Знайсці
09.07.2018 / 18:4185РусŁacБел

Як мітрапаліта Паўла дапытвалі ў судзе РЭПАРТАЖ

Ад 25 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна Мінска праходзіць разбіральніцтва па справе былога дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзіміра Грозава. Яго абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры, ухіленні ад платы мытных плацяжоў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. 9 ліпеня суд дапытаў мітрапаліта Паўла.

Мітрапаліт Павел ля будынка суда. Фота аўтара.

Павел спазніўся да пачатку працэсу. Калі ён з’явіўся ў будынку па адрасе Партызанскі праспект, 75А, то суд дапытваў механіка па рамонце транспарту Пятра Макарэвіча, які заяўляў, што следчыя выбівалі з яго прызнанні. Аднак допыт перарваўся дзеля Паўла.

Невялікая перадгісторыя. У чым абвінавачваюць Грозава? Гэта былы сілавік, які, апроч працы ў выдавецтве Экзархата, заснаваў грамадскае аб’яднанне «Бацькі і настаўнікі — за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» (БНАПА), а пасля камерцыйную структуру «Сям’я — Адзінства — Айчына» (САА).

У 2010 Грозаў звярнуўся да ўладаў Мінскага раёна з просьбай перадаць БНАПА сядзібна-паркавы комплекс ў Сёмкаве. Ён абяцаў адрэстаўраваць комплекс. Просьбу задаволілі. Аднак потым ён перааформіў Сёмкава на камерцыйную структуру (САА). Можна сказаць, што той комплекс стаў уласнасцю Грозава.

Далей. Грошы з выдавецтва Экзархата ішлі, як сцвярджае абвінавачанне, проста ў кішэню абвінавачанага. Агулам яго падазраюць у нанясенні страты царкве ў памеры 625 тысяч даляраў. Пабудаваў два катэджы. Дом у вёсцы Хацежына, мяркуе следства, абслугоўвалі падначаленыя Грозава па выдавецтве, прычым у працоўны час. Таксама Грозаў прыгнаў з Нямеччыны 13 легкавікоў, за якія не сплаціў падаткі, а замест гэтага аформіў іх на дапамогу БПЦ.

Мітрапаліт Павел, каментуючы гэта, адзначыў, што за апошнія гады яму неаднаразова дарылі новыя аўтамабілі. Ён іх перадаваў манастырам і прыходам, але, каб пазбегнуць бюракратыі, проста выпісваў даверанасці. Асобна ён згадаў, што на 65-годдзе атрымаў «Майбах». Юбілей ён адсвяткаваў у 2017 годзе.

Па словах мітрапаліта, цяпер на яго зарэгістраваныя два аўтамабілі.

Уладзімір Грозаў. Фота аўтара.

Сам Грозаў заяўляе, што жыў у галечы, а свае грошы аддаваў на царкву. Справу завялі яшчэ ў 2015 годзе, але абвінавачаны хаваўся за мяжой. У Беларусі яго затрымалі толькі пры канцы 2016 года.

Беларуская праваслаўная царква сама была ініцыятарам гэтага працэсу. Аднак потым дала задні ход. Царкоўнікі прасілі, каб працэс праходзіў пры закрытых дзвярах, каб менш інфармацыі выходзіла вонкі. Не, суд вырашыў, што справа будзе адкрытай.

Што ж казаў Павел падчас давання сведчанняў? «Мы ініцыявалі, на жаль, гэты працэс. Адбылося тое, што адбылося. Я пераехаў у Беларусь у першых днях студзеня 2014 года.

Да гэтага я быў усяго два разы ў Беларусі — у 1980-я і ў 2013-м. Канечне, для мяне тут усё было новым. Я павінен быў уваходзіць у курс спраў.

Натуральна, стаў знаёміцца з жыццём. Наконт Грозава, то я чуў пра яго. Мне сёння ўспрымаецца Грозаў у двух іпастасях: да крымінальнай справы і пасля. Гэта быў вельмі энергічны, аўтарытэтны чалавек. Ён праводзіў вельмі шмат мерапрыемстваў: маральных, асветніцкіх, выдавецтва кніг… Гэта быў генератар ідэй. Ён адчуваў сваю вагу, сваё значэнне. Аднак на яго сталі прыходзіць скаргі», — кажа Павел.

Аўдытарская праверка дзейнасці Грозава пачалася па ініцыятыве самога Паўла. «Аднак перад гэтым былі сустрэчы. Першая сустрэча прайшла ў мяне ў кабінеце, ён прынёс некалькі сумак кніг, расклаў іх на стале. Глядзіце, што мы робім — мноства кніг. У яго ўсё кіпела. Маўляў, мы робім асветніцкі цэнтр у Сёмкаве, далучайцеся. Мы дамовіліся, што ў наступную сустрэчу ён прынясе мне карты, дакументы. Для мяне было важным убачыць, пра што ідзе гаворка. Ён прынёс карту, фотаздымкі».

«Уладыка, тут месца ўсім хопіць», — казаў ён мне. Паколькі ўладыка Філарэт сышоў на спакой, то далучайцеся вы. На фота я ўбачыў руіны. Мне шмат даводзілася будаваць, а тут я бачу руіны. «Уладыка, мы ўсё зробім. Выбірайце, што хочаце сабе. Тут для вашай загараднай рэзідэнцыі будзе. Колькі памяшканняў скажаце, столькі і будзе. Тут і канферэнц-залі будуць, і асветніцкія мерапрыемствы», — казаў мне Грозаў.

У мяне было адчуванне, што перада мной летуценнік. Магчыма, ён не разумеў. Я кажу, вы разумееце, што гэта помнік архітэктуры, што тут кожны цвік узгадняць трэба? Так, мы ўсё зробім. Нам трэба ваша блаславенне», — перадае змест размовы Павел.

Па словах мітрапаліта, ён даў блаславенне, але вуснае, якое не замацавана нідзе на дакументах.

«Калі б мы тады не спынілі, то Сёмкава б ужо квітнела. І гэта было ўпрыгажэнне не толькі паселішча, але і царквы.

Але тады ў нас былі матэрыяльныя цяжкасці. Пачалася аўдытарская праверка. Грозаў вядомы і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. Ён адчуваў сваю вагу. Яму было крыўдна ад гэтай праверкі. На жаль, у іх адбыліся нейкія рознагалоссі. І я пачаў атрымліваць інфармацыю супраць Уладзіміра Усеваладавіча. Сёння я ацэньваю гэта зусім па-іншаму. Калі б з цяперашнімі відамі, то я б ніколі не заводзіў крымінальную справу. Тыя, хто супраць яго пісаў, былі зайздроснікамі. Потым да мяне прыйшла нашая юрыстка, якая сказала, што Уладзімір Усеваладавіч завёў справу супраць БПЦ аб нанясенні стратаў на суму дзесьці каля 500 мільёнаў рублёў», — расказвае Павел.

Па словах іерарха, ён ставіўся з вялікім даверам да усіх работнікаў Экзархата.

«Паколькі я чалавек новы, то да ўсіх ставіўся з даверам. Гэтаксама, як мой папярэднік уладыка Філарэт. Памятаю, прайшло паўтара года майго служэння ў Беларусі, прыходжу да Філарэта і кажу:

— Уладыка, вас падманваюць.

— Я-я-як? Мітрапаліта падманваюць?! Мітрапаліта нельга падманваць, што вы!

І ён казаў гэта на поўным сур’ёзе. Гэта святога жыцця чалавек. Ён усім давяраў.

Я таксама давяраў тым людзям, якія рабілі праверку. Юрыстка мне казала, што [выявілася] катастрофа, нас зараз засудзяць. Толькі пазней я стаў бачыць нейкую няшчырасць у гэтых дакладах. Падвяргаць іх сумневам.

Я пытаўся ў следчых, нас сапраўды на такія сумы засудзіць хочуць? А ён мне кажа: «Я памыліўся».

Я думаю: «Ёлы-ы-ы! Чаму мне гэта раней не сказалі?! Ты памыліўся проста так, а чалавек сядзіць у турме». Пасля гэтага я прыняў рашэнне звярнуцца з просьбай аб спыненні крымінальнай справы да кіраўніка дзяржавы, я зразумеў, што яны проста марылі займець тое месца, якой займаў Грозаў. Там ішла барацьба за ўладу, хаця грошай там вялікіх не было, быў прэстыж».

Паразмаўляць з Лукашэнкам пра гэтую справу атрымалася, але кіраўнік дзяржавы Паўлу тут не дапамог.

«Я звяртаўся да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з просьбай аб спыненні гэтай крымінальнай справы. Кароткая была размова, ён прыязджаў да нас у сабор у студзені. Лукашэнка сказаў, пішыце, будзем разглядаць. Мы атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта, што пытанне вывучаецца, паколькі яно ўжо ў судовай стадыі, то будзе разглядацца ў судзе», — расказвае мітрапаліт.

«Адмаўляюся нават ад матэрыяльных прэтэнзій да Уладзіміра Усеваладавіча. Царкве не забаронена займацца бізнэсам, але для гэтага трэба зарэгістраваць сваю структуру, каб яны плацілі падаткі. Займайцеся, але не падманвайце», — адзначае Павел.

«Я звярнуўся ў Следчы камітэт, каб сустрэцца з Грозавым. Мне далі такую магчымасць, але папярэдзілі, што не вызваляць, бо ён не прызнае сваёй віны. Я ўсё адно хачу яго ўбачыць, кажу ім. Я сказаў, чаму вы былі ў бягах. «Я не быў у бягах. У чым я магу прызнаць сябе вінаватым? Я ўсё рабіў па блаславенні ўладыкі Філарэта і вашым». У Філарэта шмат што было ў вуснай форме. У мяне цяпер усё ў пісьмовай форме. Нават калі блаславенне не было зафіксавана афіцыйна, то гэта не значыць, што гэта было неафіцыйна. Гэта няпраўда, што ён усё рабіў для сябе ў Сёмкаве. Ён прапаноўваў памяшканні экзархату. Напэўна, я вінаваты, што заведзеная крымінальная справа. У прыходах шмат недахопаў у афармленні дакументаў, не ўсе ж юрысты. Наша задача —дапамагчы людзям, а не тапіць. Усё магло рашыцца па-іншаму, іншым шляхам», — прызнае іерарх.

Па ягоных словах, пасля справы Грозава на ўсё цяпер даецца толькі пісьмовае блаславенне, нават каб пайсці ў адпачынак. «Грозаў — чалавек з іменем. Царква — складаны бюракратычны апарат. Я аддаю блаславенне ў свой апарат, яны ў юрыдычны аддзел, юрысты зноў мне. Гэта займае шмат часу. Я не надаваў гэтаму значэння».

«У нас якая працэдура? Мне падарылі дзве машыны, якімі я карыстаюся, нібыта яны ніякага дачынення да царквы не маюць. Я сюды прыехаў яшчэ на адной машыне, я яе перааформіў на экзархію. Тыя дзве па тэхнічных прычынах я не магу перааформіць, няма часу з імі вазіцца. І тут тое самае», — тлумачыў Павел, чаму гістарычная каштоўнасць у Сёмкаве была аформлена не як уласнасць БПЦ, а як уласнасць арганізацыі Грозава.

Ці магла ісці гаворка пра падробкі дакументаў абвінавачаным?

«Мы мяркуем, што Грозаў там мог нешта падрабіць, але доказаў няма. Як цяпер разважаюць пра справу Скрыпаля, думаюць, мяркуюць».

У Паўла спыталі, ці маглі падначаленыя Грозава працаваць у яго ў доме ў вёсцы Хацежына.

«У рамках паслушання. Гэта наша жыццё. Апостал Павел заклікаў дапамагаць адно аднаму. У нас шмат валанцёраў, якія працуюць у імя Бога. Калі іх не будзе, то не будзе і царквы. Гэта норма жыцця. Хтосьці фізічна, хтосьці матэрыяльна, хтосьці каштоўнасцямі дапамагаюць царкве. Канечне, запраста маглі працаваць, гэта нармальна.

У нас пакуль не аджыло гэта. На Захадзе, у ЗША, гэта немагчыма, а ў нас нармальна дапамагаць. Гэта жыве ў нашым народзе. Прыходзілі дапамагчы больш паважанаму чалавеку. Сёння я дапамагу, а заўтра мне. Наш славянскі народ — беларусы, рускія, украінцы — гэтым і адрозніваецца ад заходнікаў», — адзначаў Павел.

Ён папрасіў прабачэння ў Грозава за гэтую крымінальную справу. БПЦ склала ліст, якім адклікае ўсе прэтэнзіі да абвінавачанага.

«Калі б я не выступіў, то ўсё астатняе жыццё жыў бы з такім цяжарам. Грозаў рабіў усё ў славу Божую, і ў славу царквы. Я прашу прабачэння. Ва ўменні прабачэння — сіла нашага народу».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930