Знайсці
10.07.2018 / 23:4626РусŁacБел

Чаму для мужчын таксама важна, каб жанчынам дазволілі быць дальнабойшчыцамі і шахцёркамі — разважаюць эксперткі

На сёння у Беларусі існуе 181 пазіцыя ў спісе цяжкіх работ і работ са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, забароненых для жанчыны. Амаль усе прадстаўнікі гендарных арганізацый, некаторыя дэпутаты з Палаты прадстаўнікоў і, у прыватнасці, жанчыны, якія дабіліся таго, каб працаваць у «нежаночай» сферы, у адзін голас заяўляюць: існаванне такога спіса — гэта дыскрымінацыя. Прычым не толькі жанчын, але і мужчын.

Днямі эксперткі Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы» прэзентавалі агляд, які тычыцца абгрунтаванасці існавання такога спіса ў сучаснай Беларусі.

Дык чаму ж ён неактуальны? Ці сапраўды звычайныя беларускі маюць патрэбу ў доступе да ўсіх прафесій без выключэння? І якія могуць быць падводныя камяні, калі спіс усё ж адменяць? Давайце паразважаем разам з эксперткамі, некаторыя з якіх працавалі над тым, каб пералік такіх прафесій знік у суседніх краінах.

Аляксандра Дзікан, заснавальніца Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы»:

— Многім можа падацца: «Ну, падумаеш спіс, што тут важнага?». І некаторыя людзі не ведаюць пра яго існаванне. Але наша арганізацыя само існаванне такога спісу лічыць дыскрымінацыяй. Мала таго, што ён забараняе працаваць жанчынам у пэўных сферах, ён памнажае стэрэатыпы:

тое, што малая колькасць дзяўчат хоча працаваць пажарнымі, напрыклад, не сведчыць пра іх нежаданне, гэты факт указвае на тое, што з дзяцінства яны выхоўваліся так, што гэта для іх недаступна.

Чаму жанчына не можа кіраваць міжнародным аўтобусам? Чаму не можа збіраць ураджай на вышыні больш за 1,3 метра? Чаму, каб стаць трактарысткай, працадаўца павінен стварыць для яе асаблівыя ўмовы, на звычайных трактарах яна працаваць не можа? У сітуацыі, калі ў рэгіёнах відавочны недахоп годных вакансій, такі спіс не проста перашкаджае жанчыне рабіць тое, што яна хоча, але і не дае зарабляць грошы на сваю сям’ю.

Мы аб’ядналіся з кандыдаткай медыцынскіх навук і вырашылі правесці аналіз гэтага спіса. Каб зразумець, наколькі ён апраўданы. Нам стала цікава, на аснове чаго зробленыя высновы, што спіс абараняе жанчыну, яе здароўе? Ці ёсць факты, якія пацвярджаюць актуальнасць яго існавання? Мы прыйшлі да высновы, што ніякіх фактаў і пацверджанняў гэтаму няма, ніякіх даследаванняў не праводзілася. І нават калі нешта і было, то дзяржорганы далі зразумець, што гэта «засакрэчаная» для нас інфармацыя.

І што мы маем? Жанчыны ў Беларусі ўсё адно працуюць на пасадах, якія афіцыйна ім забароненыя, толькі яны ці фармулююцца па-іншаму, ці на існаванне такіх фактаў усе проста закрываюць вочы.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

— Наша заканадаўства апрыёры гендарна няроўнае, пры тым што Канстытуцыя кажа, што жанчына мае з мужчынам роўныя правы. І як заканадаўца я ўпэўненая, што мы павінны ствараць роўныя ўмовы працы, незалежна ад полу, узросту, наяўнасці сям’і ці нейкіх іншых фактараў.

На мой погляд, калі нейкая праца лічыцца небяспечнай для жанчын, то яна ў роўнай ступені небяспечная і для мужчын. І улада абавязаная стварыць такія ўмовы, якія б пасавалі ўсім людзям.

У рэшце рэшт, у мужчын таксама ёсць рэпрадуктыўная функцыя, і праблем па гэтай лініі ў іх можа быць не менш, чым у жанчын.

Акрамя таго, як прадстаўніца Камісіі па эканамічнай палітыцы я ведаю, што нават па афіцыйнай статыстыцы ў Беларусі больш за 40 рэгіёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Мы ўсе і самі ў курсе, як складана знайсці працу ў рэгіёнах, асабліва калі ты малады спецыяліст, ці жанчына, якая плануе завесці дзіця.

Пры гэтым улада выдае дэкрэт №3, мадэрнізуе яго ў дэкрэт №1 і прымушае ўсіх ісці працаваць. Але як так: адной рукой вы прымушаеце, а іншай ствараеце дыскрымінацыйныя ўмовы для нейкай катэгорыі грамадзян?

Спіс з забароненымі прафесіямі адназначна трэба адмяніць. Я дапускаю, што сёння ці заўтра з’явяцца па-медыцынску абгрунтаваныя доказы таго, што нейкія з прафесій сапраўды шкодзяць здароўю. І тады задачы ўлады наступныя: забяспечыць магчымасць працаваць бяспечна для ўсіх. Але дыскрымінацыйнага паняцця, што жанчыне нешта нельга, а мужчыне можна, у беларускім заканадаўстве быць не павінна.

Вольга Цішурова, член Рэспубліканскай рады Белхімпрафсаюза па працы сярод жанчын

— Я працую ў Беларускім прафсаюзе працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці.

На мой погляд, сёння мы пакуль не гатовыя да таго, каб узяць і адмяніць спіс забароненых прафесій адным махам, але, канечне, трэба яго пераглядаць і ўносіць карэктывы. Праўда, рабіць гэта трэба ўзважана.

Нашы асноўныя вытворчасці будаваліся ў 60-70-я гады, мадэрнізацыя пачалася зусім нядаўна. І тыя вытворчыя лініі, што мы маем сёння, па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах пакуль пакідаюць чакаць лепшага. Возьмем прыклад з «Белшынай». Па спісе забароненых прафесій беларускі не могуць працаваць вулканізатаршчыцамі — удзельнічаць у завяршальным этапе вытворчасці шын. Канечне, калі гаворка ідзе пра старыя лініі, то там сапраўды складаны працэс, але калі казаць пра новыя лініі, дзе стаіць выцяжка, дзе нічога не трэба цягаць, то там можа працаваць любы чалавек.

Ёсць такое паняцце як атэстацыя працоўных месцаў, і тут відавочныя праблемы. Хімія, як і іншыя навукі, не стаіць на месцы. Але ў нас няма атэставаных лабараторый, якія б маглі даваць аператыўныя заключэнні, якім чынам пэўнае рэчыва ўздзейнічае на чалавека. Адсутнічаюць новыя стандарты: усе ГДК мы замяраем старымі савецкімі метадамі.

Стэфанія Кулаева, экспертка антыдыскрымінацыйнага цэнтра «Мемарыял» (Бельгія):

— Наша арганізацыя ў свой час інііцыявала кампанію «All jobs for all woman» («Усе работы для ўсіх жанчын»). Сёння спіс забароненых прафесій існуе ў 9 краінах, зусім нядаўна іх было 10: у 2017 годзе спіс сам па сабе быў адменены ва Украіне, хаця там яшчэ засталіся іншыя дыскрымінацыйныя праблемы. Працэс змен пайшоў у Казахстане і Малдове.

Усё гэта з’яўляецца наступствамі працоўнага кодэкса Савецкага Саюза. І калі Саюз распаўся, і прымаліся законы незалежных краін, у тым ліку ў Беларусі, фармулёўкі адтуль аўтаматам трапілі ў новыя працоўныя кодэксы.

Маё меркаванне на гэты конт наступнае: гэтыя спісы ўзніклі ў мінулыя часы. Сама ідэя нарадзілася ў першай палове 20 стагоддзя, а гэты час ідзе недалёка ад 19-га, калі жанчынам увогуле было забаронена амаль усё: галасаваць, весці актыўнае жыццё і гэтак далей. Гэтыя забароны састарэлі.

У міжнародным праве таксама ёсць рудыменты гэтых забарон: існуе такая Канвенцыя 45 Міжнароднай арганізацыі працы, якая не дазваляе жанчынам усе падземныя працы. Пры тым самі эксперты МАП прызнаюць, што гэтая Канвенцыя абсалютна састарэлая і не падлягае выкананню. Рэкамендавана не выконваць яе, а дзейнічаць згодна з фундаментальнай Канвенцыяй 111 (пра дыскрымінацыю ў галіне працы і заняткаў). Але чамусьці пра апошнюю ўсе забываюць.

У мяне два сыны, і я не хачу, каб яны трапілі на вытворчасць, дзе забаронена працаваць жанчынам.

Як мага хутчэйшыя змены ва ўмовах працы — яны не толькі ў інтарэсах жанчын, але і ў інтарэсах мужчын. Няма ніякіх падстаў лічыць жыццё другіх менш каштоўным. 

І самы важны аргумент за тое, каб адмяніць такі спіс: жанчыны дэ-факта працуюць на небяспечнай вытворчасці. Нехта — у хімпрамысловасці, нехта — на хлебазаводзе, нехта — у шахтах. Але калі мы робім выгляд, што іх не існуе, калі яны ў ценю, то няма дадатковых норм па іх абароне. Толькі адмена гэтага спісу дае магчымасць дадаткова абараніць жанчын, якія ўжо працуюць у небяспечных умовах.

Яўгенія Луцэнка, гендарная экспертка, дырэктарка Цэнтра сацыяльных і гендарных даследаванняў «Новае жыццё» (Украіна):

— У Канстытуцыі Украіны прапісана, што грамадзяне нашай краіны роўныя. Незалежна ад палавой прыналежнасці, расы, веравызнання і гэтак далей. Акрамя таго, у 2005 годзе у нас з’явіўся закон пра роўныя правы і магчымасці для жанчын і мужчын, але тым не менш у нас існаваў спіс небяспечных прафесій для жанчын.

Пры гэтым нашы грамадзянкі працавалі ў шахтах, ваявалі нароўні з мужчынамі (але праходзілі па паперах санітаркамі і кухаркамі). Мы ўпершыню загаварылі пра гэтую тэму ў Вярхоўнай Радзе на круглым стале ў сакавіку 2017 года. І гэтым зацікавілася адна з дэпутатак, якая пачала тэму прасоўваць, штурмаваць усе міністэрствы дэпутацкімі запытамі. Адразу ж знайшла падтрымку ў Міністэрстве аховы здароўя, але, каб адмяніць спіс, патрэбныя былі ўзгадненні і з іншымі структурамі: сацыяльнай палітыкі, юстыцыі і іншымі. Працэс быў складаны, але хуткі. Нам пашанцавала. Вялікую хвалю запусцілі СМІ, тэму падхапіла грамадскасць і ўжо пад Новы год пералік забароненых для жанчын прафесій забаранілі. Праўда, самае дзіўнае, што мы не знайшлі падтрымкі ў прафсаюзаў.

Адзін з прадстаўнікоў незалежнай структуры сказаў мне: «Гэта што, мы жанчын будзем адпраўляць на небяспечныя працы?». Яму і іншым, хто лічыць гэтаксама, я хачу сказаць: ніхто нікуды не збіраецца нікога пасылаць, дайце жанчыне права самой вырашаць, куды ісці. Любая ж забарона — гэта парушэнне правоў чалавека. 

Nina.nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера