Знайсці
20.06.2018 / 07:389РусŁacБел

Шрайбман: «Пры Лукашэнку ў Беларусі няма і не можа быць прарасійскай апазіцыі»

Госьць «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Ён адказвае на пытаньне, ці магчыма спалучыць нацыянальныя інтарэсы і інтэграцыйныя абавязаньні Беларусі і Расеі, заяўляе, што Расея можа ўсё менш разьлічваць на Беларусь у замежнай палітыцы, лічыць, што Захад не зьбіраецца зрынаць цяперашні менскі рэжым, і тлумачыць, ці адчувае Лукашэнка, якія лініі ня варта пераходзіць у адносінах з Расеяй.

president.gov.by

Расея акопваецца, Беларусь адчыняецца сьвету

— 19 чэрвеня ў Менску праходзіць паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады «саюзнай дзяржавы» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Які галоўныя стратэгічныя пытаньні існуюць у сёньняшніх беларуска-расейскіх дачыненьнях, незалежна ад «саюзнай дзяржавы» ды іншых інтэграцыйных утварэньняў?

— Думаю, складана глядзець на гэта ў адрыве ад розных інтэграцыйных аб'яднаньняў, бо яны становяцца каналам рашэньня гэтых праблемаў. На сёньня дзьве стратэгічныя праблемы ў беларуска-расейскіх адносінах, якія, я ўпэўнены, абмяркоўвалі Пуцін і Лукашэнка.

Першая — доступ беларускіх тавараў на расейскі рынак. У розны час гэта страляе ў розных галінах, цяпер больш за ўсё скандалаў вакол малака. Але ёсьць і праблемы з доступам на расейскі рынак дзяржзакупак. Ёсьць сустрэчная прэтэнзія, што Расея не прадае нейкую сучасную вайсковую тэхніку Беларусі. Гэтую праблему складана ўявіць у адрыве ад пэўных інтэграцыйных аб'яднаньняў, бо асноўны аргумэнт беларускага боку — калі ў нас ёсьць адзіная эканамічная прастора, то выконвайце яе патрабаваньні без пратэкцыянізму.

Другая стратэгічная праблема, якую таксама цяжка разглядаць па-за кантэкстам «саюзнай дзяржавы», — гэта праблема межаў. 25 гадоў ішлі да гэтага, і напружанасьць вакол адсутнасьці рэальнай мяжы толькі мацнела. У краінаў розныя рэжымы працы са зьнешнім сьветам — Расея акопваецца, Беларусь адчыняецца. Ёсьць узаемны недавер — у Расеі да беларускіх памежнікаў, некалькі гадоў ідуць спрэчкі вакол рэжыму аховы і пропуску празь мяжу. Лукашэнка напярэдадні сустрэчы і заяўляў, што тут трэба разабрацца. Пасьля чэмпіянату сьвету па футболе зноў спыніцца бязьвізавы рэжым для замежнікаў у Расеі. І калі праблема ня вырашыцца на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, то вельмі верагодна, што мы пабачым новыя ўсплёскі гэтай спрэчкі.

— Як могуць вырашацца такія праблемы, дзе нацыянальныя інтарэсы дзьвюх краінаў не супадаюць? Тое ж пытаньне мяжы, агульнай візавай прасторы, замежнай палітыкі. Наколькі можа быць агульная палітыка ў дзьвюх незалежных дзяржаў, якія разам з тым складаюць нейкую ўяўную «саюзную дзяржаву»?

— У гэтым і ёсьць зерне разладу. У тым, што ідзе сутыкненьне нацыянальных інтарэсаў і інтэграцыйных абавязаньняў. Адсюль усе канфлікты ў адносінах Беларусі і Расеі за апошнія гады. Яны вырашаюцца рознымі формамі — кампрамісамі, узаемным ціскам, саступкамі і шантажом. Такі мікст, дзе гэтыя рычагі выкарыстоўваюцца ў розных прапорцыях. У пытаньнях гандлю кампрамісы менш верагодныя, бо бліжшая свая кашуля, і відавочна, што расейскія ведамствы кіруюцца інтарэсамі сваіх лабістаў. У любым выпадку, незразумела, чаму яны павінны кіравацца лёгікай абароны беларускіх вытворцаў — калі мы ўсур'ёз не ўспрымаем аргумэнты пра «славянскае братэрства».

Таму ў розных пытаньнях патэнцыял для кампрамісу розны. Але чым болей бакі выбіраюць для сябе розную лінію адносінаў са сьветам, тым болей такіх разыходжаньняў будзе ўзьнікаць.

«Ня ўпэўнены, што ў дачыненьні да Беларусі ў Расеі ёсьць усьвядомленая стратэгія і палітыка»

— Інтэграцыйныя ўтварэньні нагадваюць капусту — іх некалькі слаёў. Мытная прастора, Саюзная дзяржава, СНД, ЕАЭС. Навошта існуе, напрыклад, «саюзная дзяржава», калі фактычна ўсе яе палажэньні дзейнічаюць у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу?

— Фармальна яны адзін аднаго ў нейкай ступені дапаўняюць. Бо Мытны саюз ужо паглынуты Эўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС). У «саюзнай дзяржаве» інтэграцыя дзьвюх краінаў глыбейшая ў гуманітарных, працоўных пытаньнях, у культурных сувязях. Ёсьць абаронны саюз АДКБ, ёсьць пляцоўка СНД, якая ні да чога не абавязвае, месца сустрэчы постсавецкіх лідэраў. Усё часьцей, як трапна выказаўся армянскі палітоляг, гэта «кола бяз вобаду». То бок — фарматы для ўзаемаадносінаў з Расеяй, змаганьня за саступкі пад розным соўсам.

Для Беларусі чым болей такіх фарматаў і нагодаў для сустрэчы, тым тактычна лепей. Але ў больш стратэгічнай пэрспэктыве яны прывязваюць беларускую эканоміку і палітыку да расейскай. І ўсё ж у тым, што іх шмат, я ня бачу вялікай праблемы. Дэ-факта той сэнс, які ў іх закладаўся, даўно нівэляваны, яны ператварыліся ў месца сустрэч. А на нашых прасторах усё залежыць ад адносінаў лідэраў і іхніх сустрэчаў.

— Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі аглядальнікі загаварылі пра тое, як будзе мяняцца стаўленьне Масквы да афіцыйнага Менску. І часта выказваюць меркаваньне, што гэтае стаўленьне будзе мяняцца ў бок больш агрэсіўнага ціску.

— Я ня ўпэўнены, што ў дачыненьні да Беларусі ў Расеі ў прынцыпе ёсьць усьвядомленая стратэгія і палітыка. Мы часта пераацэньваем ступень той увагі, якую аддае Беларусі Расея. Беларусь для Расеі не настолькі важная, як Расея для Беларусі. У замежнапалітычным парадку дня Беларусь не ўваходзіць нават у топ-10 праблемаў, пра якія думае расейскае кіраўніцтва — асабліва цяпер, калі Пуцін захапіўся глябальнымі спрэчкамі і ваеннымі прыгодамі.

Таму асноўная праблема беларускага кіраўніцтва — у адсутнасьці палітыкі Расеі на гэтым кірунку. Праблема — і магчымасьць. Праблема — бо часам складана прыцягнуць увагу Пуціна, каб ён нешта вырашыў. Зь іншага боку, гэта і добра, бо краіны, якія зазнаюць празьмерную ўвагу Расеі, атрымліваюць хутчэй нэгатыўны бок гэтай увагі, хутчэй уціск.

Дык вось, я не прадбачу нейкага глябальнага перагляду адносінаў Расеі да Беларусі. Бо невялікія хістаньні беларускага курсу, унутранай палітыкі не ўяўляюць сур'ёзнай пагрозы для таго, што расейскае кіраўніцтва ўспрымае як нацыянальныя інтарэсы.

«Лукашэнка разумее, што Захад ня будзе рабіць стаўку на палітычных саюзьнікаў унутры Беларусі і зрынаць рэжым»

Мне падаецца, самае важнае тактычнае дасягненьне Лукашэнкі (у сэнсе ягонага палітычнага выжываньня) — гэта тое, што за 25 гадоў сваёй улады на беларускім палітычным полі ён не дазволіў узьнікнуць ніякай альтэрнатыўнай прарасейскай палітычнай сіле. У нас у краіне пры Лукашэнку няма і ня можа быць прарасейскай апазыцыі — уплывовай, а не на ўзроўні публіцыстаў «Рэгнуму».

Лукашэнка разумее, што хоць Захад мае сваіх палітычных саюзьнікаў унутры Беларусі, Захад ня будзе рабіць на іх стаўку і зрынаць рэжым. Але ў Лукашэнкі ёсьць разуменьне, што на такія дзеяньні патэнцыйна здольная Расея, таму ёй ня трэба даваць «плян Б». І гэтае цалкам зачышчанае ад любога больш прарасейскага палітыка палітычнае поле — вельмі важны актыў Лукашэнкі.

Таму нават у крытычныя моманты канфліктаў у расейскага кіраўніцтва проста няма выбару. Яно ня можа знайсьці тут беларускага Медведчука, беларускі Крым, Данбас, фракцыі ў парлямэнце і гэтак далей. І таму яно вымушана ісьці на нейкія саступкі і падтрымліваць цяперашняга прэзыдэнта, які, магчыма, ім ужо надакучыў.

«Расейцы ўсё менш адчуваюць, што яны могуць разьлічваць на Беларусь у замежнай палітыцы»

— Але калі ўзьнікае пытаньне больш самастойнай замежнай палітыкі Беларусі, пытаньне пэўнага аддаленьня Беларусі ад Расеі ў палітычнай і ідэйнай сфэры, нейкай мінімальнай беларусізацыі — гэта ўсё, з гледзішча Крамля, зьяўляецца праблемамі, якія трэба вырашаць? Ці гэта ўсё можна ігнараваць, бо яно не нясе ніякай стратэгічнай пагрозы Расеі?

— Расейскае кіраўніцтва ўважліва назірае за гэтымі працэсамі, і карэкцыя замежнай палітыкі ў іх ідзе. У абароне ідзе пабудова заходняга крыла расейскага войска, набліжэньня базаў да беларускай мяжы і гэтак далей. Расейцы ўсё менш адчуваюць, што яны могуць разьлічваць на Беларусь у замежнай палітыцы.

Але беларускі флірт з Захадам далёка не даходзіць да тых межаў, не перасякае тых ліній, якія існуюць у адносінах Расеі з саюзьнікамі. Казахстан паводзіць сабе значна сьмялей, прарасейскія блогеры там атрымліваюць вялікія тэрміны за заклікі да сэпаратызму, там бязьвізавы рэжым даўно ўведзены для многіх краінаў. Усе гэта можа напружваць Расею, але не прыводзіць да вялікага ціску.

Я думаю, што гэтыя ўсе беларускія хістаньні часам нэрвуюць расейскае кіраўніцтва, часам выклікаюць усьмешку. Але, за выключэньнем груп нейкіх адмарожаных экспэртаў і публіцыстаў, ніхто ўсур'ёз ня лічыць гэта «здрадніцтвам» і пагрозай. Беларуская ўлада за гады адносінаў з Расеяй і на чужым досьведзе вучыцца, якія «чырвоныя лініі» ня трэба пераходзіць, а дзе можна трошкі гэтую плянку пасунуць. І вельмі акуратна сябе паводзіць (нават занадта акуратна, можна было дазваляць сабе і больш). І ня бачу прычын, чаму ў будучым можа нешта зьмяніцца. Беларусь адчувае, якія лініі ня трэба пераходзіць.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930