Знайсці
20.06.2018 / 17:4719РусŁacБел

Як памілаваныя чыноўнікі-карупцыянеры збягаюць з калгасаў

Нядаўна КДБ затрымаў некалькіх чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя. У сацсетках пачалі жартаваць, што ў Беларусі тэрмінова спатрэбіліся новыя старшыні калгасаў — вось Камітэт дзяржаўнай бяспекі і заняўся іх нарыхтоўкай.

У кожным добрым жарце ёсць доля праўды: у 2016 годзе памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам чыноўнікаў сапраўды «размеркавалі» на кіруючыя пасады ў калгасы і на заводы. Але ці надоўга высланыя ў глыбінку чыноўнікі затрымліваюцца на месцах «размеркавання»? «Еўрарадыё» напісала пра тры гісторыі злачынства, пакарання і поспеху.

Гісторыя поспеху №1: Віктар Хадасевіч

З калгаса «Ліпаўка» — у дырэктары гандлёвага цэнтра ў Бабруйску.

Віктар Хадасевіч — былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната. Гэта не першы кіраўнік прадпрыемства, якога асудзілі за карупцыю. Яго папярэднік, Андрэй Ісайчанка, таксама быў асуджаны: на шэсць гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Хадасевіча затрымалі праз паўтара месяца пасля таго, як ён ачоліў мясакамбінат (да гэтага ён два гады працаваў там галоўным інжынерам). У траўні 2015 года ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Але ўжо ў лютым 2016 года узначаліў калгас «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне (Магілёўская вобласць).

Аднак, як паведамілі Еўрарадыё, дырэктарам «Ліпаўкі» Віктар Хадасевіч прабыў… усяго каля года.

«Віктар Хадасевіч больш не дырэктар прадпрыемства. Ён звольніўся дзесьці пасля года працы і з'ехаў», — распавядае Еўрарадыё цяперашні ўпраўляючы «Ліпаўкі» Мікалай Какотаў.

Сам Віктар Хадасевіч распавёў Еўрарадыё, што цяпер ён працуе на радзіме — у Бабруйску:

«Працую дома, у Бабруйску, дырэктарам гандлёвага цэнтра «Спектр». З’ехаў з Ліпаўкі, таму што скончылася працоўная дамова».

Якія вынікі прынесла праца Віктара Хадасевіча ў Ліпаўцы? Ужо ў лютым 2017 года Магілёўскі эканамічны суд пачынае справу аб банкруцтве калгаса. У снежні 2017 года пачынаецца працэс санацыі, то бок рэарганізацыі, рэфармавання і фінансавай падтрымкі прадпрыемства.

«Банкруцтва пачалося з таго, што наша фінансавае становішча не дазваляла выплачваць даўгавыя абавязальніцтвы. Цяпер «Ліпаўка» у стане санацыі. У нас ёсць бізнес-план, і да 2020 года мы павінны выйсці на бясстратную працу», — дадае ўпраўляючы «Ліпаўкі» Мікалай Какотаў.

Гісторыя поспеху №2: Аляксандр Архіпаў

Асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі. Паўтара года правёў за кратамі, яшчэ паўтара — у стратным калгасе.

Аляксандр Архіпаў — былы намеснік генпракурора Беларусі. Ён быў асуджаны ў 2014 годзе на шэсць гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Аднак хутка Аляксандр Лукашэнка памілаваў Архіпава. А ў студзені 2016 года колішні сілавік быў прызначаны дырэктарам стратнага сельгаспрадпрыемства «Пятровічы» пад Смалявічамі. Дарэчы, папярэдні дырэктар Васіль Патыла, як кажуць мясцовыя жыхары, «быў злоўлены на хабары і пайшоў на нары».

Але былы намеснік генпракурора не доўга прапрацаваў у калгасе. Ужо ў траўні 2018 года ён пакінуў сваю пасаду. Магчыма, прычынай звальнення стала тое, што калгас так і не дасягнуў патрэбных паказчыкаў па тэмпе росту вытворчасці — пра гэта рапартуюць мясцовыя газеты.

Ілюстрацыя: nv-online.info

Цяпер абавязкі дырэктара ў РСУП «Пятровічы» выконвае Аляксандр Каральчук, які ўвесь час у раз'ездах. А што Архіпаў? Напэўна, неўзабаве ўсплыве на кіруючай пасадзе ў чарговай установе.

Гісторыя поспеху №3: Уладзімір Булай

«Ён звольніўся. Можа, і па ўласным жаданні».

Як не прыгадаць гісторыю старшыні Чашніцкага райвыканкама Уладзіміра Булая! На пачатку верасня 2015 года крымінальную справу аб карупцыі супраць яго распачала Генеральная пракуратура.

Чыноўнік быў затрыманы, а яго дзеянні кваліфікаваліся як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. І пагражала яму ад трох да дзесяці гадоў. Аднак гэта не перашкодзіла яму ў студзені 2016 года стаць дырэктарам ААТ «Кляновічы» у Крупскім раёне.

Як і ўсе іншыя памілаваныя, ён нядоўга прабыў на гэтай пасадзе і звольніўся на пачатку 2018 года. Цяперашні дырэктар гаспадаркі Аляксандр Свірыдаў пацвярджае гэта:

«Ён звольніўся. Можа, і па ўласным жаданні. Не ведаю. Я не лічу патрэбным абмяркоўваць асабістае жыццё іншага чалавека і яго працу ў Кляновічах».

Ці супадзенне, што на пачатку 2018 года на трох фермах ААТ «Кляновічы» была выяўленая крымінальная схема: брыгадзіры прымушалі падначаленых атрымліваць заробак малаком. Са студзеня па верасень 2017 года на пацярпелых было запісана ад 20 да 350 літраў, а адзін з кіраўнікоў па дакументах «прадаў» сваёй падначаленай больш за 1300 літраў малака.

Новыя памілаваныя — у новыя калгасы

Днямі стала вядома, што кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі, быў прызначаны на пасаду дырэктара ААТ «Радастаўскі». У снежні 2017 года, яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару, асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і спагналі 28561 рубель. Але ў няволі ён прабыў не доўга: ужо ў чэрвені 2018 года Рымашэўскі аказваецца памілаваным.

У прыёмнай ААТ «Радастаўскі» Еўрарадыё распавялі, што Рымашэўскі знаходзіцца ў пастаянных працоўных паездках і таму не можа даць каментарый.

З 1999 года да гэтага моманту прадпрыемствам кіраваў Леанід Кароль. Як стала вядома Еўрарадыё, ён нядаўна пакінуў сваю пасаду, напісаўшы заяву аб сыходзе, і быў звольнены «па згодзе бакоў». Пры гэтым ён застаецца членам Радастаўскага сельсавета, склад якога сфармаваўся на выбарах у лютым 2018 года.

Доўгі час ААТ «Радастаўскі» не дэманстравала вялікіх прыбыткаў, але ў 2017 годзе сітуацыя палепшылася: чысты прыбытак прадпрыемства вырас да 168 тысяч рублёў. Што будзе з прадпрыемствам далей — залежыць ад Аляксандра Рымашэўскага.

Вядома, што былы кіраўнік Ленінскага раёна Мінска Валерый Кулеш таксама звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Але пакуль няясна, ці будзе ён «размеркаваны» у калгас.

Поўны спіс памілаваных чыноўнікаў-карупцыянераў нідзе не апублікаваны. У Адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што спісы памілаваных былых чыноўнікаў і топ-менеджараў, прызначаных на кіруючыя пасады, гэта службовая таямніца.

«Еўрарадыё»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера