць потым на мемарыяльнай таблічцы «вялікі польскі археолаг»?..

Цяпер шмат гавораць пра патрыятызм. Але без справаў гэтыя словы становяцца пустым гукам. Пацвярджайма сваю любоў да Радзімы канкрэтнай справай!

Алеся Станкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера