Знайсці
15.07.2018 / 16:1621РусŁacБел

Хлопцы, якіх у Беларусі аштрафавалі за графіці з Васілём Быкавым, пераехалі ў Пецярбург і там сталі зоркамі

Гэта гісторыя поспеху людзей і гісторыя страты для Беларусі. Таленавітай групе вулічных мастакоў з Віцебска HoodGraff на радзіме проста не далі жыцця. Тады яны пераехалі ў Расію і сталі вядомымі сваімі партрэтамі Цоя, Дурава і Бадрова. Цяпер яны бяруць 3000 даляраў за адно графіці і маюць замовы не толькі ў Расіі, але і ў Ізраілі і на Балі. 

«У мяне была амбіцыя неяк рухаць вулічную культуру ў Беларусі, — расказаў расійскаму выданню «Бумага» лідар групы Арцём Бурж. — Дыялог з уладай ішоў, але на ўзроўні: вось вам гаражы на ўскраіне, малюйце».

Мастакі былі апалітычнымі, але шукалі славы.

«Мы пастаянна тырчалі ў закінутых будынках, і сябры пачалі нешта маляваць, і я злавіў сябе на думцы: «Блін, чаму гэта нелегальна?». Сказаў сябрам, што трэба намаляваць штосьці ў цэнтры горада, а ў выпадку чаго я вазьму ўсю адказнасць на сябе.

Вырашылі намаляваць Снуп Дога. Мне было пляваць, што ў Віцебску лепш пачаць папулярызаваць графіці з якога-небудзь мясцовага пісьменніка. Пачалі маляваць, і мясцовыя бабулі з двара зблыталі яго з Шаўчуком: у Снуп Дога тады былі залакіраваныя валасы. Усім тамтэйшым вельмі ўкаціла. Дзеці, мамы, таты, бабулі, дзядулі — усё выйшлі паглядзець. Тут у двор прыязджае патруль і ўзнікае няёмкая сітуацыя: мы не ўцякаем, як гэта прынята, малюнак усім падабаецца, а забраць нас трэба. Але павезці нас так і не змаглі, вялізная грамада людзей проста не дала забраць.

Cops respect us

A post shared by H O O D G R A F F T E A M (@myhoodisgood) on

Мы дамалявалі Снуп Дога, а потым зрабілі яшчэ каля дзесяці партрэтаў у Віцебску. Кожны раз прыязджаў патруль, але нам нічога не было. У апошнія разы патруль прыязджаў, проста каб сфоткацца на фоне малюнка.

Затое праблемы былі ў Менску, куды нас запрасіў чалавек, які займаўся мясцовым стрыт-арт-фэстам. Нам выдзелілі сценку і папрасілі нешта намаляваць. Мы выбралі Васіля Быкава, нашага самага перакладанага пісьменніка, які бадзёранька крытыкаваў уладу і Лукашэнку. Намалявалі 7—10%, і нас вельмі прыгожа забрала міліцыя. Яны падумалі, што мы засланыя казачкі і апазіцыянеры. Уляпілі штраф 2 тысячы баксаў, што для нас тады было непад'ёмнымі грашыма. Мы скончылі эпапею ў Мінску, не дамаляваўшы Быкава, і вярнуліся ў Віцебск.

Чытайце таксама: Вулічны партрэт Быкава ў цэнтры Мінска спешна зафарбавалі ФОТАФАКТ

«Я зразумеў, што гэта ўтопія», — кажа Бурж пра спробы працы ў Беларусі.

І я вырашыў, што нам пара пераязджаць у Піцер назусім. Паехалі ўтрох з HoodGraff і мая дзяўчына (якая цяпер ужо жонка), проста знялі кватэру.

Першай піцерскай працай для нас быў Х'ю Хефнер ў двары на Садовай. Яна пацярпела крах: яе амаль адразу зафарбавалі. Я думаў, што тут будзе такая ж рэакцыя на працы, як у Беларусі, дзе графіці — гэта дзіва дзіўнае. А тут проста зафарбавалі, і ўсё. У выніку мы лічым Хефнера проста першай спробай. Першай сапраўднай працай стаў партрэт Цоя на Паўстання.

Мы малявалі Цоя два светлавыя дні, праца над такім малюнкам каштуе 150—200 даляраў. Калі мы яго ўжо намалявалі, ніяк не маглі выбраць прыдатную цытату. Было шмат варыянтаў, але ў выніку мы звязаліся з былым канцэртным дырэктарам «Кіно» Юрыем Белішкіным, які паглядзеў на партрэт, захапіўся і сказаў, што трэба напісаць «Я хацеў бы застацца з табой». Так і зрабілі».

«Адразу пасля Цоя ўлада выйшла на нас сама, — апавядае Арцём Бурж. — Віцэ-губернатар Уладзімір Лаўленцаў запрасіў нас у заканадаўчы сход. У Смольным проста хацелі даведацца, наколькі мы нармальныя. Спыталі: якая патрэбна дапамога? Я сказаў: легалізуйце стрыт-арт, але пазначце забароненыя тэмы — напрыклад, тэрарызм — і далей не лезьце да нас. У выніку нам афіцыйна вылучылі 102 пляцоўкі. 90% было на ўскраінах, а 10 — у цэнтры. Гэта быў добры крок насустрач», — расказвае Бурж.

Праўда, пасля выбараў піцерскія ўлады пра свае абяцанкі забылі. Але тварыць HoodGraff-у ніхто не замінаў.

Мастакі пераключыліся на расійскую тэматыку. Вядомасць набыло іх графіці з Бадровым:

У палітыку HoodGraff не лезе. Максімум, што яны дазволілі сабе перад расійскімі выбарамі:

І нават той, як і абяцалі, адразу замалявалі.

HoodGraff прынцыпова апалітычны, жыве, хутчэй, у свеце музыкі, шоу-бізнэсу і спажывецтва.

«Я гатовы намаляваць таго ж Пуціна, — кажа Арцём Бурж, — але не ў кантэксце палітыкі. У цэлым мне ён больш падабаецца, чым не падабаецца, думаю, ён нядрэнны чувак. Намаляваў яго, калі б ён ўклаў велізарны рэсурс у дзюдо, і там адбыўся б прарыў. Намаляваў бы яго для ўсіх дзюдаістаў. Ну ці намаляваў бы Пуціна, калі б Расея была калоніяй Іспаніі, а ён нас усіх вызваліў бы», — кажа Бурж.

«Я ж не палітычны эксперт. Хай палітыкі самі на дэбатах разбіраюцца», — кажа Бурж.

Цяпер за тыповую сваю працу арт-група просіць 3000—4000 даляраў.

Некаторыя мастакі лічаць, што ганьбіць стрыт-арт, малюе занадта прымітыўна.

#myhoodisgood Рабочий четверг

A post shared by H O O D G R A F F T E A M (@myhoodisgood) on

«З рэалізаванага нічога зусім жудаснага не было, — пярэчыць Бурж. — Але мы, натуральна, малявалі чыіхсьці жонак. Быў адзін чувак, які замовіў партрэт для дзяўчыны з працы, якая яму падабалася. Быў такі рамантычны знак. Ён заплаціў нам 150 тысяч [расійскіх рублёў = 5000 беларускіх]».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930