Знайсці
02.07.2018 / 12:4917РусŁacБел

«На цябе ўсім пляваць». Вядомыя беларускі пра тое, якую школу жыцця ім даў адпачынак у летнім лагеры

Лета — гэта не толькі маленькае жыццё, як спяваецца ў адной песні. Гэта яшчэ і вялікая школа, частку якой многія з нас прайшлі ў летнім лагеры.

Пра першае каханне, першыя расчараванні, першыя слёзы і першыя ўрокі жыцця мы паразмаўлялі з вядомымі жанчынамі, якім пашчасціла ў дзяцінстве прачынацца на зарадку, маршыраваць пад атрадную песню і маляваць сценгазету.

Настасся Ціхановіч, спявачка:

«Адзін раз у дзяцінстве нас з сяброўкай бацькі адправілі ў піянерскі лагер. Гэта быў дзіўны досвед: і вясёлы, і журботны. Вясёлы таму, што мы былі прадастаўленыя самі сабе, прыдумлялі розныя гульні, гулялі ў фанцікі і знаёміліся з новымі сябрамі, а яшчэ кожны дзень мы чакалі дыскатэкі, каб пачуць тагачасны хіт «Буона сэра, сіньярына». А сумны, таму што за намі ніхто асабліва не сачыў, і дадому мы вярнуліся з жудаснай прастудай і пасля гэтага адпачынку прыйшлося яшчэ некаторы час аднаўляць наша дзіцячае здароўе. Выснова адна — больш у лагер ні нагой».

Людміла Рублеўская, пісьменніца:

«У лагеры адпачывала двойчы. Першы раз я была класе ў чацвёртым, мама ўладкавала мяне «па знаёмстве» ў нейкі супер-лагер «Лясная казка».

Я праплакала пяць дзён, і ў суботу мама з бабуляй мяне забралі проста з ранішняй гімнастыкі на пляцы.

Я на ўсё жыццё ўзненавідзела агульныя спальні, дзе немагчыма заснуць, а заняткі фізкультурай я і без таго ненавідзела. Другі раз я паехала ў трынаццаць гадоў у піянерлагер «Юбілейны», які належаў заводу ацяпляльнага абсталявання. Найбольш запомнілася ваенная гульня «Зарніцы»— сваёй інфернальнасцю. Якраз напярэдадні мяне пакусалі камары, пачалася алергія, у медпункце перад дзённым сном мне далі таблетку дымедролу, якая мае моцны снатворны эфект. Дарэчы, дзённы сон — гэта яшчэ адно, што я ненавідзела. Ніколі не магла заснуць. А тут, натуральна ж, заснула… І — атрымайце! — «Зарніцы». Я кепска памятаю, як мяне раскатурхалі, як нас пасадзілі ў грузавік, кудысьці павезлі ў лес. Там трэба было бегчы і штосьці крычаць. І далібог, гэта было на тэрыторыі той самай «Лясной казкі», дзе я мела першы лагерны досвед, Пасля ў «ляснаказачнай» сталоўцы нам далі кашы і цукерак і адправілі нарэшце дасыпаць у наш барак лагера «Юбілейны». А, яшчэ там упершыню прачытала раман «Авадзень» Этэль Ліліян Войніч. Што дапамагло вытрываць да канца змены.

А калі летнікі лічыць школай жыцця, то хіба такой: «спраўляйся сам, бо дарослым на твае праблемы напляваць, а раскажаш, будзе яшчэ горш». Лагер на выдатна «адшліфаваў» такі досвед».

Аляксандра Няхай, спявачка:

«Пра адпачынак у летніках я чула ад сяброў. Яны расказвалі, як гэта весела, крута, захапляльна. У гадоў 14 угаварыла маму купіць мне пуцёўку ў «Зубраня». І не пашкадавала аб гэтым. Шмат што ў лагеры для мяне быў упершыню: вячэрнія вогнішчы, шчырыя размовы. Першы досвед катання на гіраскутары. А колькі ў лагеры прасторы для творчасці! Шмат канцэртаў, шмат іншых актыўнасцяў. Пасля таго першага адпачынку, я шмат ездзіла ў розныя летнікі ў Беларусі і за мяжой. Але заўсёды гэта новыя ўражанні, новыя сябры, з якімі не губляю сувязь і сёння. Лагер, адназначна навучыў мяне самастойнасці і адказнасці за свае ўчынкі. А яшчэ, дзякуючы адпачынку ў летніку, я магу самастойна паставіць намёт. Карыснае ўменне, я лічу».

Надзея Бука, мастачка:

«Паколькі я з дзяцінства была вельмі хатнім дзіцем, якога вельмі апякалі, то магчымасць з’ехаць у лагер я разглядала як спосаб пабыць крыху самастойнай. Мне падабалася, што ты сам сочыш за сваімі рэчамі, сам вырашаеш, што апранаць. Апошні раз я ездзіла ў летнік, калі мне было гадоў 12-13. Тады лагер мяне навучыў смеласці. Бо менавіта тады на заключнай дыскатэцы я адважылася запрасіць на танец свайго важатага, 20-гадовага хлопца. Танцавалі пад песню ДДТ «Апошняя восень».

І яшчэ хачу сказаць, што гэта няпраўда, калі кажуць, што сяброўства і каханне перастаюць існаваць роўна з заканчэннем змены.

У мяне адна гісторыя доўжылася тры гады, а сяброўства працягваецца і сёння. Пазнаёмілася я з хлопчыкам Мішам. Абмяняліся мы з ім адрасамі і цягам трох гадоў пісалі адзін аднаму лісты. Сапраўдныя, папяровыя, якіх чакалі па тыдню. А неяк на Дзень Святога Валянціна мне Міша даслаў сэрцайка, фактычна прызнаўся ў каханні, і сказаў, што прыедзе да мяне. Міша жыў у Лагойску тады. Прыехаў, падарыў мне букет гваздзікоў. Быў у нас дома, пазнаёміўся з маёй мамай. Але пасля гэтай сустрэчы стала зразумела, што я такіх самых пачуццяў да яго не маю. І наша рамантычная гісторыя проста перарасла ў сяброўства. У Мішы і мяне цяпер свае сем’і, але да гэтага мы падтрымліваем сувязь, і сяброўства, якое з’явілася, калі нам было ўсяго па 12 гадоў».

Ірэна Катвіцкая, спявачка:

 

« У лагер «Зорны» я ездзіла кожнае лета, ад шасці гадоў і пакуль не паступіла ў музычную вучэльню. Чаму навучыў лагер? Хм, хіба на ўсё жыццё запомніла фразу нашай важатай, што народжаны поўзаць лётаць не зможа. Гэта яна пра маё ўменне танцаваць і спяваць. Больш за ўсё ў лагеры не пераносіла конкурс страявых песень. Першыя расчараванні таксама былі там. Калі на дыскатэцы ніхто не запрашаў танцаваць. Тады думала, што я вельмі непрыгожая, бегала ў лес плакаць. Тады ж у лагеры ўпершыню былі спробы завесці інтэрнацыянальнае сяброўства. Чамусьці ў «Зорным» адпачывалі рабяты з Бельгіі, Амерыкі. Але таксама былі слёзы расчаравання, калі яны з’язджалі. Усе разумелі, што развітваемся назаўсёды. Цяпер у лагерах усе па-іншаму. Але мая старэйшая дачка ездзіць туды з задавальненнем».

Таццяна Падрэз, праграміст, вядучая:

«Першы мой досвед наведвання лагера быў ва ўзросце 6-7 гадоў, і ён стаў настолькі негатыўным, што пасля яго я катэгарычна адмаўлялася ехаць у любы лагер.

З астаткавых дзіцячых успамінаў захавалася толькі тое, што там у мяне скралі чарэшню, сандалікі і прыгожую панамку, што нейкае дзіця з майго атрада зламала там руку і што мама забрала мяне адтуль на сярэдзіне змены.

Наступны раз у лагеры я пабывала ўжо ва ўсвядомленым ўзросце 15 гадоў. Гэта быў спартовы лагер. Я займалася лёгкай атлетыкай, выступала на спаборніцтвах. Паехала туды і не пашкадавала! Гэта была калі не школа жыцця, то дакладна цікавы і значны жыццёвы вопыт, з якога я выйшла з прыемнымі ўспамінамі, з умацаванай і пашыранай кампаніяй сяброў (адна дзяўчынка дагэтуль — адна з маіх найлепшых сябровак).

Цяпер жа я разглядаю лагеры з пазіцыі мамы. Лагер — гэта найперш аздараўленне. І сацыялізацыя сярод людзей агульных з табой інтарэсаў і, вядома, гэта школа самастойнасці, самарэгуляцыі і сталення для дзіцяці. Я абавязкова буду адпраўляць сваё дзіця ў летні лагер.

Што я буду ўлічваць пры выбары лагера:

а) бяспека фізічная і сацыяльная — лагер павінны быць правераны месцам з добрымі выхавацелямі і добрым фідбэкам ад папярэдніх наведвальнікаў.

б) кампанія — каб дзеці, якія былі ў лагеры, перасякаліся па інтарэсах хаця б з адной з сфер жыцця дзіцяці. У гэтым плане заўсёды дапаможа адпраўка ў адзін і той жа лагер дзяцей, якія сябруць у школе.

в) лакацыя і інфраструктура — калі ёсць магчымасць выбару, лепш падабраць месца з чыстым паветрам і добрай інфраструктурай па частцы побыту».

Наталля Тур, застаўка pixabay.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера