Знайсці
19.06.2018 / 15:354РусŁacБел

Мемуары жаўнера, фэнтэзі пра ваўкалака, развагі эмігранта — кнігі на Прэмію Гедройца ад выдавецтва «Галіяфы»

Распачаўся чарговы сезон Прэміі імя Ежы Гедройца. На галоўны прыз прэтэндуюць 32 кнігі, напісаныя ў 2017 годзе на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.

Ніжэй агляд кніг, якія будуць удзельнічаць у Прэміі, ад выдавецтва «Галіяфы».

Вікенцій Мароз. «Перажытае-незабытае»

Народжаны на Нясвіжчыне ў беларускай сям’і, сябра Саюза беларускай моладзі падчас вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ў гады акупацыі, жаўнер Другой арміі Войска Польскага ў Другой сусветнай вайне, настаўнік мовы і літаратуры ў мірным працоўным жыцці…

Кніга Вікенція Мароза «Перажытае-незабытае» — гэта не толькі экзістэнцыя асабістага жыцця чалавека з пакручастым лёсам на драматычных зломах беларускай гісторыі, але і жывы выразны адбітак складанага і трагічнага часу, які ўвабраў і жыццё пад Польшчай, і першыя Саветы, і жыццё пад акупацыяй, і вайну, якой аддадзены два з паловай гады, і пасляваенны перыяд з усімі яго калізіямі.

 

Максім Кутузаў. «Князь-ваўкалак»

Людзі звычайна думаюць, што жыццё князя прыемнае і бесклапотнае. Аднак ці яно такое на самой справе? Ці можна назваць бесклапотным жыццё, калі пагроза варожага мяча і здрадніцкага кінжала заўсёды побач? Калі нельга быць упэўненым: хто з’яўляецца сябрам, а хто толькі робіць выгляд?.. Калі не можаш зрабіць ніводнага кроку без згоды дарадцаў? Але калі князю пашанцавала нарадзіцца ваўкалакам, перад ім адкрываюцца зусім іншыя магчыма­сці. Галоўнае — ведаць, як імі скарыстацца…

 

Зміцер Кустоўскі. «Прытулак»

Малады эмігрант не можа разабрацца ў сваім унутраным свеце. Выдуманыя хімеры ледзь не разбураюць галоўнага героя. Ягоная барацьба — гэта барацьба з самім сабой. Што ў выніку? Аўтар не шкадуе героя — кідае яго ў самыя неверагодныя сітуацыі, прымушае рабіць неабдуманыя крокі, і ў рэшце рэшт здаецца, што выратоўвае… Адкуль ён і куды рухаецца? Гэтае і другія пытанні міжволі паўстаюць пры чытанні твора. 

Гэта кніга пра эміграцыю і ўцёкі ад самога сябе.

 

Франц Сіўко. «Штрыхкоды»

Слоўная эквілібрыстыка ў працэсе пісьма цікавіць аўтара кнігі ў той ступені, у якой спрыяе найбольш дакладнай падачы факта. Голы факт, так бы мовіць, штрыхкод рэчы, падзеі, уражання пры гранічнай сцісласці мастацкага аздаблення — вось яго мэта ў такім жанры, як эсэ. Слова для яго — матэрыял, з якім ён падчас працы абыходзіцца і даволі бесцырымонна, і разам з тым — паважліва. Пра што і сведчыць дадзены зборнік эсэ, складзены з ужо друкаваных раней і новых твораў.

 

Міхась Зізюк. «Планктон»

 

У кнізе Міхася Зізюка знойдуцца творы для аматараў самых розных жанраў: прыгодніцкай і містычна-фантастычнай аповесці, псіхалагічнага апавядання, вандроўна-падарожных нарысаў… Але ўсе гэтыя творы аб’ядноўвае шчырая любоў да чалавека, прыроды, роднай зямлі. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера