Знайсці
22.06.2018 / 16:571РусŁacБел

Ці ёсць будучыня ў беларускага дызайну кніг?

На Фестывалі беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбыўся круглы стол па тэме «Сучасныя тэндэнцыі ў афармленні кніг і дызайне кніжнай прадукцыі» пры ўдзеле такіх вядомых беларускіх майстроў, як кніжны дызайнер Аляксандр Кулажанка, дызайнер, мастак кнігі, графік Зміцер Герасімовіч, мастак і кніжны дызайнер Вячаслаў Паўлавец, кніжны ілюстратар і графік Павел Татарнікаў, мастак-графік, арт-дызайнер, выдавец Канстанцін Вашчанка, графік і ілюстратар кнігі Раман Сустаў, арт-дызайнер Руслан Найдзен, дызайнер, рэкламіст і выдавец Анатоль Лазар, мастак і дызайнер Дзмітрый Сурскі. Мадэратарам круглага стала быў мастак-графік, паэт і публіцыст Рыгор Сітніца.

Фота з сацыяльных сетак

У часе дыскусіі ўдзельнікі ўздымалі вострыя пытанні і тэмы датычна таго стану, у якім сёння знаходзіцца дызайн і мастацтва кнігі ў Беларусі.

Што робіцца ў кніжным дызайне? Якая будучыня?

Па гэтым пытанні выказаўся Павел Татарнікаў (намаляваў піраміду). Паводле яго думкі за кніжнай графікай ёсць вялікая будучыня, бо колькасць кніг, што выпускаюцца ў свеце, не мае тэндэнцыяў да скарачэння. Што датычыць сегменту інтэлектуальнай кнігі, ён займае самую верхнюю і надта невялікую долю піраміды попыту, але гэты попыт устойлівы. Калі ўлічыць, што падмурак піраміды сягае мільёнаў найменняў, то нават інтэлектуальная кніга тут стварае досыць вялікі рынак. Кніга не пяройдзе цалкам у электронны фармат, ды і там не застанецца па-за абсягам дызайну і ілюстрацыі. Паўстаюць усё новыя тэхналогіі, якія дапамагаюць рабіць тое, што раней было рабіць цяжка ці немагчыма, і таму для тых, хто займаецца афармленнем кніг, разгортваюцца новыя перспектывы. Напрыклад, лазерная рэзка дае магчымасць болей не ўручную рабіць арт-канцэпцыю кніг з сілуэтамі ці фігуркамі, што тэхналагічна падобныя на класічныя выразанкі-выцінанкі.

Чаго не стае беларускаму кніжнаму дызайну сёння?

Большасць удзельнікаў пагадзілася, што сёння развіццю прафесіі кніжнага дызайнера замінае палітыка дзяржаўных выдавецтваў, што да выплаты ганарараў аўтарам (вельмі нізкія), невысокай якасці друку (тэндары, дзе выйграе танная паліграфія і папера) і агулам паноўнага слабага ўяўлення наконт сучасных тэндэнцый у дызайне кнігі. Гэта мае наступствам тое, што моладзь неахвотна ідзе ў галіну і шмат перспектыўных кніжных дызайнераў з’язджае за мяжу, дзе знаходзіць сабе добры заробак і цікавыя замовы. У той жа час пэўныя надзеі ўскладаюцца на недзяржаўныя выдавецтвы, якія паступова пачынаюць заўважаць ролю якаснага дызайну беларускай кнігі ў плане яе прамоцыі, бяруць на працу маладых крэатыўных дызайнераў і клапоцяцца пра ўласны стыль.

Сярод праблемаў галіны называлі таксама адсутнасць якасных і пераканаўчых конкурсаў на найлепшы кніжны дызайн і ілюстрацыю. Адзіны дзяржаўны конкурс выклікаў шматлікія нараканні ўдзельнікаў круглага стала праз пэўную ангажаванасць пры адборы прац на конкурс, гэтак і пры вынясенні канчатковай ацэнкі, бо пазіцыя мастакоў часта прайграе адмысловай пазіцыі чыноўнікаў ад культуры. Незалежная прэмія для дызайнераў кнігі з заўважным прызам-узнагародай — нешта накшталт прэміі Гедройца для беларускіх літаратараў — магла б узняць і прэстыж самой справы, і падвысіць прыцягальнасць удзелу ў галіне кніжнага мастацтва з боку беларускіх аўтараў.

