Даслаць навіну
Знайсці
21.06.2018 / 14:14

10 беларускіх і замежных жанчын, якія зрабілі сабе імя ў футболе ФОТЫ

Жарт пра тое, што ў кожнага другога мужчыны на планеце цяпер, падчас чэмпіянату свету па футболе, «гэтыя дні», па шчырасці, набіў аскому.

Быццам жанчыны застаюцца па-за футболам!

Не, жанчыны не проста любяць футбол, а некаторыя з іх зрабілі футбол часткай свайго жыцця. Яны прыйшлі ў мужчынскі футбол і дамагліся павагі нават тых, хто спачатку не прымаў іх сур'ёзна або лічыў гендарны бар'ер у самай папулярнай гульні планеты непераадольным.

Чан Юн-Цін: трэнерка, якая зрабіла свой клуб чэмпіёнам

Чан прыйшла працаваць трэнерам у ганконгскі мужчынскі клуб Eastern, калі ёй было 26 гадоў. І ўжо на наступны год каманда стала чэмпіёнам Ганконга.

Павялічыць выяву

Чан Юн-Цін называюць Ялавічны Мяч. Фота football.by.

Такім чынам, Чан стала першай у гісторыі жанчынай, якая прывяла прафесійную мужчынскую футбольную каманду да перамогі ў вышэйшым дывізіёне. Да гэтага стаць чэмпіёнам клубу не ўдавалася цягам 20 год.

Футболам дзяўчына захапілася яшчэ ў сярэдняй школе, калі ўбачыла па тэлевізары зорку англійскай прэм'ер-лігі Дэвіда Бэкхэма — ён скарыў яе сэрца.

Падчас вучобы ва універсітэце тэмай навуковага даследавання Юн-Цін стаў футбол у Ганконгу з геаграфічнага пункту гледжання — яна вывучала, як на развіццё гэтага віду спорту ўплывае клімат і мясцовая дэмаграфічная палітыка.

Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта Юн-Цін ўладкавалася на працу ў ганконскі футбольны клуб «Pegasus» ў якасці аналітыка дадзеных — на няпоўны працоўны дзень і мізерны заробак.

«Я задумвалася аб працы ў паліцыі, або на дзяржслужбе, або, напрыклад, настаўнікам, — кажа Юн-Цін у інтэрв’ю. — Прыкладна ў гэты ж час мне патэлефанаваў былы трэнер Eastern і запрасіў на працу».

Цікава, што сваім «прабіўныя» характарам Чан зарабіла сабе розныя мянушкі. Яшчэ ў школе яе клікалі Ялавічны Мяч. А гульцы яе клуба называюць Чан цёткай Ха, як адну з гераінь фільма Стывена Чоу «Кароль камедыі».

Ціхана Немчыч: топ-мадэль, якая трэніруе мужчынскі клуб

Былая абаронца харвацкай зборнай на працягу дзесяці гадоў выступала на прафесійным узроўні, аднак праз траўму калена была вымушана завязаць са спортам.

Але Ціхана не супакоілася на тым, што стала паспяховай мадэллю.

Павялічыць выяву

Ціхана Немчыч — трэнерка і мадэль. Фота segodnya.ua.

Яна паступіла вучыцца ва ўніверсітэт на спецыяльнасць «трэнер». Адразу пасля сканчэння вучобы Ціхану паклікаў на пасаду галоўнакамандуючага мужчынскі футбольны клуб Viktorija Vojakovac.

«Я галоўны трэнер, і ў мяне ёсць поўная свабода для таго, каб ствараць і планаваць тактыку каманды. Калі жанчына і мужчына маюць аднолькавыя навыкі для трэнерскай працы, то я не бачу прычын, па якіх я не павінна трапіць у мужчынскі футбол», — кажа Ціхана.

Карын Д’якр: першая ў Францыі атрымала статут прафесійнага трэнера

40-гадовая францужанка, якая трэніруе каманду «Клермон», у мінулым — капітан і рэкардсмен зборнай Францыі па жаночым футболе па колькасці праведзеных матчаў (121). Яна скончыла кар'еру ў 32 гады праз разрыў звязкаў калена.

Пачынала кар’еру Карын з трох паразаў у пяці турах. Але пасля ўзяла каманду ў свае рукі, і «Клермон» стаў прэтэндаваць на выхад у лігу вышэй.

Павялічыць выяву

Карын Д'якр. Фота m.sports.ru.

Стыль яе кіраўніцтва, як кажа сама Карын, спалучае строгасць з нефармальнымі прыколамі.

Трэнеры каманд-суперніц рэагуюць на калегу-жанчыну адэкватна, а трэнер французскага «Брэста» перад кожным матчам, якія гуляюць іх каманды, дорыць Карын кветкі.

Бібіяна Штайнхаўс: суддзя найвышэйшага ўзроўню

Жанчыны-суддзі не такая ўжо рэдкасць у сучасным футболе, але да найвышэйшага ўзроўню дабіраюцца адзінкі. 39-гадовы афіцэр паліцыі Бібіяна Штайнхаус судзіць матчы ў Бундэслізе. І яна стала першай жанчынай-арбітрам ў еўрапейскіх топ-лігах. За яе плячыма — дзевятнаццаць гадоў судзейскага стажу, з іх дзесяць — у другім дывізіёне Германіі, дзе яна і зарабіла аўтарытэт, неабходны любому рэферы сур'ёзнага ўзроўню.

Павялічыць выяву

Бібіяна Штайнхаўс. Фота football24.ua.

За час працы ў мужчынскім футболе яна не раз трапляла ў цэнтры сэксісцкіх скандалаў і проста нязручных эпізодаў. У адным з матчаў гулец «Герты» Петэр Німаер ўмудрыўся аблапаць яе грудзі, пасля яе фрывольна прыабняў тагачасны трэнер «Баварыі» Пеп Гвардыёла. Футбаліст Керэм Дэмірбай, якога Штайнхаус выдаліла з поля, заявіў, што жанчынам-арбітрам не месца ў футболе. Нямецкі футбольны саюз не пагадзіўся з гульцом і дыскваліфікаваў яго на пяць матчаў, заадно аштрафаваўшы на 10 тысяч еўра.

«Надышоў час жанчын-арбітраў, таму што пол футбольнага арбітра не мае значэння», — заявіў Юрген Клоп пасля аднаго з матчаў «Майнца», які судзіла Штайнхаўс. А ў Іране пры паказе матчу «Баварыі» з «Кёльнам» Бібіяну Штайнхаус з трансляцыі выразалі.

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Павялічыць выяву

Рэйчал Андэрсан: футбольны агент, якой давялося адстойваць права займацца футболам праз суд

У вялікім бізнэсе з шматмільярдным абаротам, якім стаў сучасны футбол, агенты, што вядуць справы гульцоў і трэнераў, ператварыліся ў вельмі ўплывовую касту. Жанчынам уваход у яе, як ні дзіўна, адкрыўся параўнальна рана, і чалавека, якому варта падзякаваць за гэта, завуць Рэйчал Андэрсан.

Павялічыць выяву

Рэйчал Андэрсан. Фота bbc.com.

У пачатку 90-х гадоў Рэйчал арганізавала пераход абаронцы «Вэст Хэма» Джуліяна Дзікса ў «Ліверпуль» за 3 мільёны фунтаў, усталяваўшы новы рэкорд англійскай прэм'ер-лігі.

Аднак у 1997 годзе здарыўся казус, калі Рэйчал не пусцілі на штогадовую цырымонію англійскай Футбольнай асацыяцыі: арганізацыя, якая сама ж даслала запрашэнне Андэрсан, забылася абвясціць пра яе аб тым, што правілы забараняюць жанчынам наведваць паседжанні ФА. Праз два гады Рэйчал праз суд дамаглася адмены дыскрымінацыйнай практыкі.

«Футболу трэба больш жанчын, — лічыць яна. — Сярод нас шмат сапраўдных прафесіяналаў. Не абавязкова ведаць увесь адваротны бок гульні — неабходна разбірацца ў перамовах і ўмець знаходзіць агульную мову з людзьмі. І ў мяне гэта выдатна атрымліваецца».

А як у нас?

У Беларускай федэрацыі футбола назвалі імёны пяці жанчын, якія займаюць пэўныя пасады ў беларускім футболе.

Вольга Цярэшка, суддзя першай лігі, рэферы ФІФА.

Вольга стала суддзёй у 20 гадоў, абслугоўвае футбольныя матчы першай і другой лігі Беларусі, а таксама ўсе спаборніцтвы рангам ніжэй ужо восем гадоў. Судзіла пачатковыя туры Лігі чэмпіёнаў.

Павялічыць выяву

Вольга Цярэшка. Фота vk.com.

Як і многія яе каляжанкі, Вольга пачынала з жаночага футбола, які вымушана была пакінуць праз траўму.

У час, калі Вольга не занятая ў футбольных баталіях, працуе настаўніцай фізкультуры ў маладзечанскай гімназіі № 6.

Ірына Булыгіна, трэнер, сябра выканкама АБФФ.

Павялічыць выяву

Ірына Булыгіна. Фота vk.com.

Ірыне Булыгінай 51 год, яна працуе галоўным трэнерам дзявочай зборнай па футболе.

Дыяна Тропнікава — трэнер па навукова-метадычнай рабоце ФК «Дынама-Мінск».

Павялічыць выяву

Дыяна Тропнікава. Фота vk.com.

Праца Дыяны заключаецца ў тым, каб кантраляваць функцыянальны стан футбалістаў, іх фізічную падрыхтаванасць.

Акрамя таго, Дыяна — найлепшая бамбардзірка каманды «Зорка-БДУ» — 147 галоў. Выкладчыца ў БДУФК.

Таццяна Лавец — былая баскетбалістка, цяпер трэнер па фізічнай падрыхтоўцы. Таццяна працуе ў вышэйшым дывізіёне краіны, дапамагала футбольнаму клубу «Мінск». Па словах прэс-сакратара АБФФ Аляксандра Алейніка, цяпер Таццяна перайшла працаваць у ФК «Дынама-Брэст».

Павялічыць выяву

Таццяна Лавец. Фота onliner.by.

 У яе абавязкі ўваходзіць не толькі прывядзенне гульцоў у аптымальныя кандыцыі, але і аднаўленне пасля найскладаных траўмаў.

Таццяну ў спартыўных колах называюць «Таццяна-забойца» за яе жорсткасць і патрабавальнасць.

Алена Карась — памочнік арбітра.

Закрывае наш спіс жанчын у беларускім футболе Алена Карась. Яе ў якасці памочніка арбітра можна ўбачыць на матчах першай лігі.

Наталля Тур, фота на застаўцы nike.com

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31