Знайсці
03.08.2018 / 10:027РусŁacБел

Як падаць заяву ў ЗАГС?

За які час, куды і якія дакументы спатрэбяцца? На што звярнуць увагу пры падачы заявы ў ЗАГС.

У які ЗАГС падаваць заяву на шлюб?

Калі раней зарэгістраваць шлюб можна было толькі па месцы рэгістрацыі аднаго з маладых або па месцы прапіскі бацькоў, то сёння такая ўмова ўжо не абавязковая: вас могуць распісаць у любым ЗАГСе краіны. Галоўнае — наяўнасць вольнай даты і часу.

За які час да вяселля трэба падаць заяву?

Па законе мінімальны тэрмін з моманту падачы заявы да рэгістрацыі шлюбу — тры дні (зразумела, пры наяўнасці вольнага для рэгістрацыі часу). У некаторых выпадках гэты перыяд можна зменшыць нават да аднаго дня: напрыклад, праз цяжарнасць, наяўнасць агульнага дзіцяці ці па іншых абставінах, якія могуць трапіць пад катэгорыю «асаблівы выпадак». Каб паскорыць заключэнне шлюбу, будуць патрэбныя адпаведная заява і дакументы, якія з’яўляюцца падставай для скарачэння (павестка з ваенкамата, даведка аб цяжарнасці і іншае).

Што датычыць максімальнага тэрміну, то вам трэба асабіста падаць дакументы і заяву за тры месяцы да абранай даты. Для тых, хто жадае падаць заяву загадзя (нават за паўгода), існуе варыянт папярэдняй электроннай рэгістрацыі на сайце ЗАГСа, дзе ўказваюцца дзень і час рэгістрацыі, а таксама асабістая інфармацыя. Але дайсці да ЗАГСа вам усё ж прыйдзецца. Пасля афармлення анлайн-заяўкі вы атрымаеце адказ з адной ці дзвюма датамі, калі вам трэба падысці ў аддзел ЗАГСа для падачы заявы ў рукапіснай форме.

Перад падачай заявы звярніце асаблівую ўвагу на дату і час роспісу. Лепш падрыхтаваць некалькі варыянтаў, каб пазбегнуць рознага кшталту форс-мажораў.

 

Якія дакументы спатрэбяцца?

Для таго, каб аформіць заяву на шлюб у Беларусі, не трэба даставаць усе дакументы з шафы ці бегаць па юрыдычна завераныя копіі. Спатрэбяцца толькі наступныя:

  • пашпарты жаніха і нявесты;
  • квіток аб аплаце дзяржпошліны (могуць выдаць і ў ЗАГСе);
  • сумесная заява аб рэгістрацыі шлюбу (запаўняецца на месцы).

У неардынарных сітуацыях могуць спатрэбіцца пасведчанне пра скасаванне папярэдняга шлюбу, дакумент аб змене прозвішча або іншых дадзеных грамадзяніна, заява аб зніжэнні шлюбнага ўзросту (калі ўзрост грамадзяніна менш за 18 гадоў), медыцынская даведка пра цяжарнасць, заява на скарачэнне тэрміну рэгістрацыі шлюбу з указаннем прычыны.

Не забывайце, што за некалькі дзён да святочнага мерапрыемства (вам пра гэта скажуць у дзень падачы заявы) неабходна будзе прынесці ў ЗАГС пашпарты, каб паставіць у іх адпаведныя штампы.

 

На што звярнуць увагу?

Калі адзін з вас — замежны грамадзянін

Каб пабрацца шлюбам у нашай краіне, замежны грамадзянін павінен прадаставіць:

  • пашпарт;
  • даведку пра сямейнае становішча (не жанаты, не замужам), прывезеную са сваёй радзімы або з дзвюх краін, калі замежнік з’яўляецца грамадзянінам дзвюх дзяржаў;
  • дакумент-пацвярджэнне рэгістрацыі ў Беларусі, якая мусіць дзейнічаць на момант заключэння шлюбу.

Усе дакументы павінны быць перакладзеныя і натарыяльна завераныя беларускімі юрыстамі. Толькі пасля ўсіх працэдур з гэтымі дакументамі можна ісці ў ЗАГС.

Пра падачу заявы адным з пары

Падаць у ЗАГС запоўненую і падпісаную дома заяву можа і нехта адзін. Але толькі калі на тое ёсць важкія прычыны (цяжкая хвароба, вайсковая служба, аддаленасць месца жыхарства і іншае). У гэтым выпадку грамадзянін, які не будзе прысутнічаць, мае папярэдне засведчыць свой подпіс у супрацоўніка ЗАГСа або натарыуса.

Прозвішча

Перад падачай заявы неабходна вырашыць пытанне з будучым прозвішчам. Фармальна існуе тры варыянты: пакінуць сваё прозвішча, узяць прозвішча мужа/жонкі ці аб’яднаць іх. Улічыце, што пасля змены прозвішча ўсе старыя дакументы (пашпарт, працоўная кніжка, страхоўка, пасведчанне кіроўцы, дакументы на нерухомасць і г.д.) будуць лічыцца сапраўднымі толькі адзін месяц. Неабходна іх перааформіць.

Дарэчы, падача заявы ў ЗАГС лічыцца афіцыйнымі заручынамі. Таму не забудзьце адсвяткаваць гэтую важную падзею!

Настасся Смірнова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера