Знайсці
18.07.2018 / 12:069РусŁacБел

Кітайская «Гульня пярсцёнкаў» грандыёзна правалілася ў пракаце — стваральнікі згубілі $100 мільёнаў

Фільм «Асура» з бюджэтам у 113 мільёнаў даляраў сабраў толькі 7 мільёнаў у пракаце за першыя выхадныя і быў зняты з экранаў у нядзелю, піша Financial Times.

Стужка распавядае пра прыгоды маладога пастуха Ру І, які раптоўна даведаўся пра тое, што з’яўляецца рэінкарнацыяй адной з галоваў Асуры, трохгаловага караля свету, паведамляла перад прэм’ерай у ліпені англамоўнае кітайскае выданне Global Times. Адной з найбольшых тэхнічных складанасцяў стваральнікі фільма назвалі паказ трох галоваў на адным целе.

Выглядае, што перамудрылі. Не выратавалі фільм нават няўзброеным вокам бачныя цытаты з «Валадара пярсцёнкаў», «Зорных войнаў» і «Гульні тронаў»:

Які ж кітайскі фільм без драконаў? У «Асуры» іх цэлыя статкі. Пасвіць іх актрыса, надта падобная да Дайнэрыс Таргарыен. Параўнайце:

Фільм быў створаны на ўласнай студыі кітайскага тэхналагічнага гіганту Alibaba. Беларусам гэтая кампанія знаёмая па свайму сэрвісу інтэрнэт-дастаўкі AliExpress.

Кітай, які яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму быў адстаючай краінай, у апошні час выйшаў на першыя месцы ў свеце як вытворца ўсяго, што толькі магчыма. Дапамагла гэтаму не толькі працавітасць, але і тое, што кітайскі бізнэс не грэбаваў масава капіяваць замежныя вырабы, спадзеючыся, што колькасць пакрысе пяройдзе ў якасць. Цяпер кітайскія аўтамабілі — прынамсі па дызайне — мала адрозніваюцца ад заходніх, а ЗША мусяць нават абараняць свой рынак ад кітайскіх смартфонаў, якія нашмат больш танныя за амерыканскія iPhone (якія таксама ў асноўным вырабляюць у Кітаі).

Апошнім часам Кітай спрабуе зрабіцца сусветнай «фабрыкай мараў». Мэта — распаўсюджваць за межы не толькі ўласную эканамічную моц, але і ідэі, вобразы — найперш з дапамогай кіно. Але вось тут пачынаюцца праблемы. Як выглядае, замала проста скапіяваць галівудскія прыёмы. Папярэдні кітайскі блокбастар, «Вялікая сцяна», створаны ў супрацоўніцтве з амерыканцамі, крытыкі таксама назвалі няўдалым, хоць ён і прынёс у пракаце адносна невялікі прыбытак у 20 мільёнаў даляраў пры 150-мільённым бюджэце.

Дарэчы, на гэтым тыдні Беларусьфільм заключыў пагадненне з кітайскай студыяй Chongqing Film Group Co., Ltd.

Яны збіраюцца сумесна здымаць рамантычную стужку пра каханне беларускай студэнткі і кітайскага настаўніка танцаў.

Ці выведзе гэта са ступару беларускую кінавытворчасць? Як бачым, нават самім кітайцам супрацоўніцтва з Галівудам не гарантуе поспеху. Відаць, для таго, каб стварыць фільм, які захопіць сэрцы, патрэбна штосьці большае, чым вялікі бюджэт.

Руслан Гаёк, паводле Financial Times, GlobalTimes

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930