Знайсці
18.06.2018 / 14:0230РусŁacБел

«Маёй краіны больш няма». Споведзь маскоўскага беларуса

Мне нескладана прызнацца, што цягам апошніх гадоў, пасьля анэксіі самі ведаеце якога паўвострава з боку самі ведаеце якой дзяржавы, я знаходжуся ў дэпрэсіі. Хаця б таму, што ў прынцыпе агучваць назвы гэтай краіны і гэтага паўвострава ўголас з такімі фармулёўкамі — гэта, строга кажучы, азначае парушаць Крымінальны кодэкс.

Дзяржава, якая была маім дрэнным, сумнеўным, не ва ўсім любімым, але родным домам, «портам прыпіскі», раптоўна як быццам зьнікла, памерла, і на яе месцы засталася чужая аморфная культурная прастора з аўтарытарным рэжымам і асобнымі ачагамі супраціву на фоне заблытанага праблемнага грамадзтва, якое выклікае ў навакольнага сьвету больш пагарды, чым шкадаваньня.

Нешта падобнае, мусіць, адчувалі людзі ў Расеі ў 1918 годзе: няма Расеі, няма цара, няма рэспублікі, ёсьць населеная людзьмі тэрыторыя з узурпатарскім рэжымам бальшавікоў у цэнтры і безнадзейным супрацівам дзесь на ўскрайках.

На месцы маёй былой дзяржавы зьявілася агрэсіўная дэспатыя, якая з гітлераўскімі фармулёўкамі аб «узьяднаньні падзеленага народу» разьвязала вайну і далучыла кавалак суседняй краіны. Тое, чым стала мая былая дзяржава, ня мае міжнародна прызнаных межаў, ня мае дзейнай міжнародна прызнанай Канстытуцыі і амаль адкрыта ваюе з Украінай — амаль гэтак жа сама роднай мне, чалавеку так і нястворанай савецкай шматэтнічнай нацыі, які нарадзіўся на раздарожжы і зьвязаны каранямі зь некалькімі былымі рэспублікамі СССР.

Каб вярнуць сабе законны статус, гэтая дзяржава павінна вярнуць назад захопленае, адматаць зьмены ў Канстытуцыі і неяк патлумачыць усё гэта грамадзтву, якое апошнія гады мэтанакіравана прыводзілася ёю ж у стан нацыяналістычнай эўфарыі менавіта з дапамогай вонкавай агрэсіі. Людзей, якія нават проста хацелі б усяго пералічанага дамагчыся, у краіне амаль што няма нават сярод апазыцыі. Гэта значыць, задача можа быць вырашаная толькі ў момант вострага агульнага крызісу, як у 1917 ці 1991 гадах. Гэта значыць, спакойнае і мірнае вырашэньне праблемы немагчымае.

Ці, можа, дарэмна я, дзяржавацэнтрычны і палітызаваны чалавек, блытаю дзяржаву і краіну? Масква і мой родны раён як стаялі, так і стаяць. Мае сябры і калегі як былі, так і ёсьць. Жывуць, радуюцца, працуюць, адпачываюць, ходзяць у кіно, ядуць у рэстарацыях, кахаюць, жэняцца, гадуюць дзяцей. Як, уласна, машынальна і я.

Усё з выгляду жыве, як і жыло, але зьнікла пачуцьцё лучнасьці з усім гэтым, пачуцьцё агульнага лёсу, датычнасьці да вобразу і ідэі Расеі. Пецярбург, Масква ці старажытны Ўладзімір перасталі быць часткай агульнага цэлага, сталі проста паасобнымі месцамі зь нейкімі дамамі і нейкімі жыхарамі. У кантэксьце агульнага цэлага ўсе яны, кожны пецярбурскі палац і кожная сярэднявечная суздальская царква, сталі радыяактыўнымі. Патрыятызм у дачыненьні да іх усіх (а я, прызнаюся, калісьці звыкся быць іхным патрыётам) стаў радыяактыўным.

Я вырас як чалавек расейскай культурнай прасторы, «русского мира», расейскай шматнацыянальнай імпэрыі. І вось усё гэта стала радыяактыўным.

Немцам і асабліва нямецкім эмігрантам — габрэям і антыфашыстам — пасьля Другой сусьветнай цяжка было ганарыцца Кёльнскім саборам, Бэтговэнам і Гётэ, калі ў імя «вялікай Нямеччыны» разьвязалі самую крывавую ў чалавечай гісторыі вайну і арганізавалі Галакост. Цяжка ўспрымаць сябе часткай краіны, яе агульнага наратыву, яе грамадзтва і гістарычнага лёсу, калі пры актыўнай падтрымцы гэтага самага грамадзтва, гэтай самай дзяржавай і ў імя гэтай самай нацыі, да якой ты дэ-юрэ належаў амаль усё жыцьцё, учыняюцца рэальныя міжнародныя злачынствы — вось зараз, у гэтую самую хвіліну, калі Сянцоў трымае 31-ы дзень галадоўкі, а бандыты з ДНР страляюць па ўкраінскіх салдатах на фронце.

