Знайсці
14.06.2018 / 10:0522РусŁacБел

Аўтар праекту зменшаных зонаў аховы Курапатаў: «Сёння я б не браўся за праект»

Вадзім Гліньнік, аўтар праекту паменшаных зонаў аховы Курапатаў, расказаў Радыё Свабода, што перад тым, як узяцца за работу, ён раіўся зь вядомымі палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі. І ніхто не асудзіў яго

Вадзім Гліньнік — архітэктар-рэстаўратар, які распрацаваў новы праект паменшаных зонаў аховы Курапатаў у 2014 годзе. З 2002 году ён працуе як індывідуальны прадпрымальнік па субпадрадзе зь дзяржаўнымі арганізацыямі. Праект выконваў на замову «Менскграда». Пастанова № 70 Міністэрства культуры аб новых межах зонаў аховы была падпісаная 1 сьнежня 2014 году. Гэта дазволіла забаўляльнаму комплексу, дзе сёньня працуе рэстаран «Поедем поедим», апынуцца на легальнай тэрыторыі.

«Дасталося нам і ад сваіх, і ад чужых»

«Пра Курапаты ня маю ніякага жаданьня гаварыць. Усё, што было, я ўжо публічна выказаў. Я ўжо ня рады, што мы гэтую работу ў свой час узялі, бо дасталося нам і справа, і зьлева, і ад сваіх, і ад чужых. І ў судах мы былі, і паказвалі гэты праект на грамадзкім абмеркаваньні, наслухаліся», — пачаў гутарку Вадзім Гліньнік.

Ён паведаміў, што цяпер разам з Акадэміяй навук рыхтуе публікацыю ўсіх іхных матэрыялаў на гэтую тэму.

Вадзім Гліньнік падкрэсьліў, што яны з калегамі як рэстаўратары ведаюць сваю справу. Аднак у выпадку з Курапатамі гаворка ідзе не аб праблемах рэстаўрацыі і зонаў аховы. Дамешваецца палітычны і эмацыйна-маральны аспэкты. На ягоную думку, трэба разьдзяляць гэтыя моманты.

«Рэстаран нас абсалютна не цікавіў»

— Навошта рабіўся праект памяншэньня ахоўных зонаў?

— Гэта не да мяне пытаньне. Нам было замоўлена ў пэўны пэрыяд вызначыць зоны, і мы іх вызначылі.

— Вы ня ведалі пра рэстаран?

— Нас гэта абсалютна не цікавіла. Нашая задача была мэтадычна выставіць зоны вакол гэтага аб’екта.

— А ці ведалі, для чаго вы гэта робіце?

— Мы ведалі. У мяне ж не рэстаран быў замоўнікам. У нас замаўляў «Менскграда». Мы рабілі сваю работу ў межах дэталёвага пляну вялікай тэрыторыі, вакол усіх бакоў. Мы не рабілі спэцыяльна з гэтага боку або з другога.

— Ці вы ведалі, што зоны могуць зьмяншацца ў інтарэсах нейкага бізнэсу?

— Мне задача так ня ставілася, каб пад нейкага зрабіць нешта спэцыяльна. Безумоўна, не. Я ведаў, што ёсьць канфлікт. Я сачу за гэтымі падзеямі. Бо ў маладосьці, у канцы 1980-х, больш за два гады я быў сакратаром Зянона Станіслававіча (Пазьняка. — РС). Калі гэта ўсё толькі пачыналася, актыўна ўдзельнічаў. Таму мне гэтая тэма вельмі добра знаёмая.

Раіліся з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі

Аказваецца, пра маральны бок аўтар праекту таксама падумаў загадзя. Перад тым, як узяцца за гэтую работу, Гліньнік разам з калегамі кансультаваўся «з паважанымі людзьмі, якія гэтым цяпер займаюцца». Суразмоўца не захацеў называць прозьвішчаў, але паведаміў, што сярод дарадцаў былі прадстаўнікі «кансэрватыўнага крыла БНФ і другога крыла БНФ», а таксама грамадзкай ініцыятывы ў абарону Курапатаў.

«Ніводзін зь іх ня кінуў у нас камень. Ніводзін. І цяпер яны ня робяць нам закідаў», — падкрэсьліў Гліньнік.

«Ролю архітэктараў перабольшваюць»

Вадзім Гліньнік патлумачыў, што папярэднія часовыя межы зонаў аховы паводле закону дзейнічалі да моманту распрацоўкі дэталёвага пляну. «Менскграда» заняўся дэталёвым плянам проста таму, што на гэта прыйшоў час. Тады трэба было нарэшце зрабіць сталыя межы зонаў аховы.

«Яны выклікалі мяне, прапанавалі гэтую працу зрабіць. Мы вырашылі з калегамі, што там трэба навесьці парадак і вызначыць стабільныя зоны. Сталі раіцца. І зрабілі. Іх шматкроць разглядалі на розных радах, нарадах. Мы прайшлі грамадзкае абмеркаваньне», — адзначыў Гліньнік.

Архітэктар мяркуе, што ролю архітэктараў у вырашэньні праблемаў сучаснасьці часта перабольшваюць. Ён перакананы, што пытаньні кшталту «на якой падставе там выдзелілі зямлю і зрабілі рэстаран» трэба задаваць не праектавальнікам, а органам дзяржаўнага кіраваньня — тым, хто прымаў рашэньні. Пытаньні пра зробленае да 2014 году — тым, хто распрацоўваў першапачатковыя зоны і іх зацьвярджаў, Мінкульту.

Ён сьцьвярджае, што памылковыя праекты ня могуць быць рэалізаваныя, бо ўсе яны праходзяць экспэртызы, узгадненьні ў дзяржаўных органах.

«Архітэктар можа быць некампэтэнтным, апанаваным ідэяй фікс, мець думку, адрозную ад думкі іншага архітэктара. Ці мала хто прыдумае нешта пабудаваць у цэнтры Менску! Каб грамадзтва было абароненае ад асабістых неспадзяванак, існуюць дзяржаўныя сыстэмы кантролю: узгадненьні, дазволы, сэртыфікаваньне. Усё гэта кантралюецца. Такога быць ня можа, каб памылковыя праекты былі прапушчаныя Мінкультам, юрыстамі. Тое, што зьяўляецца ў выніку, гэта ня тое, што я напачатку прыдумаў. Дзясяткі людзей гэта выпраўляе», — патлумачыў суразмоўца.

«Папярэднія межы былі недасканалыя»

На пытаньне, чаму папярэднія часовыя межы не пакінулі такімі ж, Вадзім Гліньнік адказаў, што яны былі недасканалыя, ня мелі дакладнай прывязкі да месца, да таго ж не было дакладных чарцяжоў.

— Ці быў нехта канкрэтна, хто прапанаваў зьменшыць ахоўную зону, бо яна занадта вялікая?

— Не. Што значыць занадта вялікая? Мы глядзім, якія зоны трэба вызначыць вакол помніка, гэта звычайная работа. Мы па 30-40 зонаў штогод робім.

— Калі б сёньня вас папрасілі зрабіць тое самае…

— Я б ня браўся.

— Чаму, калі паводле закону, нарматываў ён адпавядае?

— У нас ня надта распрацаваныя нарматывы, вельмі шмат суб’ектыўных крытэраў. Калі б у нас быў дзяржаўны стандарт, то не было б сёньня спрэчак. Раз яго няма, прымаюцца рашэньні, якія дыскутуюцца. Паколькі ў людзей шмат розных думак, то ў прынцыпе ня можа быць ідэальнага праекту ў архітэктуры. Адным падабаецца, іншым не.

«Калегі даверылі мне гэтую работу»

Вадзім Гліньнік аспрэчыў закіды дэпутата Ігара Марзалюка, што праект памяншэньня межаў ахоўнай зоны мусілі замовіць у археоляга або гісторыка, а не архітэктара. Паводле суразмоўцы, тут не было парушэньняў у выбары аўтара.

«Марзалюк выдатна ведае, што я архітэктар-рэстаўратар, бо мы зь ім даўно знаёмыя. Гэта архітэктурны праект. Археолягі да яго ня маюць дачыненьня. Яны перадалі нам свае дадзеныя, якія мы выкарысталі», — адзначыў Гліньнік.

Ён мяркуе, што дзяржаўны інстытут замовіў у яго, «іпэшніка», праект дзякуючы ягонай кваліфікацыі.

Гліньнік мае міжнародны дыплём архітэктурнага рэстаўратара (ICCROM, Рым). Дзесяць гадоў выкладаў тэорыю культурнай спадчыны. Напісаў дысэртацыю па гісторыі рэстаўрацыі. Мае больш за сотню публікацый у розных краінах на тэму культурнай спадчыны. Дзясяткі гадоў ажыцьцяўляў навуковае кіраваньне работамі ў цэнтры Полацку і на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

«Я думаю, што калегі, зь якімі я амаль 40 гадоў супрацоўнічаў, мне проста даверылі гэтую работу», — кажа спэцыяліст.

«Ня тое месца, дзе трэба весяліцца»

Рэстаўратар прызнаўся, што ў маральным пляне лічыць рэстаран у Курапатах недапушчальным.

«Для мяне гэта адназначна ня тое месца, дзе трэба весяліцца», — сказаў Вадзім Гліньнік.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера