Знайсці
22.06.2018 / 19:2414РусŁacБел

Ліст чытачкі: Гонар і пашана ўсім, хто бароніць Курапаты

«Курапаты — знакавае месца, таму за яго ідзе барацьба: ці мы ўтрымаем сваю амаль што растрачаную годнасць, ці згінем у нікуды. Забудземся на сваіх продкаў, на іх лёсы, на мовы Беларусі: беларускую, ідыш, татарскую, польскую, — забудзем, кім былі нашыя дзяды, што яны любілі, дзеля чаго жылі і змагаліся, — піша ў лісце ў «Нашу Ніву» чытачка Жанна Чарняўская. — Павага і захаванне Курапатаў дасць нам падставы ўшанаваць усе месцы, вымушана і несправядліва забытыя і зняважаныя. Мы, беларуская нацыя, якая ўбірае ў сябе шмат нацыянальнасцяў, мусіць прызнаць сваю гісторыю, свае памылкі, свае болі.

Увесь Менск пабудаваны на касцях — гэта праўда. Мы бяздумна ходзім па месцах масавых пахаванняў, месцах расстрэлаў, пакрыўджаных нацыянальных святыняў, губляючы сваю нацыянальную памяць і годнасць. Калі не лічыць помніка «Яма»,то амаль няма знакаў ушанавання памятных месцаў. Ды і за «Яму» ішло змаганне. Каб не грамадская барацьба, нічога б не было. Парк Чалюскінцаў пабудаваны на месцах масавых пахаванняў. Былы кінатэатр «Спартак», каля Варвашэні і Крапоткіна, быў пабудаваны на былых могілках, зруйнаваных за савецкім часам. Таксама і стадыён «Дынама» стаіць на былых могілках. Былі нацысцкія і савецкія расстрэлы на Камароўцы, у Лошыцы і Трасцянцы. Нацыянальныя могілкі: габрэйскія, татарскія, — парушаны і знішчаны ў савецкі час. Але гэта не дае нам падставы забыцца на яшчэ адно трагічнае месца, зіншчыць яго. Адстаім Курапаты — адстаім сябе і свае святыні.

Канешне, мы жывыя і хочам радавацца жыццю, і ніхто не замінае нам рабіць гэта трохі далей ад страшнага, трагічнага, балючага і зараз святога месца, дзе забівалі людзей. Рэдка можна сустрэць чалавека, які хоча гуляць, спяваць, танчыць і жэрці на могілках. Канечне, могуць мне адказаць, што на Радаўніцу беларусы ядуць на могілках. Але гэта вельмі абмежаваны контраргумент. На Радаўніцу беларусы дзеляцца сваім жыццём з продкамі, прыходзяць сем’ямі не гуляць, а далучыцца да роду, адчуць мінулае і ўшанаваць родзічаў. Ніхто не гуляе на могілках. Чаму не пабудаваць рэстарацыю ў другім месцы?

Месца прыпынку для падарожнікаў і турыстаў можа існаваць недалёка ад Курапатаў, але яно мусіць быць сціплым, дзе можна спыніцца, пасядзець, ціха пагаманіць, выпіць гарбаты ці кавы, трохі пад’есці. Назва «Паедзем, паядзім» мае канцэпцыю кабака і не мае маральнага права існаваць у такой блізкасці да магілаў.

Бізнэс і грошы — вельмі важныя рэчы ў жыцці чалавека. Грошы — гэта як канцэнтраваная энергія: куды накіруеш, туды і пойдуць. Грашыма, як і энергіяй, можна ствараць ці руйнаваць. Таму кожны, хто мяркуе, што бізнэс і грошы маюць права знішчыць нашую годнасць, не мае рацыі. Укладзіце, калі ласка, грошы ў што-небудзь прыбытковае і годнае адначасова, але не ў пачварны праект «Паедзем, паядзім».

Рэстарацыя павінна закрыцца!»

Жанна Чарняўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930