Знайсці
20.06.2018 / 12:353РусŁacБел

Карагін пра абранне Мікалая Ладуцькі кіраўніком сталічнага саюза прадпрымальнікаў: Улада тут ні пры чым

Экс-кіраўнік Мінгарвыканкама, дырэктар ТАА «Мотавелазавод» Мікалай Ладуцька змяніў Уладзіміра Карагіна на пасадзе старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Гэтая ракіроўка здзівіла не толькі грамадскасць, але нават і некаторых чыноўнікаў…

Фота з фэйсбука Уладзіміра Карагіна

Уладзімір Карагін запэўнівае: выбары прайшлі сумленна і без умяшання ўлады.

— Безумоўна, прызначэнне Ладуцькі выглядае сенсацыйным і незвычайным, але змена старшыні Саюза планавалася даўно, не магу ж я ўвесь час кіраваць! — распавёў «Народнай Волі» Уладзімір Карагін. — Тым больш гэта неаплатная праца, якая патрабуе нямала часу і фінансаў. А я працую на пяці працах, у ВНУ, узначальваю канфедэрацыю прадпрымальнікаў. Мне проста не хапае часу на ўсё.

Гэта была самая звычайная, планавая справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Акрамя Мікалая Аляксандравіча Ладуцькі вылучаліся і іншыя кандыдатуры. Усе выступалі з праграмай. Ладуцьку, дарэчы, прыйшлося адказваць не толькі за сябе, але і за ўсіх чыноўнікаў. Аднак ён годна трымаўся.

— А Ладуцька сам выказаў жаданне змяніць вас ці яго настойліва папрасілі?

— Улада тут увогуле ні пры чым! У нас свабодная арганізацыя, і ніхто нам ніякія кандыдатуры ніколі не ўзгадняў. Калі мы прапанавалі Ладуцьку вылучыць сваю кандыдатуру, ён параіўся са сваімі сябрамі, калегамі і літаральна за суткі даў дабро на тое, што будзе вылучацца.

Ладуцька цесна звязаны з прадпрымальнікамі — сярэднімі і буйнымі, натуральна, што яны ўслед за ім прыйдуць у наш саюз.

— Але ж ён чыноўнік да мозгу касцей!

— Ладуцька на ўсіх сваіх пасадах спрыяў прадпрымальнікам. А калі ўзначальваў Мінгарвыканкам, то з бізнесменамі працаваў, мабыць, лепш за ўсіх сваіх папярэднікаў. Часта сустракаўся, запрашаў прадпрымальнікаў на пасяджэнні выканкама.

У яго верыў і нябожчык мэр Мінска Міхаіл Паўлаў. Калі ўжо хварэў, казаў мне: маўляў, Ладуцька справіцца з тымі задачамі, якія стаяць перад Мінгарвыканкамам. І калі не стала Паўлава, менавіта Ладуцька давёў да канца ўсе яго распачатыя праекты, у тым ліку і вялікія будоўлі, ён гасіў канфлікты, сам усюды асабіста выязджаў…

— Не сакрэт, што Ладуцька фактычна справакаваў судовы працэс над былым уладальнікам «Мотавела» бізнесменам Аляксандрам Мураўёвым, якога на 11 гадоў кінулі за краты.

— Вы памыляецеся. Я вельмі добра стаўлюся да Мураўёва, але, паверце, Ладуцька тут ні пры чым…

— Ён завод давёў да банкруцтва.

— Не давёў да банкруцтва, а праводзіць працэдуру банкруцтва. І трэба яшчэ паглядзець, у якім стане ён атрымаў гэта прадпрыемства…

Я ўпэўнены, што Мікалай Ладуцька яшчэ вернецца і ў дзяржаўныя органы. Будзе міністрам або віцэ-прэм’ерам. Я ў гэтым нават не сумняваюся! Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў кадравым рэзерве…

Дарэчы, усе старшыні Мінгарвыканкама з’яўляюцца ганаровымі сябрамі нашага саюза. Андрэй Шорац, напрыклад, атрымаў статус ганаровага сябра і адпаведны дыплом у студзені гэтага года.

— Вы цяпер таксама ганаровы — праўда, старшыня.

— Так, для мяне ўвялі гэтую пасаду. Але гэта не значыць, што па няцотных днях тыдня я не працую. Мы дамовіліся з Ладуцькам, што я буду прадстаўляць інтарэсы нашай арганізацыі ў Мінгарвыканкаме, хадзіць на планёркі. Бо Ладуцьку трэба сваім прадпрыемствам займацца. Ён нядаўна з Манголіяй перамовы правёў, цяпер у Егіпет збіраецца — магчыма, будзе філіял там адчыняць, ва ўсякім разе пакуль актыўна вядзе перамовы па гэтым пытанні… 

Марына Коктыш, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930