Знайсці
18.07.2018 / 15:0110РусŁacБел

Як запускаць дроны, каб вас не пасадзілі

Правілы карыстання дронамі і авіямадэлямі.

Сайт vsr.mil.by змясціў пералік дзейных у Беларусі патрабаванняў да ўжывання дронаў і авіямадэляў. Прапануем вашай увазе асноўныя моманты.

Дроны зараз набываюць усё большую і большую папулярнасць. У сувязі з гэтым павялічылася і колькасць непаразуменняў паміж уласнікамі дронаў і дзяржаўнымі структурамі, якія кантралююць паветраную прастору. Звернемся да заканадаўства Беларусі, каб вызначыць, што адрознівае ваш дрон ад авіямадэлі або беспілотнага лятальнага апарату.

У адпаведнасці з абзацам другiм артыкула 1 Паветранага кодэкса Беларусі, пад авіямадэллю разумеецца лятальны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчыма толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіраваны свабодналятаючы апарат. Звярніце ўвагу на словы «кіраванне палётам якога магчыма толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім». Гэта азначае, што калі ваш робат здольны лятаць толькі пры ўмове візуальнага кантакту, умоўна выконваючы прынцыпы «непасрэдна бачу дрон — маю магчымасць кіраваць ім», «непасрэдна не бачу дрона — не маю магчымасці кіраваць ім», то тады ён з'яўляецца авіямадэллю. Акрамя гэтага, асобна згадаем лятальныя апараты, якія не з'яўляюцца дронамі-авіямадэлямі, але таксама адносяцца да класа авіямадэляў: паветраныя змеі, лятальныя мадэлі планераў, ракеты, радыёкіраваныя мадэлі самалётаў і верталётаў (якія могуць лётаць таксама толькі ва ўмовах візуальнага кантакту), розныя кордавыя авіямадэлі.

Цяпер разбяром той выпадак, калі дрон ужо не авіямадэль. Тут усё таксама досыць проста: калі ён можа лятаць без візуальнага кантакту з ім, напрыклад, з дапамогай пульта дыстанцыйнага кіравання, FPV-акуляраў, ноўтбука, планшэта, мабільнага тэлефона (іншай прылады, якая выкарыстоўваецца ў якасці пульта дыстанцыйнага кіравання), што мае ўбудаваны экран, які адлюстроўвае карцінку з камеры, усталяванай на дрон, гэта ўжо беспілотны лятальны апарат. У адпаведнасці з абзацам 19 артыкула 1 Паветранага кодэкса Беларусі беспілотны лятальны апарат — гэта паветранае судна, прызначанае для выканання палёту без экіпажа на борце. Запомнім гэтае азначэнне і пагаворым пра яго ніжэй.

Такім чынам, калі дрон адносіцца да класа авіямадэлі, то да вас як да карыстальніка дадзенай авіямадэлі, у заканадаўстве нашай краіны выстаўляюцца наступныя патрабаванні:

  1. выкарыстоўваць авіямадэль на вышыні, якая не перавышае 100 метраў ад узроўню зямной (воднай) паверхні;
  2. не выкарыстоўваць яе ў межах зон, забароненых для выкарыстання авіямадэляў без узгаднення з дзяржаўнымі арганізацыямі, у інтарэсах якіх устаноўлены такія зоны, з імі можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва — map.nca.by/map.html;
  3. не выкарыстоўваць яе ў выпадках, якiя вызначаюцца Службай бяспекі прэзідэнта;
  4. нанесці разборліва маркіроўку (устойлівую да атмасферных ападкаў) на бачнай частцы авіямадэлі (масай больш за 0,5 кг) або на яе схаваных частках, да якіх магчымы доступ без выкарыстання інструментаў і якая будзе ўтрымліваць вашыя прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства або найменне юрыдычнай асобы і яго месцазнаходжанне;
  5. прымаць усе магчымыя меры (ажно да спынення выкарыстання авіямадэлі) у выпадку ўзнікнення пагрозы прычынення шкоды жыццю, здароўю і маёмасці фізічных і юрыдычных асоб.

Усе пералічаныя патрабаванні ўтрымліваюцца ў Правілах выкарыстання авіямадэляў, зацверджаных пастановай Савета міністраў ад 16 жніўня 2016 г. № 636.

Парушэнне правілаў выкарыстання авіямадэляў цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць, прадугледжаную артыкулам 18.41 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выглядзе папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — у выглядзе папярэджання або накладання штрафу да 50 базавых велічынь. Калі вы паўторна на працягу года здзейсніце такое ж правапарушэнне, то для фізічнай асобы штраф ужо будзе складаць ад 10 да 50 базавых велічынь, а для юрыдычнай асобы — ад 20 да 100 базавых велічынь.

NN.by, паводле vsr.mil.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930