Знайсці
21.07.2018 / 11:4116РусŁacБел

Топ-12 уражанняў з Арменіі ад Арцёма Гарбацэвіча

Журналісту «Нашай Нівы» давялося пабываць у Арменіі. Вось некаторыя занатоўкі, якія ён адзначыў пасля вандроўкі.

1. Арменія — страшна бедная краіна. Ніводзін сустрэты армянін не спрабаваў абараніць сваю краіну, усе толькі жаліліся. Ад беднаты людзі нават на бензіне не ездзяць — толькі на газе. Частка заправак проста не абсталяваная бензінавымі калонкамі, бо няма патрэбы. За кошт гэтага, праўда, у краіне недарагое таксі. «Калі б я ездзіў на бензіне, то цана на перавозку была б высокай, і я б зусім ніякіх грошай не зарабляў бы», — кажуць таксісты. 

Тыповы пейзаж для правінцыйнага горада

2. Бедната прымае самыя жахлівыя формы — мне давялося абедаць і вячэраць у выпадковых сем’ях. У адных у кватэры пяціпавярховага дому не было ванны ці душавой кабіны, у другіх жа ванна была, праўда — поўная халоднай вады, адкуль яны чэрпалі збанам ваду і лілі яе на рукі. На маё пытанне, ці гэта такое знаёмае беларусам прафілактычнае адключэнне, яны патлумачылі проста — дорага плаціць за водаправод, таму яго адключылі. І не толькі яны, а амаль што ўвесь дом. Гэта было ў горадзе Ванадзор, дзе жывуць 90 тысяч чалавек (гэта афіцыйна, мясцовыя ж кажуць, што насамрэч не больш за 70 тысяч).

Цяжка ўявіць, каб хоць у якім горадзе Беларусі, хоць у якой сям’і з трох чалавек, дзе абое бацькоў працуюць, была такая сітуацыя. Пры гэтым, гаспадар хаты кляўся, што працуе ад раніцы да вечара, за дзень зарабляе недзе $5-7.

3. Ад беднаты армяне масава ўцякаюць з краіны. Адну ноч я правёў у прыватным вясковым доме. Магло падацца, што там жыве вялікая сям’я з унукамі. Але насамрэч не — у вялізнай хаце жывуць толькі двое пенсіянераў, гэта проста ў час чэмпіяната свету іхняга сына, які працуе кухарам у Сочы, прымусова адправілі ў адпачынак і загадалі вярнуцца, калі чэмпіянат скончыцца. І ён узяў з сабой сям’ю пагасцяваць у бацькоў. Працаваць за мяжой лічыцца прэстыжным.

4. Вяртаўся ў Беларусь я праз Грузію, дарога праходзіла праз высакагорныя раёны Джавахеціі. Пераважна там жывуць армяне, якія апынуліся там пасля этнічных чыстак ХХ стагоддзя. На маё пытанне аднаму з тутэйшых, ці не час ужо вярнуцца на Радзіму, той адказаў: «З Арменіі ўсе бягуць, а я павінен туды вяртацца?»

У горных рэгіёнах, дзе няма лесу, сяляне топяць зімой спрэсаваным і высушаным навозам — кізякамі. Гэта дае не толькі спецыфічны пах у хаце, але і адбіваецца на ўрадлівасці зямлі — угнаенняў для поля выходзіць меней, адпаведна, меншая ўраджайнасць. 

5. Мінск у параўнанні з Ерэванам — горад хворы на анэмію. Там нават у будні вечар жыццё віруе. Але рабіць больш за дзень у Ерэване няма чаго. Гэты адзін з найстарэйшых гарадоў свету амаль нічога не захаваў ад папярэдніх эпох. Увогуле, усё цікавае ў Арменіі знаходзіцца за горадам. 

6. Канечне, у Арменіі цэны ніжэйшыя за нашы. Але трэба быць асцярожным, бо супермаркетаў у нашым разуменні там нямашака, гандаль існуе ў драбнейшых формах. Таму, калі на нечым няма цэнніка, то лепш пайсці далей і знайсці месца, дзе ён будзе — бо на пытанне пра цане, прызнаўшы ў вас замежніка, прадавец назаве завышаную. Каб выжыць, тут на якія толькі хітрыкі не ідуць. Так, адзін таксіст, прапаноўваў свае паслугі такімі словамі «Паедзем у тур па краіне. За жыллё я заплачу, за харчаванне я заплачу. З цябе толькі за тур. Колькі? 500 еўра».

7. У Арменііі прыгожыя краявіды. Праўда, улічыце, што калі вы захочаце паехаць на горнае возера Севан ці пракаціцца на канатнай дарозе ў Татэве, то вам можа стаць кепска — жыхар раўніны цяжка пераносіць раптоўныя перапады вышыні. Калі з нашых 200 метраў над узроўнем мора без ранейшага досведу падняцца хаця б на 2000 метраў, то некалькі гадзін слабасці, тахікардыі і звону ў вушах вам гарантаваныя. Але лекі прымаць не варта — акліматызацыя абудзецца і так.

Адзін са старажытных манастырскіх комплексаў, такіх у Арменіі вельмі шмат. Адметныя крыжы, высечаныя ў камяні — на досвітку хрысціянства ворагаў у новай рэлігіі было шмат, драўляныя крыжы наўпрост палілі. А з каменным ты нічога не зробіш, яго яшчэ як падняць. 

8. Армяне вельмі гасцінныя, на вуліцы з вамі могуць загаворваць проста так — пытацца будуць пра настрой, адчуванне, уражанне. Тыя людзі, якія падвозілі мяне аўтаспынам, праз 5 хвілін размовы званілі сабе дадому і прасілі хатніх накрываць стол ды рыхтавацца да прыёму госця з замежжа. Адмовіцца немагчыма.

9. Армяне рэлігійныя. Яны першымі прынялі хрысціянства ў Еўропе, самыя папулярныя татуіроўкі ў мужчын — гэта крыж на плячы і Ісус на грудзях. 

10. Для беларускага вока прыгожых дзяўчат у Арменіі мо і не вельмі шмат. Але ўсіх прыгожых па дзіўным супадзенні на вуліцах і на пляжах суправаджалі мамы ці бабулі. 

Прыгарад Ерэвана і Арарат у промнях ранішняга сонца. Селёта ў сталіцы Арменіі дзённая тэмпература сягае +43, адносна нармальна толькі раніцай. 

11. Армяне вельмі радуюцца змене ўлады і ўскладаюць вялікія надзеі на Пашыняна. Яны вераць, што ў гэтага чалавека атрымаецца ажывіць эканоміку краіны і вярнуць надзею. На папярэдні рэжым Саргсяна ў людзей вялікая крыўда — пакуль яны выжывалі, саргсянскія міністры спалі на грошах і трымалі тысячы даляраў на кішэнныя выдаткі, амаль што як асобныя фігуранты нашай «справы дактароў».

12. Гэты народ варты павагі за тое, што не паддаўся савецка-расійскай асіміляцыі. Армяне гавораць па-армянску, чытаюць па-армянску, фільмы глядзяць па-армянску. Не факт, што з вамі змогуць пагаварыць па-руску, многія тут забылі гэтую мову. Моладзь у Ерэване з замежных моваў пераважна валодае англійскай. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера