Знайсці
11.07.2018 / 18:339РусŁacБел

«Я буду маліцца і сэрцам, і думамі»: Купалаў фэст зладзілі ў Радашкавічах 

Купалаў фэст прайшоў 8 ліпеня ў Радашкавічах у парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Менавіта ў гэтай святыні 135 гадоў таму быў ахрышчаны паэт Янка Купала (Ян Луцэвіч), піша сайт Catholic.by.

У гэтым годзе касцёл у Радашкавічах, у якім сваё служэнне нясе кс. Юрый Быкаў, святкуе 571-годдзе. Ён адзін з найстарэйшых у Беларусі.

«Янка Купала — прарок Беларусі». Такой была тэма сёлетняга Купалавага фэсту.

Таму асабліва вымоўна гучалі ў гэты дзень у святыні, дзе быў ахрышчаны пясняр, словы з Евангелля паводле Марка: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім…»

Сённяшнія беларусы павінны шчыра адказаць сабе на пытанне «Хто мы такія?» Павінны прыслухацца да прарочых словаў Купалы, якія клічуць паўстаць з палону заганаў і самападману. Павінны перастаць слухаць фальшывых прарокаў, якія пераследуюць свае інтарэсы, ведучы іншых да згубы. Менавіта гэтаму была прысвечана гамілія кс. каноніка Юрыя Быкава, пробашча радашковіцкай парафіі.

Пасля св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Аляксандр Улас, прайшла культурна-грамадская акцыя «Чытаем Купалу разам».

Вершы песняра гучалі ў выкананні дарослых і дзяцей, прадстаўнікоў розных пакаленняў. Заўсёды актуальныя, хоць і напісаныя ўжо каля стагоддзя таму, словы паэта маглі пачуць і нанава пераасэнсаваць не толькі прысутныя ў касцёле вернікі і госці свята, але таксама слухачы «Радыё Марыя».

Працягнуўся фэст на адкрытым паветры, дзе ўсе маглі паласавацца салодкім пачастункам, прыгатаваным гасціннымі радашковіцкімі гаспадынямі. Тут жа гучалі спевы праслаўлення ў выкананні гурта Ubi Caritas, які спяваў таксама і на Імшы. Завяршылася свята, падрыхтаванае радашковіцкай парафіяй сумесна з літаратурным музеем Янкі Купалы, выступленнем фальклорнага калектыву «Мярэжа» і скокамі пад дуду.

Дк. Мікола Гракаў, Catholic.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930