Ілану Маску дазволілі пабудаваць хуткасны «падземны трамвай» у Чыкага ВІДЭА
Заснаваная вядомым вынаходнікам Іланам Маскам кампанія The Boring Company атрымала неабходныя дазволы для будаўніцтва ў Чыкага высакахуткаснай падземнай транспартнай сістэмы, якая будзе злучаць цэнтр горада з мясцовым аэрапортам, паведамляе Chicago Tribune.
Мэр Чыкага Рахм Эмануэль абраў менавіта кампанію Маска сярод чатырох канкуруючых прапаноў.
Плануецца, што пасажыры змогуць падарожнічаць з цэнтра Чыкага ў аэрапорт усяго за 12 хвілін. Чакаецца, што квіток будзе каштаваць ад 20 да 25 даляраў. Кожны транспартны сродак будзе перавозіць да 16 пасажыраў, а таксама іх багаж. Канчатковы маршрут для хуткасных тунэляў яшчэ не вызначаны.
The Boring Company прагназуе, што рэалізацыя праекта будзе каштаваць менш чым 1 мільярд даляраў. Усе выдаткі бярэ на сябе кампанія Маска, а наўзамен The Boring Company хоча забіраць сабе ўсе даходы ад рэкламы, транзітных збораў, продажу квіткоў і аксесуараў.
Каму будуць належаць пабудаваныя Маскам падземныя тунэлі, яшчэ невядома. Крыніца адзначае, што адміністрацыя Чыкага плануе перадаць іх у доўгатэрміновую арэнду кампаніі Маска.