Знайсці
04.07.2018 / 16:3250РусŁacБел

Святар: «Я не веру ў Дзень Незалежнасці, які святкуецца з нагоды перамогі аднаго злачыннага рэжыму над другім»

Піша айцец Вячаслаў Барок.

Маё пытанне: Дзень Рэспублікі — гэта Дзень Незалежнасці або залежнасці?

Кожная краіна мае такі дзень, калі святкуецца тое, што аб’ядноўвае ўсю нацыю, — гэта Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі.

У нас ужо каторы год такім днём ёсць 3 ліпеня. Дата прымеркаваная да дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што там тое і казаць — падзея слаўная! І нельга аніяк забыцца на яе. Фашызм — гэта трагедыя сусветнага маштабу. Жыццё чалавека ёсць абсалютнай каштоўнасцю, а таму і памяць пра тых, хто загінуў, павінна быць святой.

Тым не менш, памяць аб трагедыі Другой сусветнай вайны — гэта адна справа, а вось пафасная трактоўка гісторыі і пры гэтым фрагментарны да яе падыход і бяспамяцтва ў адносінах да няменшай трагедыі, крыніцай каторай з’яўляўся камуністычны рэжым з Масквы, — гэта ўжо зусім іншая справа.

Святкаванне Дня Незалежнасці і атаясамліванне яго выключна з перамогай над фашызмам асабіста мяне змушае яшчэ раз пераканацца ў сваіх думках: перамогу здабылі, а стану незалежнасці, на жаль, так яшчэ і не асягнулі.

З прыкрасцю, але трэба сказаць, што вызваленне ад фашызму не прынесла Беларусі свабоды. Немагчыма ж прамаўчаць пра палітычныя рэпрэсіі, галадамор, перасяленні… Гэтым з’явам спадарожнічалі сотні тысяч ахвяраў і несправядлівых смерцяў нашых суграмадзян.

Хтосьці скажа: але ж гэта іншая гісторыя! Іншая то іншая, але ж наша.

Святкуючы перамогу над фашызмам і не асудзіўшы злачынствы камуністычнага рэжыму, мы пішам старонку гісторыі нашай краіны і абапіраемся на фальшывыя сведчанні. Як сказаў папа Францішак: «Усе дыктатуры пачыналіся так: з фальсіфікацыі інфармацыі, з пераходу камунікацыі ў рукі адной несумленнай асобы, несумленнага ўрада» (прамова 18 чэрвеня 2018).

А значыць, і сучасная старонка нашай гісторыі становіцца падобнай да мінулай, калі панаваў таталітарны рэжым, пры якім, як вядома, чалавек і ягонае жыццё не ўяўляла абсалютнай каштоўнасці. Чалавек — гэта нішто! Важна — парадак.

А таму і атрымліваецца: маем вайсковыя парады, і калоны вайсковай тэхнікі дэманструюць сваю перавагу над усім, у тым ліку над спецтэхнікай МНС і хуткай дапамогі. Так адбывалася ўжо не раз, калі ў дарожным руху прыярытэт аддаваўся вайскоўцам, а не службам надзвычайнай дапамогі. Доказам з’яўляюцца здымкі ў інтэрнэце, на якіх бачна, як апошнія, прапускаючы ваенную калону, стаяць з уключанымі мігалкамі, а значыць, спяшаюцца ратаваць канкрэтных людзей! Пытанне: яны паспелі? Што сталася з тымі людзьмі? У такой сітуацыі ім або вам патрэбныя гэтыя парады? Мне — не.

Хтосьці скажа, што я нагнятаю, перабольшваю. Добра, я магу прамаўчаць.

Дарэчы, я б наогул не задаваў аніякіх пытанняў, каб іх не задавалі памерлыя, несправядліва загінулыя, а больш дакладна — іх косці, якія ўздымаюцца з-пад зямлі. Ім, усё адно як быццам бы не ляжыцца пад зямлёй. Такое ўражанне, што ім абрыдла маўчанне жывых і яны хочуць задаць пытанні: адкуль столькі пафасу і фанабэрыі ў праўладных колах? адкуль такая блізарукасць плебсу? чаму адбываюцца парады на касцях? чаму не хаваюць годна ахвяраў ХХ стагоддзя і так імпэтна хочуць справіць хаўтуры памяці народа?

Аб чым гэта я?

Я пра Хайсы, што пад Віцебскам.

Там ляжаць косці несправядліва забітых людзей. Яны дагэтуль непахаваныя. Яны кожны год вылазяць з-пад зямлі. І нібы моўчкі шукаюць людзей, якія б ушанавалі іх памяць. Я хадзіў па хайскім узлеску, сам браў у рукі раскіданы гумовы абутак, вытрасаў з яго зямлю, а разам з ёй высыпаліся людскія косткі, бачыў чарапы з адзінай дзіркай у патыліцы.

Гэта ўсё Хайсы. Там ляжаць парэшткі тысяч чалавек, якія былі забітыя НКВД перад вайной. А колькі ж такіх магіл на Беларусі! Яны ёсць у кожным рэгіёне нашай краіны. Іх столькі, што можна меркаваць: камуністычны рэжым сістэматычна вынішчаў наш народ. І немагчыма не задаць пытанне: ці гэта не быў генацыд супраць беларускага народа? Няхай на гэтае пытанне шукаюць адказ гісторыкі. Фактам ёсць, што ад чырвонага рэжыму ў Беларусі загінула людзей не менш, чым ад фашыстаў падчас вайны. Фактам ёсць, што сістэматычна вынішчалася культура Беларусі. Нішчылася мова — душа народа. І ў пэўны момант знішчэнне Беларусі дайшло да такой мяжы, што сёння небеспадстаўна можа прагучаць пытанне: ці наогул існуе такі шанец на адраджэнне беларускай нацыі? На гэтае пытанне адкажа час.

Я не веру ў Дзень Незалежнасці, які святкуецца з нагоды перамогі аднаго злачыннага рэжыму над другім. Такая перамога не дае ані незалежнасці, ані свабоды. І мы сёння маем небяспеку стаць закладнікамі памылковай ідэалогіі і яе нявольнікамі.

Я веру ў Хрыста, які кажа: «Пазнайце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32).

А таму, калі хочам сапраўднага вызвалення, свабоды і незалежнасці, можа, варта перастаць блефаваць, ладзячы вайсковыя парады. Хопіць крывадушнічаць праз ушанаванне ахвяраў фашызму і ўпартае незаўважанне ахвяраў камунізму, якія ляжаць побач, а часцяком у тых самых магілах. Давайце пазнаем гістарычную праўды і адкрыем усе архівы. Давайце рассакрэцім тыя злачынствы, доказы якіх яшчэ сёння захоўваюцца ў тэчках з грыфам «сакрэтна».

Тут няма памылкі, каб я памыляўся, і не было складу злачынства ў гістарычных дзеях таго часу, то і не ўтойваліся б так упарта і архівы Другой сусветнай вайны, якія засакрэчаныя ў Расіі да 2040 года, а архівы НКВД да 2050 года. Каб было чым ганарыцца і не было б чаму саромецца чэкістам за мінулае, то і адкрылі б архівы КДБ у Беларусі. Калі няма злачынства, то чаго хаваць?

Аднак праўдай ёсць тое, што несправядлівым рэжымам ёсць што хаваць. Пераконвае нас у гэтым досвед іншых краін, напрыклад Літвы і Украіны. У іх рассакрэцілі архівы, і гісторыкі сёння раскрываюць злачынствы супраць народа.

Сёння ў нашым грамадстве нарастае супрацьстаянне. Мы, беларусы, дзеці катаў і дзеці ахвяраў, на ўзроўні падсвядомасці адчуваем паміж сабою прорву. І калі мы розныя, хочам мірна жыць у адной краіне, то павінны задумацца над тым, што зрабіць, каб паяднацца і прымірыцца паміж сабою і са сваёй гісторыяй.

Такога прымірэння, безумоўна, немагчыма ўявіць без яскравых і непахісных маральных арыенціраў у грамадстве. Гэту місію павінны выканаць рэлігійныя арганізацыі.

Аднак гэта будзе магчымым, калі ў Беларусі будзе дадзена сапраўдная свабода сумлення і веравызнання. А пакуль даводзіцца толькі гаварыць пра свабоду рэлігіі, а не жыць ёю. Ці ж магчыма ў краіне, дзе ёсць свабода рэлігіі, уявіць такую сітуацыю, калі дзяржаўны чыноўнік на пытанне, чаму ён не дазваляе працаваць тым ці іншым святарам з-за мяжы, адказвае: «А гэта маё права…» Вось і ўся свабода, гэта свавольства чыноўніка, але ж не свабода рэлігіі.

Разумею, каб дзяржава дала свабоду рэлігійную, цэрквы павінны захацець яе ўзяць. Зноў, як сведчаць архіўныя дакументы з Украіны, занадта ж блізка былі паміж сабою структуры КГБ і РПЦ, даходзіла да таго, што план дзейнасці цэрквам, сінодам, біскупам пісала Лубянка, а пра здраду касцёла гаварыць не прыходзіцца з той простай прычыны, што не было біскупаў у той час, а з духавенства выжылі адзінкі.

У такой сітуацыі, пакуль РПЦ не прызнаецца ў памылках і сваёй нявернасці Хрысту, якая праяўлялася ў супрацоўніцтве паасобных біскупаў і святароў з КДБ, і не пакаецца ў гэтым, няма размовы, каб РПЦ адыграла такую ролю маральнага арыенціра.

РКЦ — яе роля змінімілізаваная дзяржавай. А поля дзейнасці зведзеная да гета.

Можна адчытаць пасыл дзяржавы РКЦ: маеце свае касцёлы, то і маліцеся ў іх і нават не спрабуйце са сваім Евангеллем выйсці за межы, якія праходзяць па лініі сценаў вашых храмаў. Красамоўным доказам ёсць перадача крыжа з могілак Благаўшчына касцёлу Святога Роха ў Мінску. Крыж быў пастаўлены на могілках у гонар памяці кс. Гадлеўскага, пробашча Чырвонага касцёла, які быў забіты падчас вайны. І ў гэтым годзе, раптоўна, крыжы пачалі перашкаджаць камусьці. Крыжы знікаюць у Трысцянцы, у Курапатах крыжы арыштоўваюць, бо ім, як аказваецца, няма месца ў «свабодным і незалежным» грамадстве. Што гэта, як не гета хрысціянства?

Нам усім патрэбна пакаянне, а не вайсковыя парады.

Трэба адкрыць архівы, каб спазнаць гістарычную праўду, пазнаць злачынствы. Трэба акрэсліць зло, яго межы, каб можна было ў ім пакаяцца.

І, пакаяўшыся ў злачынствах мінулага, мы, нашчадкі катаў і ахвяраў, зможам працягнуць сабе ўзаемна рукі для прымірэння.

Калі гэта настане, то гэта і будзе дзень сапраўднага вызвалення і пераломны момант нашай гісторыі, бо дзякуючы яму мы атрымаем магчымасць распачаць будаўніцтва нашага супольнага дома, імя якога — Беларусь, нашай Рэспублікі.

Вячаслаў Барок, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930