Знайсці
01.07.2018 / 09:0353РусŁacБел

Чытач «НН» пра падарожжа па Расіі: «Усіх прыхільнікаў рускага свету адпраўляў бы ў такія экспедыцыі прымусова»

Чытач «Нашай Нівы» Аляксей Казлюк нядаўна вярнуўся з вандроўкі па Расіі. Быў ён там у камандзіроўцы праехаў 3200 кіламетраў па маршруце Варонеж—Курск—Арол—Бранск у кірунку Растова-на-Доне.

Праваабаронца, сузаснавальнік Human Constanta Аляксей Казлюк.

— Я, канечне, не прэтэндую ў сваіх уражаннях на нейкую аб’ектыўнасць ці глыбіню. Але сказаць ёсць што.

Бранская вобласць для мяне — гэта мясціны, дзе я часта бываў у дзяцінстве. І ў яшчэ зусім нядаўна жывых вёсках цяпер пуста. Праязджаеш некалькі вёсак запар, а там нікога. Канечне, працэс вымірання сяла характэрны і для Беларусі, але там маштабы гэтага нейкія нерэальныя.

Что бы они без нас делали! #travel #wildeast

Публикация от Aliaxej Kazliuk (@zorki_st)

Едзеш і сумуеш па павазе кіроўцаў адзін да аднаго. Аўтамабільны рух у Расіі вельмі хаатычны. Шмат у чым — за кошт большай колькасці машын, але ў асноўным праз тое, як кіроўцы ставяцца да іншых прысутных на дарозе.

Калі вядуцца нейкія рамонтныя працы, усім вельмі хочацца праехаць першымі. Каб зрабіць гэта, аўтамабілісты пачынаюць ехаць па ўзбочыне, падымаючы пыл, па палях і пасля, канечне ж, спрабуюць зноў патрапіць у агульную плынь наперадзе. І гэта тармозіць усіх. Заторы ствараюцца не столькі ад таго, што ідзе рамонт, а праз такіх вось разумнікаў. І падобныя сітуацыі там — проста нейкая завядзёнка. Я не разумею, як можна настолькі не паважаць тых, хто побач.

Калі казаць пра нейкую інфраструктуру, складваецца ўражанне, што дзяржава ў Расіі існуе паасобку ад людзей.

Калі ў нас стараюцца ставіць адны агароджы на ўсіх, пастаянна аднаўляць разметку на дарогах і гэтак далей, то там, здаецца, да гэтага нікому няма справы. Людзі адбудоўваюць свае дамы, а ўсё, што за іх межамі, існуе само па сабе.

З усіх гэтых гарадоў толькі ў Варонежы захацелася застацца долей: там ёсць цудоўны Дом правоў чалавека і Моладзевы праваабарончы рух, таксама выпадкова пабачыў вокны Цэнтра сучаснага мастацтва. Існаванне такіх інстытуцый дае надзею. Гэта вялікі плюс гораду.

Што тычыцца дарог, то ў Расіі яны не нашмат горшыя за нашы. Гэта міф. У Беларусі гэтак жа, як і там, даглядаюцца цэнтральныя магістралі. Мясцовыя ж дарогі прыкладна аднолькавыя.

«Шкада людзей»

Бачна, што вакол шмат рэкламы, буйных гандлёвых цэнтраў, але пры гэтым жыццё звычайных людзей, нягледзячы на нанёсак рынкавай эканомікі ў апошнія дзесяцігоддзі і паўсюдныя прыватныя промыслы, не змяняецца.

Мы кажам, што Беларусь спячая краіна, але тут якасць жыцця і тое неяк лепшае. Мне шкада людзей, якія там жывуць, бо наўрад ці хутка нешта зменіцца для іх у лепшы бок. І ўсіх прыхільнікаў рускага свету я б адпраўляў у падобныя аўтамабільныя экскурсіі па сапраўднай Расіі, каб яны на свае вочы бачылі, што адбываецца ў краіне, а не толькі па мясцовым тэлебачанні.

Аляксей Казлюк

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера