Знайсці
07.07.2018 / 12:397РусŁacБел

Трохразовая чэмпіёнка Паралімпіяды: «Шукала спадарожніка на мора, а знайшла на ўсё жыццё»

Фота з асабістага архіву

Трохразовая чэмпіёнка Паралімпіяды распавяла «Народнай Волі» пра перамогу на асабістым фронце.

Гэты год для паралімпійкі Святланы Сахоненка будзе адметным удвая. У лютым наваполацкая спартсменка трыумфальна выступіла на Паралімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі. У спорт пасля працяглай паўзы яна вярнулася за год (!) да стартаў у Пхёнчхане і адразу заваявала 4 (!) медалі — тры залатыя ў лыжных гонках і бронзавы ў біятлонным спрынце.

«За апошні час пахудзела недзе на 10 кілаграмаў, — шчыра прызналася яна пасля перамогі. — Гэта ўсё ад складаных трэніровак, арганізм, напэўна, не быў гатовы да такіх нагрузак. А мне патрэбна было ўсё і адразу, таму што ведала: без выніку не будзе заробку. Я гэта разумела і перад Алімпіядай, а таму на кон паставіла ўсё — і здароўе, і вольны час».

А ў мінулыя выхадныя ў жыцці спартсменкі адбылася яшчэ адна значная падзея — яна выйшла замуж.

— Распісаліся з мужам у загсе Фрунзенскага раёна Мінска, а ўрачыстасці праходзілі ў адным са сталічных кафэ, — кажа Святлана. — Усяго было 65 гасцей, сярод іх — спартсмены і трэнеры. Адным словам, сабраліся самыя блізкія людзі.

— Ваш муж мае нейкае дачыненне да спорту?

— Ніякага, ён працуе майстрам на Мінскім аўтамабільным заводзе. Пазнаёміліся год таму. Так атрымалася, што я шукала спадарожніка на мора, а знайшла на ўсё жыццё.

— Разам адпачывалі?

— Напачатку я планавала адпачываць у Іспаніі са знаёмай. Купілі пуцёўкі. Але ў сяброўкі ў апошні час змяніліся планы, і яна адмовілася ад вандроўкі. Я ж пачала праз спецыяльныя сайты шукаць спадарожніка ў паездку, каб не было адной самотна. Так праз інтэрнэт-перапіску і пазнаёмілася з Дзянісам. Праўда, разам адпачыць тады не атрымалася, але ён мяне ўжо сустракаў, калі вярталася з Іспаніі. І з таго часу мы не расстаёмся. Я зразумела, што гэта маё і што гэтага маладога чалавека я ўжо нікуды ад сябе не адпушчу.

— У вас ужо іншае прозвішча?

— Не, пакуль пакінула сваё. Вельмі шмат дакументаў трэба мяняць, таму на зборы і спаборніцтвы буду выязджаць пад сваім прозвішчам. Але праз год, думаю, буду яго мяняць.

— Жыллё сваё ўжо маеце?

— Не, пакуль у Мінску здымаем кватэру.

— І апошняе: мядовы месяц дзе будзеце праводзіць?

— На жаль, нікуды паехаць не зможам. У мяне пачалася падрыхтоўка да сезона, таму не магу мяняць планы. Я ўжо, шчыра кажучы, і забылася, што было вяселле. Для мяне гэта звычайнае мерапрыемства, за якое я была ў адказе. А больш, як мне падаецца, нічога і не змянілася…

Алесь Сівы, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930