Затрыманы брат мільянера Аляксандра Шакуціна
Разам з медыцынскімі функцыянерамі і лекарамі сілавікі затрымалі групу бізнэсменаў, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медтэхнікі. Сярод іх і дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін, паведамілі карыстальнікі партала Tut.by.
«Бізнэсменаў падазраюць у дачы хабару чыноўнікам», — сказалі суразмоўцы. Па іх словах, бізнэсмены гэта адмаўляюць.
Кампанія «Іскамед» была створана ў маі 1995 года. Сёння гэта адно з найбуйнейшых прыватных прадпрыемстваў на фармацэўтычным рынку Беларусі.
Сетка аптэк «Іскамед» складаецца з 84 гандлёвых кропак у розных рэгіёнах краіны, гаворыцца на сайце кампаніі.
Моцныя пазіцыі «Іскамеда» і на аптовым рынку. Па словах удзельнікаў рынку, кампанія ўваходзіць у тройку дыстрыб'ютараў і імпарцёраў лекаў.
У прадпрыемства складзены прамыя дагаворы з вядучымі беларускімі вытворцамі, замежнымі заводамі. Кліентамі прадпрыемства з'яўляюцца дзяржаўныя фармацэўтычныя прадпрыемствы, лячэбна-прафілактычныя ўстановы, найбуйнейшыя прыватныя аптэчныя сеткі і вялікая колькасць самастойных аптэк, гаворыцца ў прэзентацыі кампаніі.
Сяргей Шакуцін — малодшы брат старшыні рады дырэктараў «Амкадор-кіруючая кампанія холдынгу» Аляксандра Шакуціна.
У сілавых ведамствах атрымаць каментар не ўдалося.