Дзмітрый Сурскі падзяліўся сваім бачаннем: «Безумоўна, ёсць шэраг тэндэнцыяў, якія запавольваюць развіццё кніжнага дызайну ў краіне, але гэта не ёсць нагодай, каб нічога не рабіць. Беларускі саюз дызайнераў цяпер імкнецца больш увагі надзяляць менавіта гэтай галіне, гэтаксама як раней ім быў зроблены адмысловы акцэнт на плакатным дызайне. Будуць арганізаваныя адмысловыя выставы, трэба будзе прадумаць магчымасць збірання і захавання спадчыны беларускага кніжнага дызайну, асабліва для тых прац, што захоўваюцца ў адзінкавых асобніках і могуць быць пашкоджаныя праз умовы захавання. Агулам погляд на будучыню кніжнага дызайну ў Беларусі аптымістычны пры ўмове, што трэба менш жаліцца і больш рабіць».

Ці існавала беларуская традыцыя?

Аляксандр Кулажанка, Рыгор Сітніца адзначылі, што раней, у савецкія часы, у Беларусі бадай не існавала традыцыі кніжнага дызайну, і нешматлікія спецыялісты былі размеркаваныя сюды з Масквы і Львова. Справа была лепей з кніжнай ілюстрацыяй, у межах якой склалася нацыянальная традыцыя, якой мы можам ганарыцца, напрыклад, такімі майстрамі, як Б. Забораў, В. Волкаў, А. Аxола-Вало, А. Кашкурэвіч, А. Шэвераў, У. Савіч, М. Селяшчук, Т. Беразенская ды інш. Але на сёння можна хутчэй сцвярджаць пра адсутнасць такой традыцыі ці школы.

Раман Сустаў вызначыў, што агулам шмат здольных выпускнікоў праходзіць праз адпаведныя школы майстэрства, перадусім Беларускую акадэмію мастацтваў, і выкладанне там такіх таленавітых аўтараў і педагогаў, як прысутныя на дыскусіі Павел Татарнікаў, Руслан Найдзен і інш., ідзе на карысць узроўню падрыхтоўкі студэнтаў-дызайнераў. Трэба гадаваць нацыянальную школу афармлення і дызайну, пакуль у вобласці выкладання застаюцца такія выдатныя спецыялісты, бо без іх стварыць ці адрадзіць такую школу будзе зацяжка.

У шляху дыскусіі ўдзельнікі высветлілі, што Беларусь наўрад зробіцца сусветным цэнтрам, які будзе вызначаць вядучыя тэндэнцыі ў кніжным дызайне, але гэтаму замінае, хутчэй, не адсутнасць талентаў, а брак належнага асяроддзя, на тле якога тыя маглі б сябе бліскуча разгарнуць. Тым не менш пэўная адметнасць беларускаму дызайну кнігі ўласцівая, і яна выяўляецца ў працах такіх мастакоў-ілюстратараў і дызайнераў, як Зміцер Герасімовіч, Генадзь Мацур, Аляксандр Кулажанка, Павел Татарнікаў і інш.

Агульнай высновай круглага стала было тое, што мастацтва кнігі у Беларусі мусіць развівацца, у нас дастаткова таленавітых і самабытных аўтараў, трэба паляпшаць культуру афармлення кнігі, звяртаць на тое ўвагу выдавецтваў, чыноўнікаў і грамадства, выхоўваць адпаведнае асяроддзе, якое б спрыяла дзейнасці здольных аўтараў.

Пасля правядзення круглага стала большасць ягоных удзельнікаў працавала ў якасці незалежнага журы, што мусіла адабраць найлепшую кнігу Фестывалю «Прадмова» паводле канцэпцыі і дызайну. Пераможцам прэміі стала выдавецтва «Логвінаў», перадусім з кнігай Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», але і па сукупнасці заслуг.

Павал Баркоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера