Знайсці
13.06.2018 / 18:5024РусŁacБел

Каб дабудаваць трыумфальную арку ў Магілёве, грошы будуць утрымліваць з заробкаў

Пабудаваць трыумфальную арку на ўездзе ў Магілёў у 2017 годзе прапанавалі мясцовыя ўлады: яна павінна была стаць падарункам на 750-годдзе горада.

Амаль адразу было прапанавана, каб падарунак фінансаваўся народам: у банку адкрылі спецыяльны рахунак па зборы сродкаў. Агулам атрымалася сабраць 104,7 тысяч рублёў, ахвяраванняў гараджан (але патрэбна было каля 750 тысяч даляраў).

Арка ў праекце.

Але існуючых грошай не хапіла, будаўніцтва замарозілі і падарунак у выглядзе гатовай аркі горад на свой юбілей не атрымаў.

Сёння ж для завяршэння працы абраны новы арыенцір: пяты форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што пройдзе ў Магілёве ў верасні. Наведаць яго нібыта збіраюцца кіраўнікі абедзвюх краін.

Каб паспець у новы тэрмін, у Магілёве аб’явілі новы збор сродкаў. Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзяніс Васількоў.

Фота са старонкі Дзяніса Васількова ў фэйсбуку.

«Апошнія месяцы арка стала трыумфам беднасці, правалаў і пасмешышча. І гэта вельмі сумна, сябры. Асабліва ў святле апошніх навін, калі просяць дапамагчы ў будаўніцтве не самых багатых людзей горада, а звычайных працаўнікоў. І не просяць, а збіраюцца ўтрымаць грошы з заробкаў. Чаго чакаць ад гараджан у такім выпадку? Ды плявацца ўсе будуць на гэтую арку. Гідка! Удвая брыдка тое, што мы ўсе разаб’ёмся ў блін для прыезджых гасцей, якія нават пра гэта не прасілі. Яны нават не згадаюць гэты горад. Гэтая правінцыйнасць і жаданне зрабіць глянец па загадзе — ад яе ванітуе. Памятаць жа пра Магілёў будуць у кантэксце: «А, гэта той правінцыйны горад, дзе не маглі дабудаваць трыумфальную арку», — абураецца Дзяніс.

Сённяшні выгляд аркі. Фота са старонкі Дзяніса Васількова ў фэйсбуку.

Мясцовыя жыхары таксама не ў захапленні ад таго, што адбываецца. Яшчэ да пачатку будаўніцтва грамадскія актывісты крытыкавалі праект і прапаноўвалі выдаткаваць грошы на іншыя, больш карысныя для горада рэчы: напрыклад, на ачыстку Святога возера. Сёння ж людзі ўвогуле абураныя сітуацыяй.

«Будаўніцтва аркі спынілася. Як я разумею, не хапае грошай на дарагое аздабленне. Для мяне тыя, хто будуе аркі сёння, ментальна засталіся жыць у ХІХ стагоддзі. Да 750-годдзя адкрыць арку яшчэ было больш-менш лагічна: усе былі на эмацыйным уздыме, усё ж такое свята толькі раз на 750 год здараецца. Калі б у мяне папрасілі грошы на яе далейшае будаўніцтва, я б не даў, бо арка не адпавядае ні маім эстэтычным каштоўнасцям, ні маёй палітыкі размежавання сродкаў. Мінулы мэр увайшоў у гісторыю горада тым, што адбудаваў магілёўскую ратушу. Сённяшняе кіраўніцтва запомніцца безгустоўнымі львамі, якіх пхаюць паўсюль, і вось гэтай аркай. На жаль, не пашанцавала Магілёву з людзьмі ва ўладзе, які б мелі мастацкі густ, у іх сваё разуменне прыгажосці: ім хочацца трыумфу. У той жа момант гэтыя людзі дазваляюць разбураць старыя дамы: на днях у горадзе знеслі будынак 20 стагоддзя на Ленінскай, 59», — распавёў «НН» мясцовы жыхар Дзмітрый Дзмітрыеў.

На погляд гісторыкаў, у сённяшняй арцы для Магілёва няма ніякага сэнсу, адно «марнаванне грошай». 

«У Магілёва ўжо была свая магчымасць мець сваю трыумфальную арку на манер парыжскай. Але гэтай магчымасці мы пазбавіліся, калі тую браму зруйнавалі напрыканцы 1920-х гадоў, каб яна не перашкаджала руху», — лічыць гісторык Алег Лісоўскі.

На фота: Чарнігаўская вуліца (зараз праспект Пушкіна) з Чарнігаўскай брамай на ёй (стаяла на скрыжаванні сучасных вуліц Пушкіна і Астроўскага). 1918 год. Гэты і іншыя фотаздымкі можна будзе пабачыць на чарговай выставе спадара Лісоўскага, прысвечанай гісторыі Беларусі.

«Будуючы недарэчную танную копію на ўскрайку горада, мы не здабываем магчымасць мець гарадскую адметнасць. Падобныя новабудоўлі на фоне страчанай аўтэнтычнай архітэктуры выглядаюць як здзек. Гэта як скрасці ў чалавека дарагую машыну, а замест яе пакінуць ровар, каб неяк кампенсаваць гаспадару страту. Чыноўнікі хацелі напусціць залатога пылу ў вочы, але золата ім не хапіла», — каментуе спадар Лісоўскі.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930