Знайсці
02.07.2018 / 19:3618РусŁacБел

Тыва — самая «нерасійская» частка Расіі, і яе Шайгу

Тывінцы — адзін з нешматлікіх народаў Расіі, які не толькі здолеў захаваць сваю мову, культуру і традыцыі, але і паспяхова іх развіваць. У пачатку 90-х нацыянальныя эліты Тывы ўзялі курс на адасабленне ад Расіі. Масква здолела ўзяць сітуацыю пад кантроль, аддаўшы важную пасаду ў кіраўніцтве Расіі тывінцу Шайгу. Багатая, старажытная і ўнікальная культура, высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, геаграфічная ізаляванасць, а таксама досвед існавання ў межах уласнай дзяржавы (Тыва стала часткай Расіі толькі ў 1944 годзе) робяць яе самай «нерасійскай» часткай Расіі.

Манумент у Кызыле. Фота: Flickr.

Дэмаграфічныя метамарфозы

Калі ў большасці нацыянальных рэспубліках Расіі доля карэннага насельніцтва няўхільна скарачалася, а нацыянальныя мовы адступалі пад уплывам русіфікацыі, у Тыве назіраўся адваротны працэс — скарачалася колькасць рускага насельніцтва, а колькасць тывінцаў расла як у адносных, так і ў абсалютных лічбах. Высокі натуральны прырост насельніцтва працягваецца і сёння — лічбы нараджальнасці ў Тыве апярэджваюць нават лічбы ў паўночнакаўказскіх рэспубліках.

Народ

1918 год

1931 год

1944 год

1959 год

1970 год

1979 год

1989 год

2002 год

2010 год

Тывінцы

80,0 %

79,0 %

85,0 %

57,0 %

58,6 %

60,5 %

64,3 %

77,0 %

82,0 %

Рускія

20,0 %

21,0 %

15,0 %

40,1 %

38,3 %

36,2 %

32,0 %

20,1 %

16,3 %

Толькі з 1950 па 2010 год колькасць тывінцаў узрасла са 100 тысяч да 264 тысяч. Да 2018 года колькасць тывінцаў як у абсалютных, так і ў адносных лічбах павялічылася яшчэ больш. Колькасць рускага насельніцтва імкліва змяншаецца — гэта тлумачыцца не толькі нізкай нараджальнасцю і асіміляцыяй рускіх, але і складанымі міжнацыянальнымі адносінамі ў краіне. У пачатку 1990-ых па краіне пракацілася хваля пагромаў, што выклікала адток рускага насельніцтва з краіны. Нягледзячы на тое, што ўлады (як мясцовыя, так і федэральныя) узялі сітуацыю пад кантроль, высокая злачыннасць і эканамічны заняпад не стымулююць рускіх заставацца ў Тыве.

 

Тыва ці Тува?

Паводле канстытуцыі гэтай рэспублікі, назвы краіны «Тыва» і «Тува» з'яўляюцца раўназначнымі. Паўсюдна выкарыстоўваецца і першы, і другі варыянт. Але Тыва — найменне, якое больш папулярнае ў тывінскай мове, а Тува лічыцца рускім варыянтам назвы краіны.

 

Самы папулярны тывінец у свеце

Самым папулярным тывінцам у свеце на сёння безумоўна з'яўляецца міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. Ён з'яўляецца незвычайна папулярнай асобай сярод тывінцаў.

Настаўнік аднаго з тывінскіх каледжаў мастацтваў Ай-Хаан Адыг-аол нават намаляваў Шайгу разам з тывінскім героем Субедэям, які быў саратнікам Чынгісхана. 

 

Геаграфічная ізаляванасць

Тыва — гэта амаль самы цэнтр Еўразіі з рэзка кантынентальным кліматам. Фактычна, адна з самых ізаляваных частак Расіі, нават у параўнанні са сваімі сібірскімі суседзямі. Яе плошча — 170 тысяч км2, гэта амаль як Беларусь альбо як дзве Аўстрыі ці тры Харватыі. Але на ўсю Тыву ёсць толькі 1 аўтамабільная траса і ніводнай чыгункі. Каб дабрацца ў сталіцу Тывы, горад Кызыл, трэба ехаць чыгункай да Абакана (сталіца суседняй Хакасіі) і адтуль ехаць аўтобусам больш за 400 кіламетраў да Кызыла. У іншыя населеныя пункты дабрацца яшчэ складаней.

Чыгунку да Кызыла Расія абяцала пабудаваць яшчэ ў 2011 годзе. 411-кіламетровая каляя мусіла злучыць Тыву з сеткай расійскай чыгункі. Але з таго часу было пабудавана толькі некалькі кіламетраў гэтай чыгункі, і калі яе дабудуюць — пытанне адкрытае.

Спаборніцтвы па традыцыйнай тывінскай барацьбе хурэш.

Геаграфічная і транспартная ізаляванасць з аднаго боку шкодзіць эканамічнаму развіццю гэтай краіны, але з іншага, гэтыя фактары дазволілі захаваць культуру і самабытнасць краіны, а таксама яе ўнікальную прыроду. Тыва, якая ўвайшла ў склад Расіі адной з апошніх (пазней за яе — толькі Усходняя Прусія і Карэла-Фінская ССР), была і застаецца найменш інтэграванай у расійскую культурную і эканамічную прастору часткай гэтай краіны. У тым ліку і праз сваю транспартную ізаляванасць.

 

Станаўленне тывінскай нацыі

Першым вядомым народам, які жыў на тэрыторыі Тывы, былі іранамоўныя скіфы (3—8 стагоддзі да нашай эры). Пазней на тэрыторыю Тывы прыйшоў племянны саюз хуну (на базе якога пазней утворыцца народ гуны, і, хутчэй за ўсё, цюркскія народы) мангалоіднай расы.

У 6 стагоддзі Тыва стане часткай дзяржавы цюркскіх качэўнікаў — Цюркскага каганата. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі Тывы сфарміравалася асноўнае этнічнае ядро цюркамоўнай этнічнай супольнасці. Тывінцы, безумоўна, з’яўляюцца цюркамі, а тывінская мова — цюркскай мовай. Але ўжо ў 13 стагоддзі Тыва становіцца часткай Мангольскай імперыі, таму мангольскі ўплыў на мову і культуру ўзрастае. Хаця тывінская мова засталася цюркскай, манголы разам з будызмам прынеслі ў яе шмат сваёй лексікі. Адбываўся бесперапынны працэс этнічнага і гаспадарчага збліжэння і змешвання насельніцтва Тывы і мангольскіх плямён, што пакінула свае сляды ў эканоміцы і тапаніміцы.

У выніку мангольскага заваявання Тыва па ўзроўні свайго сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця была адкінута далёка назад, а частка старажытнацюркскай спадчыны проста не захавалася.

У канцы 16 стагоддзя Тыва трапляе пад уладу Алтын-хана, кіраўніка феадальнага аб’яднання ў Манголіі, а ў канцы 17 стагоддзя — Джунгарскага ханства, пасля разгрому якога ў 1758 годзе тывінскія землі ўвайшлі ў склад маньчжурскай імперыі Цын ажно да 1912 года. Увесь гэты час Тыва заставалася культурнай і эканамічнай перыферыяй Кітая, які і сам перажываў не самыя лепшыя часы.

Менавіта ў 18 стагоддзі ламаізм становіцца афіцыйнай рэлігіяй у Тыве. Хаця будызм трапляе ў Тыву яшчэ ў 13 стагоддзі, большая частка тывінцаў захоўвала старажытны шаманізм і спалучала яго з ламаізмам ажно да пачатку 20 стагоддзя. Гэта адрознівае тывінцаў ад іншых цюркскіх народаў, якія ў якасці рэлігіі пераважна абралі іслам.

На працягу 17—18 стст. адбываецца працэс складання розных груп насельніцтва ў адзіную народнасць Тывы. Этнонім «тыва» («дубо», «туба»), які з’явіўся яшчэ ў сярэдзіне першага тысячагоддзя, распаўсюджваецца на ўсе плямёны Тывы ў працэсе кансалідацыі іх у адзіны этнас.

Першыя кантакты з Расіяй тывінцы ўсталёўваюць яшчэ ў 17 стагоддзі, але істотна ўплыў Расійскай імперыі на гэтую тэрыторыю павялічваецца ў канцы 19 стагоддзя, калі саслабелы напаўкаланізаваны Кітай ужо не мог кантраляваць свае тэрыторыі. Уплыў Расіі пашыраўся ў першую чаргу праз рускіх купцоў, якія пастаўлялі тывінцам неабходныя ім тавары, у сваю чаргу, тывінцы былі пасрэднікамі для рускіх у набыцці кітайскіх тавараў. Гандаль з рускімі дазваляў тывінцам выбрацца з эканамічнай ізаляцыі і, хаця б абмежавана, інтэграваць тывінскую эканоміку ў сусветную вытворчасць.

Упершыню тывінцы як палітычная нацыя заяўляюць пра сябе ў канцы 19 стагоддзя: у 1876—1878 гг. адбываецца паўстанне тывінскіх аратаў (сялян-качэўнікаў) супраць маньчжураў. У 1883—1885 гг. адбываецца паўстанне «Алдан-Маадыр», вядомае як «Паўстанне 60-ці волатаў». Паралельна адбываецца актыўнае пранікненне ў рэгіён расійскай арміі. У 1885 годзе расіяне ствараюць першы рускі пасёлак Туран.

У ходзе Сіньхайскай рэвалюцыі ў Кітаі, Тыва вызваляецца ад маньчжурскага прыгнёту (1911—1912 гг.). Сярод тывінскіх эліт не было адзінага меркавання, якой мусіць быць Тыва — незалежнай, расійскай, мангольскай ці кітайскай. Але самыя ўплывовыя тывінскія наёны (князі) вырашылі звярнуцца да рускага цара з просьбай узяць Тыву пад свой пратэктарат. У 1914 годзе Мікалай II пагадзіўся, Тыва стала расійскай, а расіяне заснавалі горад Белацаркоўск (сучасны Кызыл).

Расійскія гісторыкі лічаць, што тым самым тывінцы захавалі свой этнас, таму што, калі б яны пайшлі пад манголаў, тывінцы страцілі б сваю этнічную спецыфіку, у першую чаргу родную мову, што адбылося са шматлікімі цюркскімі народамі, якія ўвайшлі ў склад Манголіі.

Пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі тэрыторыя Тывы таксама становіцца арэнай рэвалюцыйных падзей і ваенна-палітычных трансфармацый, якія адбываліся ў перыяд грамадзянскай вайны. У 1920 годзе рэгіён акупуюць бальшавікі, і ў 1921 годзе пры іх падтрымцы ствараецца марыянетачная дзяржава Тану-Тыва.

 

Тувінская народная рэспубліка

Новая дзяржава прыняла Канстытуцыю, сцяг, герб, грашовую адзінку, быў зацверджаны залаты запас і бюджэт.

З 1926 г. Тыва стала называцца Тану-Тувінскай Народнай Рэспублікай (ТНР). Савецкая Расія рабіла велізарны ідэалагічны ўплыў на фактычна акупаваную бальшавікамі рэспубліку. ТНР развівалася «па камуністычным шляху развіцця» пад кіраўніцтвам Тувінскай народна-рэвалюцыйнай партыі. У 1929 г. быў вызначаны курс на пабудову сацыялізму і распрацаваны план калектывізацыі сялянскіх гаспадарак. У той жа час 1930-я гг. адзначыліся шырокімі рэпрэсіямі супраць заможных жывёлагадоўцаў, будысцкіх лам, былога палітычнага кіраўніцтва.

Але Тыва працягвала заставацца фармальна незалежнай дзяржавай. Яе прызнавалі толькі СССР і Манголія, а большая частка краін свету лічыла яе кітайскай тэрыторыяй. У 1941 годзе Тыва абвясціла вайну нацысцкай Нямеччыне. Існуе распаўсюджаная легенда, згодна з якой Гітлер ніяк не адрэагаваў на абвяшчэнне вайны з боку ТНР таму, што не знайшоў яе на палітычнай мапе.

Герб ТНР.

У 1944 годзе Сталін прымае рашэнне ліквідаваць квазідзяржаву. Такім чынам, з 1944 года і па сёння Тыва цалкам пераходзіць пад расійскі кантроль.

Тым не менш, захаванне да 1944 года сваёй незалежнай дзяржавы (хаця гэтая незалежнасць была і намінальнай) дазволіла тывінцам захаваць свой народ і ад сталінскіх рэпрэсій, і ад русіфікацыі, ад якіх пакутавалі іншыя народы Расіі. Менавіта тывінцы лепш за ўсіх захавалі ў Расіі будысцкія звычаі ў традыцыйнай форме і мову, асабліва ў параўнанні з калмыкамі, якія шмат страцілі праз пасляваенную дэпартацыю цэлага народа.

 

Сепаратызм 90-х

12 снежня 1990 года Вярхоўным Саветам Тувінскай АССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Савецкай Рэспублікі Тува.

28 жніўня 1991 года Тувінская АССР была перайменавана Вярхоўным саветам рэспублікі ў Рэспубліку Тува. У снежні 1991 года была ўведзена пасада прэзідэнта Тувы, які з'яўляецца адначасова часткай урада Рэспублікі Тува. 2 кастрычніка старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны лідар Народнага фронту Тувы, член Прэзідыума Вярхоўнага Савета Каадыр-аол Бічэлдэй, які лічыўся нацыяналістам і галоўным ініцыятарам сепаратысцкіх настрояў у Тыве.

Народны фронт Тывы (НФТ) узнік у 1989 годзе, ён стаў асноўнай арганізацыяй тывінскага нацыянальнага руху ў 1989—1990 гадах. НФТ выступаў за нацыянальнае і культурнае адраджэнне тывінскага народа, суверэнітэт і самастойнасць рэспублікі. Маючы значную падтрымку тывінцаў, Народны Фронт рабіў істотны ўплыў на грамадска-палітычнае жыццё Тывы. Як Народны Фронт, так і арганізацыі-спадкаемцы стаялі ў авангардзе сепаратысцкіх настрояў і патрабавалі прызнаць незаконным уключэнне Тывы ў склад СССР у 1944 годзе. Праграма фронту прадугледжвала, што «заканамерным вынікам гістарычнага працэсу з'яўляецца тое, што ўсе народы Расіі ў выніку стануць самастойнымі…».

Лідар Народнага фронту Тувы Каадыр-аол Бічэлдэй.

Пачынаюцца спробы выйсці са складу Расіі і ўтварыць уласную незалежную дзяржаву, што дало штуршок развіццю сепаратызму на тэрыторыі рэспублікі. Аднак дадзеныя спробы былі спынены пры дапамозе расійскіх спецслужбаў, пры гэтым лідары Народнага фронту ўвайшлі ў склад вышэйшага кіраўніцтва Рэспублікі Тыва. Тым не менш, пытанне стварэння незалежнай тывінскай дзяржавы актыўна ўздымалася грамадскімі арганізацыямі прыкладна да канца 1990-х гадоў.

У кастрычніку 1993 года Вярхоўны Савет Тувы прыняў Канстытуцыю, якая прадугледжвала права рэспублікі на самавызначэнне і выхад са складу Расійскай Федэрацыі шляхам усенароднага рэферэндуму (артыкул 1), што супярэчыла расійскім законам. Змяшчала яна і іншыя супярэчнасці з Канстытуцыяй Расіі: права самастойна вырашаць пытанні вайны і міру, рэспубліканскае грамадзянства, арганізацыя судовай сістэмы, пракурорскі нагляд і іншыя. Толькі ў 2001 годзе федэральны ўрад узяў сітуацыю пад кантроль і пад яго ціскам была прынята новая Канстытуцыя Тывы, у якой ужо не было «сепаратысцкіх» артыкулаў і якая скасоўвала мясцовае грамадзянства.

 

Міжнацыянальныя канфлікты і злачыннасць

У маі-чэрвені 1990 года адбыліся першыя міжнацыянальныя сутыкненні ў пасёлку Хову-Аксы і бліжэйшых вёсках. Фіксаваліся падпалы хат, стагоў сена, біццё шыбаў у хатах, рабаванні, бойкі, улёткі «Расейцы, прэч адсюль!». Адносіны абвастрыліся да такой ступені, што тывінскія вуліцы патрулявалі БТРы.

29 чэрвеня пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета абмеркавала надзвычайнае становішча, распрацавала меры па аднаўленні парадку. Да гэтага моманту загінулі 88 чалавек. Вуліцы пачалі патруляваць амапаўцы і міліцыянты з суседніх абласцей.

Затым напружанне паступова спала, але і сёння Тыва застаецца зонай з самай вялікай колькасцю забойстваў у Расіі, і як мінімум частка гэтых злачынстваў здараецца праз міжнацыянальныя канфлікты.

Полымя міжнацыянальных канфліктаў пачало разгарацца не столькі з-за нацыянальнага адраджэння і дзейнасці Народнага фронту Тывы, колькі праз катастрафічнае зніжэнне ўзроўню жыцця ў канцы 80-ых гадоў. Савецкая ўлада фактычна ліквідавала традыцыйны быт тывінцаў, але наўзамен так нічога і не дала. Напрыклад, дзяцей, чые бацькі-тывінцы жылі ў юртах, савецкая дзяржава забірала ў інтэрнаты, што прывяло да істотнай люмпэнізацыі тывінскага грамадства. Тывінцы мелі нізкі адукацыйны ўзровень, што рабіла іх неканкурэнтназдольнымі на рынку працы.

Хаця масавыя пагромы рускіх засталіся ў мінулым, крымінальная сітуацыя ў Тыве застаецца катастрафічнай. Рэспубліка з’яўляецца стабільным лідарам па колькасці наўмысных забойстваў на душу насельніцтва ў Расіі, што ў значнай ступені абумоўлена вядомай асаблівасцю цюркскіх народаў — яны цяжка пераносяць алкаголь.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930