Знайсці
15.06.2018 / 20:59104РусŁacБел

Прагучала прапанова скараціць дэкрэтны адпачынак. Што пра гэта думаюць мамы?

У Савеце Рэспублікі 6 чэрвеня разглядалася пытанне аб пенсійным забеспячэнні. Абмяркоўвалася, што сярэдняя пенсія павінна складаць не менш за 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Гэта залежыць ад збалансаванасці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і магчымасцей рэспубліканскага бюджэту. Падчас паседжання адбылася актыўная дыскусія, падчас якой гучалі самыя розныя прапановы: аб павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын, пераглядзе аплаты працы ў бюджэтнай сферы, уразанні бальнічных і магчымым скарачэнні тэрміну дэкрэтнага адпачынку.

І хаця гэтая прапанова пакуль толькі абмяркоўваецца, жанчыны, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, занепакоеныя.

Ганна Сарока, мама траіх дзяцей, расказала «Нашай Ніне», што толькі з першай дачкой была ў дэкрэтным адпачынку да года і дзевяці месяцаў.

«Маладая таму што была, дурная. А я тады яшчэ карміла грудзямі Злату. Я ўсіх сваіх дзяцей кармлю больш за два гады. І гэта было жудасна. Разрывацца паміж дзіцем і працай».

Ганна са старэйшай дачкой Златай. 

Цяпер жа, кажа Ганна, з дэкрэтнага будзе выходзіць дзень у дзень, калі малодшаму сыну споўніцца тры гады.

«У садок бяруць дзяцей з двух з паловай гадоў. Гэтага часу якраз дастаткова, каб дзіця адаптавалася ў калектыве, пакуль мама яшчэ знаходзіцца дома. Іначай як, выходзіць на работу і аддаваць дзіця ў садок у адзін дзень?»

Аднак гэта ў ідэале, а рэальнасць такая, што невядома, колькі год споўніцца дзіцяці, пакуль надыдзе яго чарга ісці ў садок.

«Ясельных груп у садках вельмі мала. У садок, куды я аддавала сваю сярэднюю дачку, у групу набіраюць 16 дзяцей. Мы з Соняй у чарзе 98-ыя. А значыць, нам яшчэ паўтара года стаяць у чарзе, Соні тады будзе амаль чатыры. Таму пакуль дзяржава не паклапоціцца пра дзіцячыя садкі, абмяркоўваць скарачэнне дэкрэтнага адпачынку — гэта ўтопія».

Пры гэтым Ганна лічыць, што ніводная нармальная мама не захоча аддаваць дзіця ў садок у паўтары года.

«Нам жа ўсім хочацца цалаваць сваё дзіцятка ў сраку да апошняга. Мая сяброўка, таксама мама траіх дзетак, выйшла на працу, калі дзіцяці споўніўся год. Таму што заробак у яе 800 рублёў, а дапамога на дзяцей 450 рублёў. Але праз два тыдні зразумела, што гэта дурасць. Дзіця разрываецца паміж дзвюма бабулямі. Немагчыма наладзіць ні рэжым харчавання, ні рэжым сну».

У дэкрэтным «вечачка пад’язджае»

А вось Дар’я Пашкуць, таксама мама траіх дзяцей, лічыць, што дэкрэтны адпачынак можна і скараціць пры ўмове, што ёсць грошы на няньку або спагадлівыя бабулі.

Федзя і Ліда Пашкуць спачатку раслі ў аднапакаёвай здымнай кватэры.

«У маіх дзяцей розніца 2,5 года. Таму з дэкрэтнага я не выходзіла ўжо больш за пяць гадоў. Па-рознаму было. Асабліва калі жылі з двума дзецьмі ў здымнай «аднушцы». Лідачка спала ў пакоі, мы з Федзем у гэты час сядзелі на кухні, потым наадварот. А наш тата працаваў і дзень, і ноч. Бывала, што «вечачка пад’язджала». Плакала, не без гэтага. Таму лічу, што калі з садком парадак або дзяцей каму можна аддаць, то тры гады ў дэкрэтным — многа».

А як у іншых краінах? 

У Літве дэкрэтны адпачынак можа доўжыцца два гады. Дапамога на дзіця пры гэтым прывязаная да заробку мамы, а не да бюджэту пражытачнага мінімуму, як у Беларусі. І выплачваецца ў 100%-м памеры толькі ў тым выпадку, калі дэкрэтны адпачынак мамы доўжыцца год. Калі мама вырашае пабыць з дзіцем і наступны год, то дапамога выплачваецца ў памеры 40% ад заробку.

У Германіі, як у Літве, дапамога ў памеры 67% ад заробку выплачваецца першы год дэкрэта, на другі год — сума ўдвая меншая. 

У Польшчы дэкрэт доўжыцца тры гады, як і ў нас. Але дапамога выплачваецца толькі першыя пяць месяцаў. Далей — як-небудзь самі. 

У Расіі дэкрэтны адпачынак доўжыцца год і пяць месяцаў. Дапамога — 40% ад заробку. Калі мама да дэкрэтнага не працавала, то дапамога складае каля 100 долараў на месяц. 

Ва Украіне дэкрэтны адпачынак падобны да беларускага. Доўжыцца тры гады і дапамога прывязаная да бюджэту пражытачнага мінімуму.

У Англіі дэкрэт звычайна доўжыцца 7—8 месяцаў. Мамы спяшаюцца выходзіць на працу, таму што дапамога выплачваецца ў поўнай меры толькі цягам трох месяцаў, далей — мінімум, які ў гэтай краіне складае каля 800 фунтаў. 

А вось у ЗША дэкрэтнага па сутнасці і няма. Усё залежыць ад таго, як мама дамовіцца са сваім працадаўцам. 

Што кажа статыстыка?

Паводле інфармацыі галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска, у 2017 годзе ў сталіцы працавалі 458 садкоў, якія наведвалі 96 тысяч дашкольнікаў. 

На 1000 дзетак ад 2 да 5 год у дзіцячых садках прыпадала 896 месцаў. 

А што вы думаеце?

Наталля Тур, фота з архіваў гераінь. Застаўка: avatars.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера