Знайсці
20.06.2018 / 23:1117РусŁacБел

Епіскап беларусаў Амерыкі: У нас тут нават дзеці знакамітых асобаў ужо не размаўляюць і не разумеюць па-беларуску

16 чэрвеня, у сыботу, беларусы Канады здзейсьнілі традыцыйную пілігрымку (вандроўку) да Беларускага памятнага Крыжа, што ў Прошчы Пакутнікаў у Мідлядзе ля возера Гурон. Гэтым разам адметнаю рысаю дзеі сталася наяўнасьць моладзі, што ў апошнія 2—3 гады далучылася да зарганізаванага беларускага жыцьця. Некаторыя прыбылі сем'ямі разам з дзяцьмі. Агульна ля Крыжа сабралася блізу 40 чалавек. Беларусы прыбылі з бел-чырвона-белымі сьцягамі, белымі й чырвонымі кветкамі. Вядомая канадыйская дызайнерка беларускага паходжаньня Ірына Варабей прывезла вышытую ёю Пагоню.

Напачатку Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна Амэрыканскі Сьвятаслаў прачытаў малітву за Беларусь. Сьвятасьць месца, узьнёсласьць казаньня, прасьветленыя твары прысутных надавалі рысы незвычайнасьці дзеі, што адбывалася ў той дзень у Прошчы Пакутнікаў.

Затым слова меў Алесь Кот. Перад усім ён узгадаў пра адзін своеасаблівы юбілей ў найноўшае гісторыі БАПЦ наагул і ў жыцьці й ахвярніцкай дзейнасьці Ўладыкі Сьвятаслава прыватна. Дзесяць год таму ў Катэдральным Саборы БАПЦ у Брукліне, ЗША адбылася ягоная хіратонізацыя — пасьвячэньне ў сан япіскапа. У тым самым 2008 г. на Саборы БАПЦ Япіскап Сьвятаслаў стаўся абраным на пасаду Першаярарха Царквы і ўжо на працягу 10 год узначальвае адзіную, незалежную ні ад якіх іншых рэлігійных цэнтараў, па літары й духу сапраўды Беларускую праваслаўную Царкву. Характарызуючы асобу Ўладыкі Сьвятаслава, Алесь Кот прадэманстраваў прысутным факсімільны перадрук кнігі Даніэля Дэфо ''Рабінзон Крузо'' выданьня Беларускага дапамогавага камітэту Ватэнштата ў 1947 г., ажыцьцёўлены Зянонам Пазьняком, і прывёў словы з ягонае прадмовы да кнігі пра ейны лёс. У прыватнасьці, сталася сказаным, што асобнік, з якога зроблены факсімільны друк, мае сваю адметную гісторыю, што зьвязана з культурнымі зацікаўленьнямі Ўладыкі Сьвятаслава. Архіяпіскап Сьвятаслаў, як адукаваны чалавек, паўсюдна зьбірае і ратуе кніжную беларушчыну там, дзе яна нішчыцца і прападае воляю лёсу ці з прычыны абставінаў. Яму прыходзілася знаходзіць беларускія кніжкі нават на сьметніку. У Амэрыцы (і для беларусаў гэта не навіна) бывае, што нават дзеці і ўнукі знакамітых асобаў ужо не размаўляюць і не разумеюць па-беларуску. Беларускія самадзейныя кніжкі, выдадзеныя паваеннымі эмігрантамі ў лягерох, зьмест якіх грэў сэрцы бацькоў, ужо нічога не ўяўляюць для некаторых нашчадкаў, аматараў дастатку ды барбэкю на «уікендах». Так спадчына бацькоў становіцца «гарбічам» і вылятае на сьметнік. Архіяпіскап Сьвятаслаў назьбіраў у розных месцах і розным чынам ужо тры вялікія скрынкі беларускіх эмігранцкіх выданьняў, у тым ліку і рукапісных. Аднойчы Ўладыка зрабіў выставу сабраных кніг і часопісаў у саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. На некаторых людзей экспазыцыя зрабіла вялікае ўражаньне. Зьявілася ідэя — усе выданьні адсканаваць, каб зьберагчы як факт змаганьне нашай культуры за выжываньне ў цяжкіх умовах на чужыне, як факт жывучасьці беларускіх ідэй і ахвярнасьці нашых людзей. Свае зборы Ўладыка лічыць належнымі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве. Некалі яны будуць архіўна апрацаваныя і адсканаваныя належным чынам.