Немцаў пасьля вайны амэрыканская адміністрацыя прымушала рабіць перапахаваньні расстраляных габрэяў і слухаць пра нацысцкія злачынствы. А нам (ці я ўжо мушу казаць «ім»?) не пашанцавала. Нас (іх?) ніхто не акупаваў, ніхто не правёў нам (ім?) дэмакратычных выбараў, не напісаў Канстытуцыю, не пазбавіў нас (іх?) атамнай зброі, права veto ў Радзе Бясьпекі ААН і іншых, хай будуць яны тройчы праклятыя, атрыбутаў не заслужанага намі (імі?) вялікадзяржаўнага гонару. Ніхто не прымусіў у абавязковым парадку глядзець фільмы пра Салаўкі і Калыму, ніхто не прывучаў да думкі аб адказнасьці за камуністычныя злачынствы. Думалі — дарослыя людзі. Думалі, самі дадуць рады. Амэрыканцы думалі пра нас (іх). Дарэмна думалі.

Крытычная сытуацыя робіцца тэстам для чалавека і праяўляе ягоную натуру. У крытычнай сытуацыі мяне не хапіла на большае, чым аформіць грамадзянства радзімы маіх курляндзкіх продкаў і хоць так дыстанцыявацца ад таго, чым займаецца тое, што ад нараджэньня было маёю дзяржавай. Я не хадзіў на дэманстрацыі, ня сеў у турму, не паехаў на Данбас. Я хіба напісаў пару тэкстаў, як гэты: на іншай мове і для іншых, таксама родных мне беларускіх людзей. Бо абмяркоўваць усё гэта з суседзямі і знаёмымі, тлумачыць ім базавыя рэчы стала страшна і бессэнсоўна. Як тушыць пажар шклянкай вады. Але агонь жа ня будзе гарэць вечна. А на папялішчы ўсім усё і так стане зразумелым.

Я баязьлівец. А баязьліўцам быць непрыемней і ў чымсьці горш, чым абыякавым траваедным абываталем, які працягвае глядзець футбол і адчувае эфэкт ад крывавай цынічнай вайны, якая вядзецца ад ягонага імя, толькі ў тым, што вырас даляр і стала даражэй адпачываць у Эўропе.

Хаця, магчыма, у Маскве і Ленінградзе і распад СССР мы перажывалі гэтак жа: раптам харчы сталі па картках, потым «дэмакраты развалілі» «вялікую краіну», а потым у крамах зьявілася ежа. А можа, калі б я быў гадоў на дваццаць старэйшым, гэты тэкст я б пісаў на дваццаць гадоў раней, пад уражаньнем ад войнаў у Чачэніі — такіх жа агідных, такіх жа жудасных на фоне дзесяцігодзьдзяў вонкава мірнага сэкулярнага савецкага жыцьця, як і вайна цяперашняя. Хаця наіўны сьвет і наіўны я не зрабілі высноваў нават пасьля Грузіі ў 2008 годзе.

Уся «перабудова» і ўсё постсавецкае творчае выслабаненьне аказаліся міражом. Аўтар тэкстаў гурту «Агата Кристи» стаў галоўным ідэолягам цынічнага аўтарытарнага рэжыму. Барабаншчык Віктара Цоя стаў чыноўнікам на расейскай чыгунцы, а сам Цой дзякуй, што не дажыў да атрыманьня статусу даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі «Адзіная Расея».

«Этот поезд в огне, и нам не на что больше жать» — радок з аптымістычнага перабудовачнага гімну праз трыццаць гадоў ужо гучыць як поўны адчаю і безвыходнасьці. Выміраючая краіна з убогай фэўдальнай эканомікай стала вялікім «Тытанікам», пачала пад ударамі санкцый павольна тануць, павольна перад вачыма ўсяго сьвету ганебна паміраць пад надрыўныя дэбаты між сьляпымі, дурнымі і нягоднікамі па НТВ. «Корабль уродов, где твой штурвал и снасть?» Габрэі пакуюць валізкі ў Ізраіль, немцы — у Нямеччыну, экспаты-топ-мэнэджары зьяжджаюць дадому ў Брытанію і ЗША. Будучыні няма, надзеі няма. Маёй краіны больш няма. Якое дзіўнае пачуцьцё…

Алесь Чайчыц, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930