Затым Алесь Кот коратка распавёў пра гісторыю Беларускага Крыжа, да якога й прыйшлі сёньня канадыйскія беларусы. Ідэя ўзьняцьця мемарыялу ў Прошчы Пакутнікаў зьявілася ў Спадарства Жук-Грышкевічаў (доктар Раіса Жук-Грышкевіч, доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч) шмат раней таго восеньскага 1987 г. дня, калі дырэктару Мартыр'с Шрайн стаўся дасланым першы ліст з прапановай усталяваць у Прошчы Беларускі Крыж і просьбай на дазвол гэтае акцыі. У студзені 1988 г. такі дазвол быў атрыманы. І адразу бяз прамаруджваньняў распачаліся практычныя дзеяньні.

Перш-найперш стаўся дасланым заклік да беларускага грамадзтва замежжа адносна пабудовы Беларускага Крыжа. У прыватнасьці, у ім узгадвалася, што ў 1988 г. беларусы сьвету адзначаюць 1000-годдзе хрысьціянства ў Беларусі. Гэты важны юбілей прапанавана ўславіць узьняцьцем Беларускага Крыжа ў Канадзе, у сьвятым мейсцы Паўночна-Амэрыканскіх Мучанікаў, што завецца Мартырс Шрайн, Прошча Пакутнікаў. Знаходзіцца гэтая прошча ў мясцовасьці Мідлянд, міляў 80 на поўнач ад гораду Таронта, над возерам Гурон, на маляўнічым лясістым узгорку. На самай гары стаіць касьцёл, а навакола яго, на плошчы колькі гектараў лесапарку, разьмешчаныя крыжы альбо алтары розных нацыянальнасьцяў: італьянцаў, партугальцаў, славакаў, харватаў, палякаў, летувісаў, славенцаў, філіпінцаў. Беларускага сярод іх тымчасам няма. Увесну, улетку, увосень штотыдня там адбываюцца паломніцтвы, тысячы людзей наведваюць Прошчу Пакутнікаў. На крыжы станецца выбітым надпіс: ''Крыж гэты ўзнесены беларусамі (дата) ў тысячныя ўгодкі прыняцьця хрысьціянства ў Беларусі на славу Богу й Бацькаўшчыне''. А далей ішоў бы тэкст малітвы ''Магутны Божа''.

Як паінфармавала дырэкцыя прошчы, крыж гэткі будзе каштаваць тры тысячы даляраў. Арганізатары праекту горача зьвярнуліся да суродзічаў замежжа спрычыніцца фінансава да ўжыцьцяўленьня гэтага праэкту, які б адначасна стаўся б трывалым сьледам нашага нацыянальнага жыцьця на паўночна-амэрыканскім кантыненце.

Фактычны кошт пабудовы Крыжа стаўся $6,735.95. І гэта ў коштах 1988 г. Кіраваў пабудовай Д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Урачыстасьці высьвячэньня Беларускага Крыжа адбыліся на трэці дзень 18-е Сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі на сьвята Лэйбар Дэй 1988 г., калі яе ўдзельнікі з Бацькаўшчыны, Аўстраліі, Эўропы, ЗША й Канады зрабілі паломніцтва ў Прошчу Паўночна-Амэрыканскіх Пакутнікаў у Мідлянды. Ва ўрачыстасьцях прынялі ўдзел:

- Дырэктар Прошчы айцец Джэймс Фаррэлл
- айцец Надсон, Апостальскі Візітар для Беларусаў.
- кіраўнік пабудовы Крыжа й былы Старшыня Рады БНР др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Канада
- Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Раіса Жук-Грышкевіч
- Старшыня Рады БНР др. Язэп Сажыч
- паэтка Натальля Арсеньнева, ЗША
- пісьменьнік Сакрат Яновіч, Польшча
- Старшыня Галоўнае Ўправы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антон Шукелойць
- Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Правінцыі Квэбэку, Канада сп. Анатоль Храноўскі
- Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў ЗША др. Вітаўт Кіпель
- Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе мастачка сп-ня Івонка Сурвілла
- Старшыня Атаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Янка Сурвіла
- Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Чыкага др. Вера Рамук
- Старшыня Таварыства ''Беларусь'' сп. Аляксандр Палескі
- Заступнік старшыні Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады сп. Паўлюк Пашкевіч
- кіраўнік танцавальнага гуртка ''Васілёк'' др. Ала Орса-Романо
- кіраўнік беларускае радыёперадачы ў Беластоку Уладзіслаў Праховіч, Польшча
- кіраўнік беларускае радыёперадачы ў Сіднэі Міхась Лужынскі, Аўстралія
- ансамбль ''Дубіны'' пад кіраўніцтвам сп. Пэтры Ськепкі, Беласточчына, Польшча
- сьпявак сп-р Багдан Андрусішын (Данчык), ЗША
- пляменьніца Івана й Антона Луцкевічаў сп-ня Яна Каханоўская
- сп-ня Эва Пашкевіч-Маккэрвіл, Ванкувар, Канада
- спадарства Вініцкіх, Лос-Анжэлес, ЗША
- спадарства Стусаў, Лос-Анжэлес, ЗША
- сп. Язэп Арцюх Лос-Анжэлес, ЗША

Дырэктар Прошчы айцец Джэймс Фаррэлл прывітаў паломніцтва беларусаў і вітаў пабудову беларускага Манумэнту ў прошчы. Літургія адпраўлена Айцом Надсонам, Апостальскім Візітарам для Беларусаў. Гонар адкрыцьця мемарыяльнай дошкі на каменнай падставе Крыжа, заслоненае Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, Айцец Надсон даручыў Д-ру Раісе Жук-Грышкевіч.

З таго часу канадыйскія беларусы штогод зарганізоўваюць пілігрымкі да свайго, БЕЛАРУСКАГА(!) КРЫЖА. 

Сёлета Крыж адзначае свой 30-гадовы юбілей, а месца, дзе ён узвышаецца, набыло за гэты час статус сакральнага для беларусаў Канады. Штогод Рада Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ), Галоўная Ўправа Згуртаваньня Беларусаў Канады зарганізуюць пілігрымкі ў Мідлянд, каб прадэманстраваць нашую духоўную еднасьць з хрысьціянамі іншых нацыянальных суполак Канады. 

Дызайнерка Ірына Варабей, таксама вядомая грамадзкасьці сваім зацікаўленьнем да індзейскае літаратуры, гісторыі. Яна пераклала на беларускую мову кнігу вядомае індзейскае пісьменьніцы Паўлін Джонсчан-Тэкіянўакей ''Легенды Ванкувара''. Але ў гэты дзень, ля Беларускага Крыжа яна коратка распавяла пра гісторыю Прошчы, дзе сярод 48 крыжоў, алтароў, памятных, мемарыяльных знакаў пачэснае месца займае і наш, пра тое, як узнікла гэтае святое месца. У 17 ст. гэтыя мясьціны толькі пачалі засяляцца эўрапейцамі. Першымі сюды прыйшлі езуіцкія місіянеры. Вакол затокі, да якое прымыкае прошча, тады жылі плямёны гуронаў. А на ўсход адсюль знаходзілася тэрыторыя, на якой пражывала вялікае яднанае племя іракезаў. Іракезы былі больш развітымі: у іх ужо была сельская гаспадарка, яны жылі аседла, вёскамі. Але ў той самы час яны былі даволі ваяўнічымі. Іхнай метай было далучыць да сябе суседнія плямёны; і адзіным дзейсным сродкам для дасягненьня гэтай мэты яны бачылі вайну. Гуроны ж наадварот, былі качэўнікамі. Калі сюды прыйшлі еўрапейцы, спакойныя, лагодныя гуроны прынялі іх, дзяліліся свамі досьведам выжываньня ў гэтай краіне. Місіянеры-хрысьціяне вывучылі іхную мову і навучалі мясцовыя плямёны веры ў Хрыста. Гуроны цэлымі вёскамі пераходзілі ў новую веру, хрысьціянства. Непадалёк адгэтуль была заснаваная хрысьціянская вёска, у якой жылі разам і сьвятары-місіянеры, і простыя французкія пасяленцы, і абернутыя ў хрысьціянства гуроны. У 1649 г. тут адбылася страшэнная трагедыя. На гэтую вёску і на іншыя пасяленні гуронаў напалі ваяўнічыя іракезы, парэзалі ўсіх жыхароў, агульна колькісь сотняў, менавіта за тое, што яны адышлі ад свае веры і прынялі хрысьціянскую. Разам іракэзы й закатавалі святароў-місіянераў… Людзі стагодзьдзямі памяталі пра гэтую трагедыю, пра гэтю зямлю, палітую крывёю індзейцаў і еўрапейцаў, і таму менавіта тут, на гэтым месцы, канадзкія езуіты пазьней, у 1925 г. збудавалі Касцёл, які служыць і сховішчам для парэшткаў трох закатаваных місіянераў, і мейсцам для пакланеньня і малітваў, а зямля вакол яго ўважаецца сьвятой - Прошчай Пакутнікаў. На тэрыторыі Касьцёла розныя народы, якія знайшлі ў Канадзе сваю другую радзіму, таксама ўзводзяць і свае памятныя знакі, каб было куды прыйсьці памаліцца, аддаць пашану трагічным момантам сваёй гісторыі. Вось тут стаіць і наш Беларускі Крыж, скончыла Ірына Варабей.

Наступным Алесь Кот распавёў яшчэ пра адзін мемарыяльны крыж, што побач з Беларускім памятным Крыжам. Ён усталяваны ў 1995 г. беларусамі Канады на сёмыя ўгодкі адкрыцьця сьвету праўды пра Курапаты. На гранітным пастаменце шасьціканцовы крыж, а на камяні ўсталявана мемарыяльная шыльда з наступным надпісам на трох мовах: ангельскай, беларускай лацінаю і францускай:

''Памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

Сотні тысяч нявінных ахвяраў, растраляных у Курапатах, сотні тысяч беларускіх навукоўцаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, паэтаў, сялян, работнікаў, замучаных у савецкіх вастрогах, ссыльных лагерох Варкуты, Калымы й Салоўкаў — мы вас не забудзем!

«Курапаты — Дарога Сьмерці» — сталіся сымбалем генацыду беларускага народу, учыненага над ім палітыкай савецкага рэжыму''.

Алесь Кот зазначыў, што тады, больш за дваццаць год таму, ня ведалі шмат якое праўды і пра чалавечыя страты ў Беларусі падчас панаваньня сталіншчыны, і пра рэальныя страты падчас шасьцігадовае Другое Вайны. Зараз вядома, як маніпулявалі статыстыкаю загінулых у мірны і ваенны перыяды часу з 1917 па 1953 гг., калі статыстыку закатаваных, растраляных нкусаўцамі перапампоўвалі ў статыстыку ахвяраў тае страшэннае вайны, каб схаваць маштабы злачынстваў савецкага рэжыму, сьпіхнуўшы бальшыню рэпрэсаваных на гітлерцаў. сталіся. Дэманструючы удзельнікам пілігрымкі кніжкі аўтараў З. Пазьняка, Я. Шмыгалёва, М. Крывальцэвіча, А. Іова ''Курапаты'' 1994 г. у Менску і кніжка З. Пазьняка і В. Буйвала ''Абарона Курапатаў. Народны мемарыял'', Варшава, 2012г. Стаўся пададзеным кароткі экскурс у 1988 г., калі пасьля публікацыі ЛіМа пра Курапаты у беларускім грамадзтве адбыўся літаральна выбух, вынікам якога сталася закладваньне Беларускага Народнага Фронту і падзеямі на Ўсходніх могілках, што фактычна сталіся першым у СССР адкрытым сутыкненьнем твар у твар дэмакратычных сілаў і камуністычнае імпэрыі.

Шумяць канадыйскія сосны над Беларускімі Крыжамі на зямлі, палітай крывёю хрысьціянскіх пакутнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930